RFE/RL |
Панядзелак, 20 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
Рэспубліканская Беларуская Ліга правоў чалавека, якую ўзначальваў Яўген Новікаў, абвясьціла пра тое, што паводле рашэньня кангрэсу гэтае грамадзкай арганізацыі Новікаў болей не зьяўляецца старшынём і пазбаўлены сяброўства ў Лізе. Кангрэс Рэспубліканскае Беларускае Лігі правоў чалавека, які адбыўся ў мінулую суботу, вырашыў вызваліць Яўгена Новікава з пасады старшыні гэтай арганізацыі. На кангрэсе таксама быў прыняты зварот да грамадзкасьці, у якім паведамляецца, што Яўген Новікаў зьяўляецца прыватнай асобаю і таму Ліга ня мае аніякага дачыненьня да ягоных выступаў на дзяржаўнай тэлевізіі і радыё. Удзельнікі кангрэсу – гэта людзі, якія засталіся разам з Новікавым пасьля распаду ў 97-м годзе Беларускае лігі правоў чалавека. Пасьля гэтага Новікаў утварыў новую арганізацыю, якую зарэгістравалі як Рэспубліканскую Беларускую Лігу правоў чалавека. Леанід Ройка, былы паплечнік Яўгена Новікава, паведаміў “Радыё Свабода”: “Мы судзіліся амаль год за кватэру. У выніку кватэра, якую раней Ліга купіла для офісу і аформіла на Новікава, засталася ў яго паводле судовага рашэньня. Такім чынам ён вырашыў сваё “кватэрнае пытаньне”. Потым пачаў рэгістраваць сваю арганізацыю. Новікаў пасьля таго, як пацярпеў фіяска на Захадзе, скіраваў свае намаганьні на структуры ўлады. Яму дапамаглі зарэгістравацца і ён пачаў выступаць на тэлевізіі ды радыё як старшыня Рэспубліканскае Беларускае Лігі правоў чалавека. Ён аніводнага разу не правёў ані сход выканаўчага камітэту, ані проста справаздачны сход. Толькі зараз у яго зьявілася нейкая група людзей, якую ніхто ня ведае і якіх няма ў сьпісах. Гэтыя людзі нібыта будуць працаваць над праектамі і праграмамі, на якія Tacis выдаткаваў грант”. Далей былы паплечнік Яўгена Новікава Леанід Ройка паведаміў “Радыё Свабода”: “Я добра ведаю Новікава і лічу, што ў яго вельмі завышаная самаацэнка й бязьмежныя амбіцыі. Спачатку, калі Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, ён, відаць, адчуваў сябе пакрыўджаным, бо яны аднаго веку, былі дэпутатамі, прыкладана адной адукацыі, але Лукашэнку пашэнціла, а яму – не. Да скандалу ў Драздах Новікаў заўсёды, калі выяжджаў за мяжу, крытыкаваў прэзыдэнта. Але там зь ім спынілі працу. Калі грашовая крыніца з Захаду была перакрытая, Новікаў пачаў ад імя Рэспубліканскае Беларускае Лігі правоў чалавека на тэлевізіі паліваць брудам апазыцыю. Нам ён паведаміў, што зараз займацца абаронаю правоў чалавека ня будзе, бо ў яго іншыя справы. Якія? Ён не патлумачыў”, – распавёў “Радыё Свабода” былы паплечнік Яўгена Новікава Леанід Ройка. Любоў Лунёва, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |