RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 23 Сакавіка 2000

Сёньня



За тры дні да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі мала хто з аглядальнікаў сумняецца, што Пуцін без асаблівых намаганьняў пераможа ўжо ў першым туры. Што далей? Амэрыканскі часопіс “Time” піша, што свайго роду ўзорам для стварэньня моцнай дзяржавы “а ля Пуцін” можа служыць экспэрымент, які праводзіцца цягам апошніх шасьці гадоў у Беларусі пад кіраўніцтвам Лукашэнкі.

У расейскім маштабе гэткі “адукаваны сталінізм“ будзе яшчэ больш жахлівы.

Тым часам, выглядае, што кандыдаты ў прэзыдэнты Расеі з дэмакратычнага лягеру вырашаюць свае ўласныя, пераважна дробныя задачы.

Як зазаначаюць інфармацыйныя агенцтвы, выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімер Пуцін сустрэўся сёньня ў Маскве з бізнэсоўцамі ды з мэрам Юрыем Лужковым – сваім галоўным апанэнтам у нядаўнім мінулым. Перад гэтым Пуцін заявіў на паседжаньні ўраду аб гатовасьці да больш шчыльнага супрацоўніцтва з Башкартастанам і Татарстанам. Сёньня ж Уладзімер Пуцін абяцаў стварыць лепшыя ўмовы для замежных інвэстараў:

(Пуцін: ) “Дзеля таго, каб стварыць добрыя інвэстацыйныя ўмовы, каб Расея выйгравала ў спаборніцтве за прыцягненьне інвэстыцыяў, патрэбная выразна акрэсьленая, агульнаканстытуцыйная прастора”.

Напярэдадні прэсавы сакратар дзяржаўнага дэпартэмэнту ЗША Джэймс Рубін даволі асьцярожна выказаўся адносна будучай палітыкі Пуціна і ўзаемаадносінаў ЗША з Расеяй:

(Рубін: ) “Немагчыма прадказаць, што будзе рабіць Пуцін у выпадку перамогі на выбарах, на якія крокі ён пойдзе. Аднак, мы будзем ацэньваць нашыя ўзаемадачыненьні паводле гэтых крокаў, а ня толькі словаў. Некаторыя крокі могуць быць прадметам занепакоенасьці й крытыкі, а некаторыя – заахвочваць да супрацоўніцтва”.

Між тым, 21 сакавіка, за некалькі хвілінаў да паўночы, адзін з дэмакратычных кандыдатаў Яўгеній Савасьцянаў зьняў сваю кандыдатуру на карысьць Грыгорыя Яўлінскага.

Наступным днём, у сераду, лідэр партыі “Яблык” Грыгоры Яўлінскі заклікаў расейкіх дэмакратаў сфармаваць шырокую кааліцыю. Аднак, яшчэ адзін кандыдат – прадстаўнік правых сілаў, губэрнатар Канстанцін Цітоў катэгарычна адмовіўся зьняць сваю кандыдатуру на карысьць адзінага кандыдата ад лібэралаў.

На думку маскоўскага карэспандэнта брытанскай “Finantial Times”, заклік Яўлінскага наўрад ці сур’ёзна паўплывае на вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле апублікаваных учора вынікаў сацыялягічнага апытаньня, Пуцін можа набраць 50 адсоткаў галасоў ужо ў першым туры. Яўлінскі ідзе трэцім, усьлед за Зюганавым, з 5-ю адсоткамі галасоў.

Дзесяць гадоў расейкія лібэралы не маглі дамовіцца паміж сабой, распыляючы свае сілы і вымушаючы выбаршчыкаў выбіраць паміж крамлёўскімі і пракамуністычнымі кандыдатамі – піша “Finantial Times”, – Яўлінскі абвінаваціў Пуціна ў тым, што ён тайны камуніст, які дзейнічае савецкімі мэтадамі. Паводле ягоных словаў, праграма Пуціна амаль не адрозьніваецца ад праграмаў лідэра КПРФ Генадзія Зюганава і ўльтранацыяналістычнага кандыдата Ўладзіміра Жырыноўскага. Маскоўскае выданьне “Независимая газета” паведамляе сёньня сваім чытачам, што Пуцін дагэтуль выдаткаваў толькі палову сродкаў на выбарчую кампанію. Гэта тлумачыцца тым, што “з агітацыяй на тэлебачаньні ў яго праблемаў няма – ягоныя паездкі бясплатна асьвятляюць амаль усе СМІ…Пуцін ужо рэальна працуе на той пасадзе, аб якой толькі мараць астатнія прэтэндэнты”. Астатнія ж прэтэндэнты, – піша НГ, – змагаюцца не за прэзыдэнцкае крэсла, а выключна за дадтковыя адсоткі галасоў на выбарах.

Віталь Тарас


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org