RFE/RL |
Чацьвер, 23 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
У прадпрымальніцкім асяродзьдзі Менску ўзьнікла яшчэ адная “гарачая кропка”. Стыхійны пратэст гандляроў адбыўся сёньня на сталічным аўтамабільным кірмашы ў Малінаўцы. А 10-й гадзіне ўраніцу прадпрымальнікі аўтарынку спынілі працу й сабраліся ля будынку адміністрацыі. (Гукавая застаўка. Чуюцца воклічы: “Нашы патрабаваньні…”, “Пропускі…”, “За пропуск плаці”,“Дазволіць заезды”, “Спыніць вымагальніцтва”, “Зьнізіць арэнду” й г.д.) Прадпрымальніцкі натоўп неўзабаве вырас да некалькіх соцень чалавек. Стыхійны сход гандляроў запатрабаваў сустрэчы з кіраўніцтвам кірмашу. Прадстаўнікі адміністрацыі спачатку спадзяваліся, што натоўп разыйдзецца. Аднак гэтага не адбылося. Прадпрымальніца Алена Палідавец, якая зьяўляецца лідэрам мясцовае суполкі прафэсійнага саюзу “Садружнасьць”, папярэдзіла калегаў, што адступаць нельга. Ужо болей за тыдзень адміністрацыя гэтага кірмашу ігнаруе намаганьні гандляроў правесьці перамовы наконт умоваў працы. Горш за тое, у аднабаковым парадку былі парушаныя папярэднія дамоўленасьці. Кіраўніцтва кірмашу выставіла прадпрымальнікам непасільныя, на іхную думку, умовы арэнды – штомесяцовую плату 48 даляраў за 1 квадратны мэтар гандлёвае плошчы. Апроч таго, ёсьць намер ускласьці на плечы гандляроў аўтазапчасткамі падатак на даданую вартасьць. Гэты крок павялічыць арэндавую стаўку, паводле падлікаў прадпрымальнікаў, яшчэ на 20 адсоткаў. Адначасова гандляроў аўтарынку прадстаўнікі розных дзяржаўных установаў, як прагучала на стыхійным сходзе, без упынку абкладаюць паборамі. Прадпрымальнік Аляксандар у роспачы: “На мытню зьвяртаешся – яна карумпаваная, міліцыя – карумпаваная, той жа АБЭЗ (аддзел барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю) карумпаваны. Карупцыя дайшла да такіх межаў, што нават цяжка ўявіць. Але ж мы ня можам усіх пракарміць. Мы мытню кормім. Гэтых кормім. Паглядзіце, як яны выглядаюць. Мы кожны дзень адшпільваем паўлегальна. І нас на гэтым можна злавіць! І любога пасадзіць”, – патлумачыў прадпрымальнік Аляксандар. Празь некаторы час адміністрацыя пагадзілася на перамовы. Кіраўніцтва аўтарынку на чале з Аляксандрам Васілеўскім сустрэлася з дэлегацыяй гандляроў. Спадар Васілеўскі спаслаўся на эканамічныя цяжкасьці свайго прадпрыемства. Паводле ягоных словаў, менскі аўтарынак дагэтуль карміўся за кошт грамадзянаў Расеі. Яны куплялі тут вялізныя аб’ёмы запчастак. Але зараз, – сказаў ён, – Расея зьмяніла сваё мытнае заканадаўства і аўтамабільны бізнэс на менскім аўтарынку прыйшоў у заняпад. Гэта вымушае адміністрацыю кампэнсаваць страты коштам падвышэньня арэндавае платы. Дэлегацыя прадпрымальнікаў з такой палітыкаю не пагадзілася. На іхную думку, у заняпад зараз прыйшоў і іхны дробны бізнэс. Яны мусяць зачыняць гандлёвыя кропкі й скарачаць наёмных працаўнікоў. Ужо многія прадпрымальнікі некалькі месяцаў ня маюць ад свайго бізнэсу даходаў. Гандляры запатрабавалі ад адміністрацыі зьнізіць арэндавую плату ў 2 разы. У сваю чаргу, з гэтым не пагадзілася адміністрацыя. У выніку бакі не знайшлі сёньня кампраміснага рашэньня. Стыхійны сход гандляроў на аўтамабільным кірмашы скончыўся толькі пасьля абяцаньня спадара Васілеўскага прадоўжыць дыялёг з прадпрымальнікамі заўтра. Міхал Стэльмак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |