RFE/RL |
Серада, 22 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
Далейшае існаваньне мытнага саюзу робіцца праблематычным, бо эканамічныя інтарэсы Расеі і Беларусі вельмі розныя. Учора прадстаўнікі беларускага Мытнага камітэту на дзяржаўнай тэлевізіі крытыкавалі расейскую пазыцыю. Тое, што ў Беларусі й Расеі вельмі розныя мытныя інтарэсы, было відавочна з самага пачатку існаваньня мытнага хаўрусу. Расея вырабляе сыравіну, а Беларусь займаецца перапрацоўкаю. Таму мыты, якія маглі б абараніць нутраны рынак кожнае з краінаў, а таксама забясьпечыць імпарт неабходных тавараў, у дзьвюх краінах павінныя быць рознымі. За пяць гадоў высьветлілася, што ўніфікаваць расейскія і беларускія мытныя правілы немагчыма. Праблема абвастрылася пасьля рашэньня расейскага Вярхоўнага суду, пра якое паведамляла нашае радыё. Першы намесьнік расейскага прэм’ера Міхал Касьянаў нават зьвярнуўся ў беларускі Мытны камітэт з адпаведным лістом. Праблема ўніфікацыі мытных пошлінаў таксама абмяркоўвалася на сумесным пасяджэньні мытных камітэтаў Расеі і Беларусі напрыканцы мінулага тыдня. Сутнасьць канфлікту ў тым, што на шэраг тавараў пошліны ў Беларусі меншыя, чым у Расеі, і ў выніку ўсе імкнуліся аформіць тавары ў Беларусі. Асаблівую ўвагу за апошнія гады прыцягвала праблема транзыту аўтамабіляў празь Беларусь. Гэты прыклад вельмі паказальна характарызуе ўсю сытуацыю. Усім вядома, што рабіць мытнае афармленьне замежных аўтамабіляў у Беларусі значна больш выгодна. Тут ня толькі нізкія мыты, але й пералічваюцца яны паводле афіцыйнага курсу даляра. Акрамя таго, расейскія мытнікі скардзяцца на тое, што ў Беларусі, як і раней, існуе сыстэма палёгкаў, якое ўжо амаль няма ў Расеі. Для таго, каб абараніць свой бюджэт, расейцы ўвялі дадатковыя плацяжы пры перамяшчэньні тавараў у Расею празь Беларусь. Рашэньне Вярхоўнага суду Расеі гэтыя дадатковыя зборы фактычна адмяніла. Расейскі Мытны камітэт спрабуе абскардзіць такое рашэнне. Пад час калегіі расейскія мытнікі спрабавалі знайсьці ўзаемапаразуменьне зь беларускімі калегамі. Як высьветлілася зь сюжэту Беларускае тэлевізіі, пазыцыя расейцаў не спадабалася беларускім мытнікам. Яны лічаць, што аніякіх дадаткаў не патрэбна, але не зацікаўленыя ў тым, каб падвышаць мыты ў Беларусі. У гэтым не зацікаўленыя і беларускія грамадзяне, якія набываюць танныя аўтамабілі за мяжою і ня могуць плаціць высокія мыты за іхны ўвоз. Паводле прадстаўнікоў Мытнага камітэту, аніякіх супольных рашэньняў беларусы з расейцамі не знайшлі. Ганна Навумовіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |