RFE/RL |
Панядзелак, 20 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Настаўнікі многіх школаў Віцебску, і веруючыя, і закаранелыя атэісты, вымушаныя пасьціцца. Яны яшчэ не атрымалі заробак за люты. Першамайскі раённы аддзел адукацыі, напрыклад, вызначыў графік, паводле якога пэдагогі апошняй са школаў раёну павінны атрымліваць грошы не пазьней за 12-ты дзень наступнага месяца, але ўсе тэрміны даўно зышлі. Добра калі ў сям’і хтосьці працуе на прадпрыемстве ці дзесьці ў міліцыі, яшчэ лепей, калі ва ўладных структурах. А як вытрымаць тым сем’ям, у якіх муж і жонка настаўнікі? Вось і даводзіцца гандляваць рэчамі са сьціплых гардэробаў альбо жыць за кошт пэнсіяў састарэлых бабуль і дзядуль. Харчаваньне, як жартуюць выхавальнікі падрастаючага пакаленьня, збольшага самае нацыянальнае: бульба, капуста ды салёны гурок. На тэлефонныя званкі “першамайцаў” да галавы адміністрацыі раёна спадара Ціценкі настаўнікі атрымліваюць просты адказ: маўляў, трэба разумець цяжкі стан эканомікі рэспублікі і не скардзіцца, а па прыкладзе мэдыкаў цярпліва чакаць заробленых грошай. На тое, як быць зь вялікімі пені за несвоечасовую аплату камунальных паслугаў і магчымыя адключэньні кватэрных тэлефонаў, спадар Ціценка давёў, што наконт гэтае праблемы ніякіх нават размоваў, а ня тое што рашэньняў ва ўладаў няма. Прадстаўнікі некаторых школаў зьвярталіся з гэтым пытаньнем і ў адміністрацыю Лукашэнкі, але выразнага адказу не атрымалі. Складаецца ўражаньне, што колішнія заявы ўладаў, быццам лютаўскі страйк дробных прадпрымальнікаў амаль не паўплывае на напаўненьне казны, і заробкі будуць выплочвацца ў тэрмін, мякка кажучы, не адпавядалі рэчаіснасьці. На гэтым тле непрыемна прагучала навіна, што саракасямігадовая настаўніца пачатковых клясаў сярэдняй школы № 30 у пад’езьдзе дзевяціпавярховага будынку выпіла воцатавую эсэнцыю і разрэзала сабе вены. Самазабойца пакінула два лісты. У першым выкладзены прычыны зыходу і нават прозвішчы людзей, якія быццам бы падштурхнулі яе на гэты крок. У другім яна папрасіла прабачэньня ў родных і блізкіх. Прычына тут канешне ж, не ў затрымцы заробку, але, як кажуць яе калегі, у канкрэтных адносінах да яе і ў агульных – да настаўнікаў. Пры зносінах з настаўнікамі гарадзкіх школаў увесь час чуеш пра іх цяжкае матэрыяльнае становішча, але адкрытага пратэсту яны палохаюцца. Нават самыя актыўныя заўсёды турбуюцца, каб, далібог, не прагучала іхняе прозьвішча. І вось, як толькі што стала вядома, некаторым вялікім школам паабяцалі пачаць выплочваць заробак на гэтам тыдні часткова, траншамі. Алег Жукоўскі, Віцебск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |