RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 20 Сакавіка 2000

Сёньня



Хаця пераважная частка тэрыторыі Чачні перайшла зараз пад кантроль расейкіх войскаў, яны ня могуць адчуваць сябе ў бясьпецы. Хуткага заканчэньня крывавага канфлікту чакаць не даводзіцца. Між тым, вайна ў Чачні, якая забрала тысячы жыцьцяў, зусім не была непазьбежнаю – так лічаць многія аналітыкі.

Цяперашняя вайна ў Чачні не была непазьбежнаю. Яна была разьвязаная ў выніку палітычных памылак – такая выснова ўтрымліваецца ў сёньняншнім нумары газэты “Washington Post”.

Другая чачэнская вайна, якая каштававала тысячы жыцьцяў абодвум баком канфлікту, цалкам зьмяніла палітычны ляндшафт Расеі і выклікала крытыку Крамля на Захадзе. – піша “Washington Post”. Аналізуючы шлях, якія прывёў да гэтай вайны, газэта робіць выснову, што яна сталася вынікам пралікаў з боку як расейскага кіраўніцтва, так і чачэнсікх байцоў.

На думку расейскіх аналітыкаў і ваенных спэцыялістаў, і Расея, і Чачня не знайшлі адэкватны адказ на рост напружанасьці.

Калі абодва бакі разьдзьмувалі канфлікт, выбухі ў некалькіх жылых будынках у Маскве, калі загінулі 300 чалавек, канчаткова вывелі расейкае кіраўніцтва з раўнавагі. Масква абвінаваціла ў тэрактах чачэнцаў, хаця не прывяла надзейных пацьверджаньняў сваіх заяваў. Вынікі сьледства ў гэтай справе дагэуталь невядомыя, аднак, відавочна, што сама гэтая справа выклікала істэрычную рэакцыю Расеі.

Ці была вайна непазьбежнаю?

Многія расейкія аналітыкі лічаць яе вынікам так званага “чачэнскага сындрому” у вышэйшым кіраўніцтве, які ўзьнік з-за няўдачаў у першай вайне. Пакуль Чачня патанала ў анархіі, Расея доўгі час заставалася пасыўнай.

Роля Пуціна ў разьвязаньні цяперашняй вайны не зусім ясная, аднак у якасьці кіраўніка ФСБ, якая сталася пераемніцай КГБ, ён браў удзел у нарадах вышэйшага ўзроўню ў пытаньнях Чачні.

Калі верыць заявам афіцыйных асобаў, яны стараліся дапамагчы Масхадаву і некалькі гадоў запар падтрымлівалі яго грашыма і ўзбраеньнямі. Міністэрства ўнутраных справаў, напрыклад, дапамагала ў падрыхтоўцы людзей Масхадава да спэцапэрацыяў. Аднак, такая стратэгія Крамля была асуджаная на правал. Ён ня змог справіцца з палявымі камандзёрамі і практыкай выкраданьня людзей.
Рэйд Басаева ў Дагестан з мэтай стварыць ісламскую дзяржаву аказаўся бескарысным. Больш таго, ён напалохаў насельніцтва шматнацыянальнага Дагестану, і жыхары многіх паселішчаў выступілі супраць чачэнскіх байцоў.

Паводле меркаваньня тагачаснага прэм’ер-міністра Сяргея Сьцяпашына, заплянаваная раней шырокая вайсковая апэрацыя ў Чачні сталася тады непазбежнай. Паводле Сьцяпашына, летась у чэрвені плянавалася толькі зьліквідаваць дзірку на мяжы з Чачнёй у раёне Церака. Гэта было чыста вайсковае рашэньне. Пасьля адстаўкі Сьцяпашына Пуцін падхапіў гэтыя пляны і скарыстаўся імі ў сваіх мэтах, – піша “Washington Post”.

Між тым, як паведамляе інфармацыйная службы Радыё Свабода, на большай частцы тэрыторыі Чачні расейцы стварылі марыянэткавыя ворганы мясцовай адміністрацыі. Кіраваць імі прызначаныя чачэнцы, задача якіх палягае на тым, каб надаць акупацыі законны выгляд.

Адзін зь іх, намесьнік кіраўніка мясцовай адміністрацыі ў Чарвлёным, на поўнач ад Грознага, Тагі Хадашаў лічыць, што Чачні адной ня выжыць, і што ёй трэба застацца часткай Расеі. Аднак, і ён прызнае, што прысутнасьць расейскіх войскаў стварае праблемы.
Днямі, напрыклад, вайскоўцы са складу ўнутраных сілаў уварваліся ў дом загадчыка мясцовай фермы ды арыштавалі яго за тое, што ён, нібыта, хаваў скрыню з гранатамі ў коміне. Нават прадстаўнікі афіцыйнае адміністрацыі лічаць гэтае тлумачэньне анэкдатычным, бо ў той момант гаспадыня паліла печку.

Віталь Тарас


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org