RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 21 Сакавіка 2000

Сёньня



У славутым калгасе “Расьвет” на Магілеўшчыне чарговы скандал. За крадзеж бульбы затрыманы некалькі калгаснікаў, у тым ліку спэцыялісты сярэдняга зьвяна. Паводле зьвестак, пад падазрэньне міліцыі патрапіў таксама намесьнік новага старшыні калгасу Пётар Лукашэнка.

“Расьвету” не шанцуе. Скандалы як хвалі накатваюць на гаспадарку, якая калісьці была вітрынаю сацыялістычнае калгаснае сыстэмы, потым стала маяком рэфармаваньня вёскі, а цяпер дэманстуе, як з дапамогаю дзяржавы спрабуюць уратаваць тое, што гіне. Толькі пачалі сьціхаць жарсьці вакол зьнятага, пасаджанага ў турму і ўжо вольнага былога старшыні “Расьвету” Васіля Старавойтава, як вакол новага кіраўніцтва гаспадаркі таксама пачаўся скандал. “Расьветаўцы”, якія патэлефанілі на “Свабоду” сьцьвярждаюць, што ў непрыглядную гісторыю патрапіў намесьнік старшыні калгасу Пётар Лукашэнка.

Быццам бы гэты Лукашэнка спрычыніўся да крадзяжу машыны бульбы, якую днямі затрымалі міліцыянты на выязьдзе з Кіраўскага раёну. Гэты грузавы аўтамабіль належаў грамадзянам Азэрбайджана. Паводле дакумэнтаў яны купілі ў “Расьвеце” 16 тонаў бульбы, а на самой справе вывозілі на шэсьць тонаў больш.

Цяпер Кіраўская міліцыя высьвятляе, каму дасталіся грошы за лішак у 6 тысячаў кіляграмаў – улічваючы, што “расьветаўская” бульба каштуе 90 новых рублёў, усяго скрадзена было на паўмільёны, што роўна 700-м далярам.

У гэтай справе міліцыяй ужо былі затрыманыя бугальтарка аднае з філіяў калгасу, загадчык гаражу, а таксама допытваліся кіраўнікі вышэйшага роўню. У тым ліку, паводле зьвестак, намесьнік старшыні Пётар Лукашэнка правёў у міліцыі некалькі дзён, адказваючы на пытаньні сьледчых.

Вынік гэтых допытаў пакуль невядомы, як і тое, дзе цяпер знаходзіцца Пётар Лукашэнка. Ва ўправе гаспадаркі адказалі, што ён зьехаў у выправу ў Менск. Давялося зьвярнуцца да таго намесьніка, які застаўся кіраваць гаспадаркаю.

“…Я дакладна вам распавесьці не магу, бо дэталёва нічога сам не ведаю”, – сказаў намесьнік старшыні “Расьвету” Юры Маскалёў. Між тым ён пацьвердзіў, што факт крадзяжу некалькіх тонаў бульбы быў, што вядзецца разьбіральніцтва, аднак рашуча адверг тое, што да гэтага меў дачыненьне Лукашэнка ці хто зь іншых кіраўнікоў гаспадаркі, назваўшы падобную інфармацыю плёткамі. Паводле намесьніка старшыні Маскалёва, такія злачынствы калі й здараюцца, яны на сумленьні калгасьнікаў рангам ніжэй…

У Кіраўскай раённай міліцыі даваць тлумачэньні ў новай “расьветаўскай” справе адмовіліся. Сказалі, што пакуль расьледваньне не завершанае, аніякай інфармацыі ня будзе. Таксама міліцыянты не далі статыстыку злачыннасьці ў калісьці самай спакойнай у крымінальным сэнсе гаспадарцы раёну. “Злачынстваў паўсюль хапае”, – толькі й сказаў дзяжурны.

Між тым неафіцыйныя крыніцы сьцьвярджаюць, што на тэлефон даверу раённай міліцыі найбольш сыгналяў пра крадзяжы харчовых прадуктаў, паліва, іншае калгаснае маёмасьці прыходзіць менавіта з “Расьвету”. Паводле гэтае крыніцай, багатая калісьці гаспадарка раскрадаецца згодна з савецкім прынцыпам “хто што сьцеражэ, той тое і мае”, і ад гэтага працэсу не стаяць у баку ня толькі шэраговыя калгасьнікі, але й начальнікі.

“Галоўная прычына маральнага заняпаду ў эканоміцы”, – лічыць былы старшыня акцыянэрнага таварыства “Расьвет” Васіль Старавойтаў. Ён згадвае, што маёмасьць “Расьвету” зноў стала калгаснай, гэта значыць нічыёй, плюс рэзка скараціліся даходы калгасьнікаў. Васіль Старавойтаў параўноўвае мінулае жыцьцё зь цяперашнім:

(Старавойтаў: ) “У тры разы меншую зарплату атрымліваюць, чым пры мне. А даўгоў вельмі цяжка сказаць колькі – гэта сакрэт. Напэўна, ужо трыльёнчык з хвосьцікам даўгоў… “Расьвет” заўсёды меў адкрытыя рахункі, раённае начальства заўсёды хацела далучыць яго… А зараз “Расьвет”, гэта хамут…”

Гэта быў Васіль Старавойтаў, пад кіраўніцтвам якога “Расьвет” быў самай перадавой і багатай гаспадаркаю краіны. А цяпер у ёй тонамі крадуць бульбу…

Алег Грузьдзіловіч


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org