RFE/RL |
Аўторак, 21 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
Улада Беларусі ў асобе віцэ-прэм’ера Ўладзімера Замяталіна рыхтуе новы ідэялягічны наступ на школьныя падручнікі. Пра гэта сьведчаць дакумэнты, якія патрапілі да нашае карэспандэнткі Валянціны Аксак. Уласна, наступ гэты віцэ-прэм’ер Уладзімер Замяталін і не прыпыняў. Адмыслова створаная пад ягоным кіраўніцтвам камісія, якая займаецца рэцэнзаваньнем, а дакладней, цэнзураваньнем падручнікаў па гуманітарных дысцыплінах, ня траціць сваёй ідэялягічнае пільнасьці ўсе пасьлярэфэрэндумныя гады. Час ад часу галоўны цэнзар краіны прыходзіць да несуцяшальнае для яго высновы пра марнасьць свайго стараньня. Перапісалі гісторыю на “славяноединительный” лад, выкінулі са школьных праграмаў патрыятычныя творы Ларысы Геніюш, Натальлі Арсеньневай ды іншых выдатных паэтаў, стоадсоткава ахапілі школьнікаў піянэрамі, БПСМамі ды рознымі іншымі вернымі рэжыму моладзевымі структурамі, а імкненьне да незалежнасьці як жыло, так і жыве ў маладых душах беларусаў. Вось і на гэты раз не абыйшлося без правераных на пільнасьць вэтэранаў. Свой гнеў з нагоды дрэннага прывіцьця школьнікам пачуцьцяў “агульнаславянскага” ды “савецкага” патрыятызму віцэ-прэм’ер выклаў у форме рэзалюцыі на дасланых яму высновах пра школьнае выхаваньне. Гэтыя высновы зрабілі кіраўнікі Магілеўскае абласное асацыяцыі непаўнагадовых ахвяраў фашызму. Зрабілі на падставе ўласных аналізаў зьместу школьных падручнікаў гісторыі Беларусі, усясьветнае гісторыі, чытанак для малодшых школьнікаў ды падручнікаў беларускае літаратуры для старшаклясьнікаў. Нагадаем, што ўсе падручнікі, паводле якіх цяпер вучацца школьнікі й студэнты, прайшлі праз шчыльнае сіта адмысловае камісыі на чале са спадаром Замяталіным. Аднак магілеўскія вэтэраны лічаць, што яны ўсё роўна не адпавядаюць іхным уяўленьням пра ідэялягічную дасканаласьць. Зь ініцыятывы асацыяцыі на Магілеўшчыне ва ўсіх школах прайшло абмеркаваньне зьместу падручнікаў на прадмет (цытата з матэр’ялаў, дасланых спадару Замяталіну) “адэкватнага адлюстраваньня ў зьмесьце гістарычных падзеяў Вялікае Айчыннае вайны ў Беларусі, спрыяньня патрыятычнаму, грамадзянскаму выхаваньню падрастаючага пакаленьня”. А ў мяйсцовым друку змешчаная сэрыя “выкрывальніцкіх” артыкулаў. Завяршыў кампанію гэтак званы круглы стол, даклады зь якога ды выніковыя высновы й леглі на стол віцэ-прэм’ера. Прычым, незадавальненьне сваё магілеўскія вэтэраны выказалі ня толькі з нагоды зьместу падручнікаў, але й з нагоды пазыцыі, як яны пішуць, “некаторых кіраўнікоў раённых мэтадычных аб’яднаньняў настаўнікаў беларускае мовы й літаратуры, якія паўсталі на абарону падручнікаў”. Гэткім чынам, цалкам ў старых савецкіх традыцыях напісалі данос на тых, хто меў сьмеласьць не згадзіцца зь іхняю думкаю пра “шкоднасьць” аповесьці Васіля Быкава “Жураўліны крык”, рамана Масея Сяднёва “І той дзень надыйшоў”, твораў пра вайну Івана Чыгрынава, спрэс усяго падручніка літаратуры для 9-га клясу, падручніка гісторыі беларускае культуры для прафэсійна-тэхнічных вучэльняў ды многіх іншых. Рэзалюцыя віцэ-прэм’ера на гэтых паперах адназначная: “Супольна прааналізуйце ўзьнятыя праблемы, зьвярнуўшы асаблівую ўвагу на зьмест падручнікаў, прыміце неабходныя захады ў выкараненьні наяўных недахопаў у гэтым надзвычай важным пытаньні”. “Выкараняць” крамолу загадана міністрам адукацыі ды культуры, а таксама кіраўнікам дзяржаўных моладзевых аб’яднаньняў. Пра выкананьне Замяталін патрабуе далажыць да 1 красавіка. Валянціна Аксак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |