RFE/RL |
Серада, 22 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Нацыянальны аргкамітэт у справе сьвяткаваньня 82-х угодкаў абвяшчэньня БНР пацьвердзіў сваё ранейшае рашэньне – правесьці 25 сакавіка ў Менску шэсьце й мітынг. Аднак улады пакуль не зьбіраюцца саступаць апазыцыі і дазваляць маніфэстацыю на Дзень Волі. Аргкамітэт у сьвяткаваньні Дня Волі, у які ўваходзіць больш за 150 вядомых у Беларусі людзей, рэзка асудзіў рашэньне Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, які не дазволіў правядзеньне 25 сакавіка шэсьця. Тым ня менш, сябры аркамітэту выказваюць надзею, што сьвята беларускае Незалежнасьці пройдзе годна й спакойна. У гэты дзень, акрамя Менску, сьвяточныя акцыі пройдуць яшчэ ў 19-ці гарадох краіны. Праўда, мясцовыя ўлады там, сьледам за сталічнымі, далі дазволы на сьвяткаваньне ня ў поўным фармаце. Недзе дазволілі толькі шэсьце, недзе – толькі мітынг. Такая сытуацыя абсалютна не задавальняе аргкамітэт. У Менску суд не сьпяшаецца разглядаць скаргу арганізатараў на рашэньне гарадзкога выканаўчага камітэту, а самі ўлады ня хочуць сустракацца зь ініцыятарамі шэсьця, хаця ведаюць, што дэманстрацыя адбудзецца. Таму аргкамітэт вырашыў напісаць адкрыты ліст непасрэдна да грамадзяніна Лукашэнкі. Аўтары лісту зьвяртаюць увагу гісторыка паводле адукацыі Лукашэнкі на тое, што Дзень Незалежнасьці ёсьць найвялікшым дзяржаўным сьвятам у любой краіне. Аўтары звароту не спадзяюцца на тое, што заўтра сваім дэкрэтам Лукашэнка абвесьціць дзень 25 сакавіка нацыянальным сьвятам. Аднак яны лічаць, што найлепшае вырашэньне ўсіх канфліктаў – гэта дыялёг, прыхільнікам якога называе сябе й Аляксандар Лукашэнка. Таму запрашаюць грамадзяніна Лукашэнку ўзяць удзел у мітынгу 25 сакавіка й выступіць там з 30-хвіліннай прамоваю. У выпадку няўдзелу Лукашэнкі ў такім фармаце “шырокага дыялёгу”, на думку аргкамітэту, сэнс прыходу дэманстрантаў на пляц Бангалёр 25-га рэзка зьмяншаецца. Вось як пракамэнтаваў гэты ліст кіраўнік рабочае групы аргкамітэту Вячаслаў Сіўчык: (Сіўчык: ) “Усім вядома, што гэта ня ёсьць рашэньне менскага гарвыканкаму ці іншых выканаўых структураў Беларусі па 25 Сакавіка. Выканаўчыя структуры проста выканалі публічныя ўказаньні Лукашэнкі. Таму і зьявіўся гэты ліст, што гэты чалавек зусім нядаўна сьцьвярджаў, што зьяўляецца прыхільнікам дыялёгу. У яго зараз ёсьць цудоўная магчымасьць пацьвердзіць свае словы – мабыць упершыню ў ягоным жыцьці, бо ўсё, што раней ён абяцаў, гэта была хлусьня і дэмагогія”. – паведаміў спадар Сіўчык. Аргкамітэт даручыў прадстаўнікам Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў сустрэцца з кіраўніцтвам сталічнае міліцыі, каб вырашыць пытаньне забесьпячэньня грамадзкага парадку пад час дэманстрацыі з пляцу Я.Коласа да сквэру Я.Купалы 25 сакавіка. А праваабарончыя арганізацыі “Вясна”, Гэльсынскі камітэт і “Праўная дапамога насельніцтву” накіравалі ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт заяву, у якой папярэджваюць сталічныя ўлады аб адказнасьці за магчымыя сутычкі паміж дэманстрантамі й сіламі парадку. Як паведаміў нашаму радыё, намесьнік старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту ВіктарЧыкін, улады ня супраць сустрэцца з арганізатарамі шэсьця 25 сакавіка, калі тыя пажадаюць, але першымі такую сустрэчу сталічныя чыноўнікі ініцыяваць ня будуць. Паводле словаў Чыкіна, “мы таксама свой гонар маем”. Спадар Чыкін таксама сьцьвярджае, што аніякіх падставаў пераглядаць сваё рашэньне й дазваляць шэсьце гарадзкі выканаўчы камітэт ня мае. У вадрозненьне ад Чыкіна з арганізатарамі дэманстрацыі жадаюць сустрэцца іншыя структуры. Так, адзін зь менскіх міліцэйскіх начальнікаў падпалкоўнік Гірэль прапанаваў арганізатарам сустрэцца з шэфам сталічнае міліцыі генэралам Тарлецкім. Таксама стала вядома, што некаторыя сябры аргкамітэту ўжо атрымалі позвы зьявіцца ў гарадзкую пракуратуру. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |