RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 24 Сакавіка 2000

Сёньня



Адвакаты Андрэя Клімава абскардзілі прысуд, які тыдзень таму быў вынесены дэпутату судом Ленінскага раёну Менску.

Сёньня спаўняецца тыдзень, як дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў калегіяй Ленінскага раённага суду на чале з судзьдзёй Вераю Тупік быў асуджаны да шасьці гадоў турмы. Паводле заканадаўства, у выпадку нязгоды з прысудам яго магчыма абскардзіць не пазьней за сем дзён.

Адвакатка Клімава Вольга Біруля паведаміла нашаму радыё, што Клімаў абвесьціў ёй пра сваё цьвёрдае рашэньне абскардзіць прысуд і, згодна зь ягоным даручэньнем, працэдура распачатая.

(Біруля: ) “Касацыйная скарга папярэдне пададзеная. Мы не задаволеныя прысудам”,

– заявіла нашаму радыё адвакатка Вольга Біруля.

Яе скарга мае папярэдні характар, паколькі да гэтага часу Клімаву і адвакатам не прад’яўленая копія прысуду. Калі падсудны і ягоная адвакатка, нарэшце, пазнаёмяцца з дакладным тэкстам прысуду, будзе складзеная канчатковая касацыйная скарга. Прычым, закон не забараняе падачу касацыйных скаргаў ад імя кожнага з абаронцаў абвінавачванага.

Абаронца Клімава Гары Паганяйла таксама зьбіраецца выкарыстаць гэтую магчымасьць. Ён рыхтуе скаргу на той падставе, што не лічыць даказаным у судзе прысваеньне Андрэем Клімавым дзяржаўнае маёмасьці. “Калі й магчыма казаць пра нейкія парушэньні, то гэта нязначныя парушэньні ў дакумэнтаваньні зробленае працы, але аніяк не крадзеж дзяржаўных сродкаў. Рашэньне судзьдзяў я лічу неправасудным і буду дамагацца не проста перагляду, але адмены гэтага рашэньня”, – заяўляе Гары Паганяйла.

Тэрмін магчымага разгляду сваіх касацыйных скаргаў адвакаты назваць не бяруцца. Адзінае, пра што яны кажуць з упэўненасьцю – што разгляд павінен адбыцца на паседжаньні крымінальнае калегіі Менскага гарадзкога суду.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org