RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 24 Сакавіка 2000

Сёньня



(эфір 23 сакавіка)
Сёньня кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Ганс Георг Вік зьвярнуўся да старшыні менскага гарвыканкаму Міхаіла Паўлава. Пасол Вік падкрэсьлівае, што адказнасьць за любыя беспарадкі ў Менску 25 сакавіка будуць несьці гарадзкія ўлады.

Галоўны зьмест заявы кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі наступны. (Цытую) “Адказнасьць за любыя беспарадкі 25 сакавіка будуць несьці гарадзкія ўлады Менску. Сутычкі будуць мець падрыўны ўплыў на грамадзка-палітычны дыялёг”.

У заяве пасла Віка таксама падкрэсьліваецца, што цяпер у Беларусі надышоў крытычны момант падрыхтоўкі грамадзка-палітычнага дыялёгу і абмеркаваньня варункаў для будучых парлямэнцкіх выбараў. У такіх умовах надзвычай важна паважаць правы грамадзянаў на свабоду слова і правядзеньня сходаў.

У сувязі з гэтым кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы заклікае старшыню Менгарвыканкаму перагледзець прынятае рашэньне аб забароне дэманстрацыяў у горадзе і пераносе яе на ўскраіну Менску. Пасол Вік нагадвае, што часовая зьмена графіка руху грамадзкага транспарту – гэта нармальная зьява ў дэмакратычных дзяржавах. І таму абгрунтаваньне забароны шэсьця ў Дзень Волі 25 сакавіка на падставе таго, што 15 скакавіка былі некаторыя зьмены ў графіках руху тралейбусаў і аўтобусаў, не выглядае праўдападобным.

У сваім звароце да старшыні гарвыканкаму пасол Вік падкрэсьлівае, што забарона ўдзельнікам шэсьця 25 сакавіка зьбірацца на традыцыйных месцах выклікала напругу сярод насельніцтва. Кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ падкрэсьлівае, што гэта можа выліцца (цытата) “у вельмі крытычныя адносіны да міліцыі”.

Пасол Вік таксама нагадвае, што дэманстрацыя 15 сакавіка прайшла спакойна і мірна ў варунках добрага супрацоўніцтва паміж арганізатарамі мерапрыемства і гарадзкімі ўладамі. У сувязі з гэтым тым больш незразумелай выглядае забарона шэсьця ў Дзень Волі 25 сакавіка.

Уладзімер Глод, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org