RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 22 Сакавіка 2000

Сёньня



Расея цьвердзіць, што цывільнае насельніцтва Ічкерыі можа ўзяць удзел у выбарах прэзыдэнта Расейскае Фэдэрацыі дакладна так, як гэта зробяць астатнія жыхары краіны. У той самы час, місія АБСЭ заяўляе, што Ічкерыя не гатовая да выбараў, якія пройдуць у гэтую нядзелю, 26 сакавіка.

Масква мае адназначны намер правесьці выбары ў Ічкерыі, каб давесьці, што жыцьцё ў, як яна кажа, “вызваленай” рэспубліцы – нармалёвае.

Кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Аляксандар Вешняков цьвердзіць, што чачэнцы глядзяць на галасаваньне, як на дэманстрацыю таго, што яны адчуваюць сябе паўнапраўнымі грамадзянамі Расеі. Вешнякоў кажа, што ўсё гатова да выбараў на больш як 300 выбарчых участках у Ічкерыі.

Але Арганізацыя Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе заяўляе, што у рэспубліцы няма стандартных умоваў для выбараў. Місія АБСЭ, якая ў гэтым тыдні наведала Ічкерыю, заявіла, што выбарчай кампаніі ў рэспубліцы амаль ня было, а доступ выбаршчыкаў да сродкаў масавай інфармацыі быў скрайне абмежаваным. У такой сытуацыі АБСЭ ня выключае магчымасьці запалохваньня электарату. Тым часам, амаль палова насельніцтва Ічкерыі ня мае аніякага больш-менш сталага месца побыту.

Чачэнскі міністар замежных справаў Ільяс Ахмадаў сказаў Радыё Свабода, што яго абурае ідэя выбараў у Ічкерыі ў такой сытуацыі. Гаворыць Ільяс Ахмадаў:

(Ахмадаў: ) “Мне нават дзіка спрабаваць пра нешта меркаваць з гэтай нагоды. Гэта недапушчальна, гэта ўсё, што заўгодна, толькі ня выбары. Калі перад вамі пакідаюць вельмі маленькі выбар: або-або, або “фільтар” або выбары – вы цалкам знаходзіцеся ў іхнай уладзе. Я не зьбіраюся вінаваціць людзей, якія прыйдуць на гэтыя выбары. Яны знаходзяцца пад уладай расейскай вайсковай машыны”.

Прадстаўнік створанай у Гудэрмэсе выбарчай камісіі для Ічкерыі, Джамал Мэзгідаў, заявіў Радыё Свабода, што перадвыбарчую кампанію ў рэспубліцы правёў толькі Пуцін.

У той час, як расейскія тэлеканалы ОРТ і РТР выпускаюць камэрцыйныя перадачы пра ўсіх кадыдатаў на пасаду расейскага прэзыдэнта, яны зьяўляюцца падкантрольнымі дзяржаве і, відавоча, сьхільныя ў бок кадыдата Пуціна.

Да выбараў застаецца некалькі дзён, але колькасьць выбаршчыкаў у Ічкерыі ўсё яшчэ незразумелая. Паводле АБСЭ, прыймальная лічба можа быць блізкай да 460 тысячаў чалавек, улучна з вайскоўцамі. Але афіцыйныя асобы з выбарчай камісіі не маглі адказаць на пытаньне, якую частку электарату ў Ічкерыі гэтыя вайскоўцы будуць складаць.

Усё насельніцтва рэспублікі перад пачаткам вайны ацэньвалася прыблізна ў 450 тысячаў чалавек. Больш як 200 тысячаў зь іх цяпер знаходзяцца ў Інгушэтыі, куды яны зьбеглі ад расейскіх атакаў на іхныя населеныя пункты. Шмат хто зь іх у часе бамбаваньняў згубіў дакумэнты і незразумела, якім чынам афіцыйныя асобы з выбаркамаў мерацца вырашаць гэтую праблему.

Да таго ж Цэнтарвыбаркам дае супярэчлівую інфармацыю пра тое, дзе і як будуць галасаваць чачэнскія ўцекачы. Ён, праўда, паведамляе, што адпаведныя выбарчыя ўчасткі будуць адчыненыя ў Інгушэтыі, але інгуская выбарчая камісія заяўляе, што чачэнцы, якія хочуць галасаваць, мусяць гэта зрабіць на рэгулярных выбарчых участках.

Апрача гэтага, падлік галасоў у Ічкерыі таксама не ўяўляецца простым. Паводле згаданага ўжо Вешнякова, выбарчыя вурны будуць прывезеныя ў Цэнтарвыбаркам Ічкерыі ў Гудэрмэсе толькі 27 сакавіка, таму што іх вельмі небясьпечна перавозіць у цёмныя гадзіны содняў.

Як заявіў карэспандэнту Радыё Свабода прадстаўнік Цэтарвыбаркаму ў Маскве, усе бюлетэні, кінутыя ў Ічкерыі, будуць падлічаныя разам, гэта значыць, улучна з галасамі расейскіх вайскоўцаў. У некаторых вайсковых адзінках галасаваньне ўжо пачалося. Паколькі ж афіцыйныя асобы ня ведаюць, колькі вайскоўцаў-выбаршчыкаў зарэгістраваныя для ўдзелу ў выбарах – цяжка будзе вызначыць колькасьць цывільнага насельніцтва, якое прыйшло абіраць прэзыдэнта Расеі.

Сяржук Сокалаў-Воюш


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org