RFE/RL |
Серада, 22 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Сёньня ў Ню-Ёрку быў афіцыйна прадстаўлены штогадовы даклад праваабарончай арганізацыі “Камітэт абароны журналістаў”. У дакладзе зьмешчаныя факты наступу ў сьвеце на прэсу ў 1999-м годзе. У прыватнасьці, у дакладзе адзначаецца, што летась за сваю прафэсійную дзейнасьць паплаціліся жыцьцём 34 журналісты (у 1998 годзе ў сьвеце загінулі 24 журналісты). 10 журналістаў загінулі летась у афрыканскай рэспубліцы Сьера-Леоне, 6 чалавек – у Югаславіі ў часе канфлікту на Балканах, пры гэтым адзін зь іх быў забіты за крытыку прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча; 4 чалавекі сталі ахвярамі вайны ў Калюмбіі. Напрыканцы сьнежня 1999 году ў турмах заставаліся 18 журналістаў у Югаславіі і, прынамсі, столькі ж – у Турэччыне. Паводле “Камітэту абароны журналістаў”, працягваліся рэпрэсіі супраць журналістаў у камуністычным Кітаі і ў былых савецкіх рэспубліках – найперш, Азэрбайджане, Казахстане ды Узьбэкістане. Што тычыцца сытуацыі ў Беларусі, “Камітэт абароны журналістаў” адзначае,што Аляксандар Лукашэнка па-ранейшым выкарыстоўваў летась жорсткія мэтады супраць сваіх апанэнтаў у друку. У штогадовым дакладзе ўзгадваецца лёс уладальніка менскай выдавецкай фірмы “Красіко” Анталя Красоўскага, які зьнік летась у верасьні разам з Віктарам Ганчаром. У дакладзе згадаюцца выданьні, якія былі аштрафаваныя або атрымалі папярэджаньні Дзяржаўнага камітэта друку альбо сталіся ахвярамі фінансавых санкцыяў. Гэта газэты “Гомельская думка”, “Белорусская деловая газета”, “Имя”, “Народная воля”, “Навіны”, “Пагоня”, “Свободные новости”. Называюцца таксама імёны журналістаў – Алега Грузьдзіловіча, Ірыны Макавецкай, Віктара Марціновіча, Ірыны Халіп, на якіх аказвалі ціск дзяржаўныя ворганы ўлады, у тым ліку, КГБ. Віталь Тарас
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |