RFE/RL |
Чацьвер, 23 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Сёньня ў Рэчыцы быў вынесены прысуд сябру тутэйшай арганізацыі “Сьведкі Еговы” Валянціну Гулаю. За адмову служыць у войску Рэчыцкі гарадзкі суд засудзіў яго на паўтары гады папраўчых працаў. Перад уваходам у залю судовых паседжаньняў у Рэчыцы, дзе праходзілі слуханьні справы Валянціна Гулая, людзей, што прыйшлі падтрымаць падсуднага, сустрэў міліцыянт. Ён паведаміў, што ў судовую залю будуць дапушчаныя толькі 20 з 60 сябраў мясцовай рэлігійнай суполкі “Сьведкі Еговы” і сябраў рэчыцкіх гарадзкіх і раённых суполак грамадзкіх арганізацыяў і партыяў. Бацька Валянціна Гулая Васіль Максімавіч запытаўся, хто даў такі загад, бо ў залі значна больш месцаў. Адказ быў – так распарадзілася судзьдзя. Судзьдзя Сьвятлана Шурпо спасылалася на тое, што якраз міліцыянты лепш ведаюць ёмістасьць залі. У рэшце рэшт дазвол увайсьці атрымала 40 чалавек. Кожнага зь іх абшукалі
і праверылі пашпарты. Што паўзьдзейнічала на гэтае рашэньне, цяжка сказаць.
Магчыма, прысутнасьць прадстаўніка АБСЭ Крыстафэра Паніко, юрыста Беларускага
Гэльсынскага Камітэту Алега Гулага, які выступаў у якасьці грамадзкага
абаронцы Валянціна Гулая.
Ён сказаў, што Гулая судзяць менавіта за перакананьні, за іншадумства, што гэты судовы працэс нанясе беларускай дзяржаве ў вачах міжнароднай супольнасьці вялікую шкоду. А наконт лёгкага шляху, якім дакараюць Валянціна Гулая абвінаваўцы, дык не назавеш лёгкім адстойваньне сваіх перакананьняў і пэрпэктыву быць засуджаным да турэмнага зьняволеньня на 5 год, а таксама згоду працаваць на цяжкіх працах і без аплаты. Але довады абаронцаў мала паўзьдзейнічалі на пракурора Кударэнку, які абвінаваціў Валянціна Гулая ў ляноце, прывёўшы ў якасьці доказу ягонае звальненьне з калгасу “40 год кастрычніка” Рэчыцкага раёну. Пракурор толькі не ўзгадаў, што калгас да гэтага часу мае перад Гулаем запазыычанасьць у паўтара месячныя заробкі. На гэта спадар Кударэнка адказаў, што ў Беларусі шмат прадпрыемстваў і калгасаў, дзе работнікі не атрымліваюць своечасова заробак, але вось, маўляў, не звальняюцца. Паказальна ў гэтай справе і тое, што пад час сьледзтва тыя, хто яго вёў, адмовіліся выслухаць некаторых сьведкаў, напрыклад, старшыню рэчыцкай суполкі “Сьведкаў Еговы” Сьцяпана Лугоўскага, але Валянцін сам назваў Лугоўскага ў ліку сваіх сьведкаў, і суду давялося выслухаць усіх. Зараз Валянцін Гулай рыхтуе апэляцыю на прысуд Рэчыцкага гарадзкога суда. Марыя Шыманоўская, Рэчыца
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |