RFE/RL |
Пятніца, 24 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
25 сакавіка Аляксандар Лукашэнка накіроўваецца на Блізкі Ўсход. Да апошняга моманту было невядома, з кім з азіяцкіх лідэраў ён там сустрэнецца, і якой дзяржаўнай неабходнасьцю выкліканы гэты візыт. Пасьля нядаўняе заявы Аляксандра Лукашэнкі пра намер наведаць Блізкі Ўсход Міністэрства замежных справаў на працягу тыдня не магло даць аніякай інфармацыі адносна праграмы візыту. Складвалася такое ўражаньне, што толькі пасьля неасьцярожных словаў Лукашэнкі МЗС пачаў тэрмінова распрацоўваць праграму. На мінулым тыдні меркавалася, што Лукашэнка наведае Аб’яднаныя Арабскія Эміраты й Бахрэйн. Аднак наконт візыту ў Манаму былі сумневы, паколькі кіраўнік Бахрэйну захварэў. Потым гэтая паездка была адмененая. На гэтым тыдні высьветлілася, што захварэў і прэзыдэнт Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Паводле дадзеных на чацьвер, у Лукашэнкі была заплянаваная толькі адная сустрэча – у гандлёва-прамысловай палаце. Наконт астатніх сустрэчаў у вонкапалітычным ведамстве не маглі сказаць анічога, паколькі гэтыя сустрэчы былі пад пагрозаю зрыву. У другой палове дня ў пятніцу ў МЗС паведамілі, што ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах Лукашэнка сустрэнецца з вышэйшым кіраўніцтвам краіны, але з кім канкрэтна – невядома. У вапошні момант да сустрэчы ў гандлёва-прамысловай палаце дадалося наведваньне фонду разьвіцьця Абу-Дабі й вольнае эканамічнае зоны Джэбель-Алі. Відавочна, што нават пасьля такой інтэнсыўнай працы МЗС візыт атрымаўся ня вельмі напружаны. Да таго ж незразумела, навошта рабіць сакрэты з таго, з кім “з вышэйшага кіраўніцтва” Эміратаў сустрэнецца Лукашэнка. Ня выключана, што ў МЗС гэта таксама невядома. Магчыма, што на самой справе візыт першапачаткова быў заплянаваны як адпачынак. Ваяж Лукашэнкі будзе каштаваць ня танна. Адмыслоўцы лічаць, што за пералёт зь Менску да Абу-Дабі з затрымкаю самалёта на тры дні давядзецца заплаціць каля 41 тысячы даляраў. Праўда, для афіцыйнае дэлегацыі могуць быць зробленыя скідкі, але адносна агульнае сумы невялікія. Цяжка сказаць, у якім гатэлі захоча спыніцца Лукашэнка. Ня выключана, што гэта будзе “Гілтан”. Там кошт за прадстаўнічы нумар на тры дні складае больш за 14 тысячаў даляраў. Зразумела, што Лукашэнка паляціць не адзін, і тым, хто будзе яго суправаджаць, таксама трэба будзе недзе жыць. Паводле прыблізных падлікаў, гэты ваяж абыдзецца беларускім падаткаплацельшчыкам ня менш чым у 100 тысячаў даляраў. Ці зацікаўленыя яны, каб Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі фонду разьвіцця Абу-Дабі – вялікае пытаньне… Ганна Навумовіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |