RFE/RL |
Аўторак, 21 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
(эфір 20 сакавіка) Завяршыўся конкурс на лепшую беларускую вясковую школу краіны. Чаму, уласна, конкурс менавіта вясковых школаў? Яны ж традыцыйна беларускія і, на першы погляд, у падтрымцы ня маюць патрэбы. Аднак, як сказаў адзін з арганізатараў старшыня Таварыства Беларускае Мовы Алег Трусаў, якраз вясковыя школы, у якіх працуе шмат сапраўдных беларускіх настаўнікаў, апынуліся па-за ўвагаю і ўлады, і грамадзкасьці. Другая прычына палягае ў вельмі трывожнай тэндэнцыі апошніх двух гадоў – скарачэньні беларускамоўнага навучаньня ў сельскай мяйсцовасьці. Сумніўнае лідэрства тут займае Магілеўшчына, зь якое ў конкурсе прыняло ўдзел толькі дзьве школы. Найлепшыя справы на Меншчыне, аднак лічбы мінулагодняга набору першаклясьнікаў сьведчаць, паводле словаў старшыні Таварыства Беларускае Школы Алеся Лозкі, пра многае: (Лозка: ) “84,6% вучняў займаюцца ў беларускіх вясковых школах. Гэта вышэйшы такі паказчык. У першыя беларускамоўныя клясы ў Менскай вобласьці прыймаюцца 44,1%, гэта вышэйшы паказчык, але ўсё роўна гэтага недастаткова,” – сказаў старшыня ТБШ Алесь Лозка. А вось чаму конкурс на лепшую беларускую вясковую школу падтрымаў у якасьці аднаго з фундатараў прафсаюзны камітэт Менскага вытворчага аб’яднаньня “Атлант”. Гаворыць старшыня прафэсійнага камітэту Валеры Мікалаенка: (Мікалаенка: ) “Ня мной сказана, што мы ўсе родам зь вёскі. Ці то непасрэдна самі, ці то нашыя бацькі, якія ў першым-другім калене адтуль выйшлі. Там нашыя карані, там нашая малая радзіма, там душа нашага народу,” – сказаў Валеры Мікалаенка. Усе, хто прыняў удзел у конкурсе, адзначалі ягоную вялікую заахвочвальную ролю. Бадай што агульную думку выказаў Антон Вячко, настаўнік Залускай сярэдняй школы са Стаўпеччыны. (Вячко: ) “Беларускую мову і беларускія школы падтрымліваюць многія. Хочацца сказаць, што пакуль будзе жыць нашая мова, то мы будзем беларусамі. Хай жа жыве нашая мова, хай жа жыве Беларусь!” – Сказаў беларускі настаўнік Антон Вячко. Ягоная праца ды праца ягоных калегаў з Залускай сярэдняй школы журы конкурсу адзначыла дыплёмам І-е ступені ды каштоўным падарункам. Такімі ж дыплёмамі ды музычнымі цэнтрамі ці відэамагнітафонамі ганараваныя калектывы Мачульскае базавае школы са Століншчыны, Германавіцкае сярэдняе школы з Шаркоўшчыны, Дабрыньскае СШ зь Ельшчыны, Бердаўскае СШ зь Лідчыны ды Мётчанскае сярэдняе школы з Барысаўшчыны. 44 школы атрымалі дыплёмы ІІ-е ды ІІІ-е ступеняў. Аднак, бадай, самая каштоўная ўзнагарода яшчэ чакае пераможцаў. Пра яе абвясьціў на ўрачыстасьці вядомы беларускі ксёндз Уладыслаў Завальнюк: (Завальнюк: ) “…падзяліцца з вамі такой духоўнай радасьцю, што ў сваім часе, якіх няпоўных два месяцы назад, мы мелі сустрэчу з прадстаўнікамі Англіі, якія пажадалі для нашай нядзельнай школкі ахвяраваць якіх восем ці чатырнаццаць кампутараў. У нядзельную школу для касьцёла. Але мы ўжо перадалі факс і запрапанавалі, каб яны, калі магчыма, дапоўнілі яшчэ якіх 38, каб разам было 50, каб такі камплект маглі з часам атрымаць. Чакаю, малюся і прашу, каб Пан Бог паблаславіў гэты добры наш пачатак”. Усё ж ня толькі прыемныя моманты паказаў гэты конкурс. Не выпадкова Гран-пры нікому не прысуджаны, бо, як сказаў Алесь Лозка, у нас яшчэ няма школы, якую можна назваць узорам нацыянальнае. На доказ слушнасьці гэтае высновы прывядзем цытату з конкурснае заяўкі аднае школы, калектыў якое ў пераліку сваіх заслугаў піша: “Школьная арганізацыя БПСМ вельмі актыўная, зьяўляецца адной зь лепшых у раёне”. Валянціна Аксак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |