RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 20 Сакавіка 2000

Сёньня:



Ініцыятыўная група ў правядзеньні ініцыяванага Лукашэнкам грамадзкага дыялёгу, якая складаецца з прадстаўнікоў шэрагу грамадзкіх арганізацыяў, ухваліла рэглямэнт і фармат гэтай акцыі. Пасьля зацьвярджэньня ў адміністрацыі “прэзыдэнта” гэты фармат можа стаць падставаю дзеля першай агульнай сустрэчы ў рамках “дыялёгу”, што заплянаваная на трэцюю дэкаду сакавіка.

На сёньняшні дзень, як паведамляюць удзельнікі ініцыятыўнае групы, жаданьне ўдзельнічаць у “дыялёгу” выказалі каля 70 грамадзкіх арганізацыяў і 10 палітычных партыяў. Усе ўдзельнікі Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў, за выключэньнем Партыі камуністаў, заявак на ўдзел у дыялёгу не падавалі. Яны прынялі кансалідаванае рашэньне накіраваць для кансультацыяў зь ініцыятыўнай групаю і прадстаўнікамі лукашэнкавай адміністрацыі сваіх экспэртаў.

У размове з карэспандэнтам “Радыё Свабода” лідэры Лібэральна-дэмакратычнае партыі і Партыі Жанчынаў “Надзея” Сяргей Гайдукевіч і Валянціна Палевікова катэгарычна адрынулі магчымасьць адыйсці ад кансалідаванае пазыцыі і паслаць заяўку на ўдзел у “дыялёгу”.

А Сяргей Гайдукевіч увогуле лічыць гэтую дзею “пустымі размовамі, якія ня могуць сабе дазволіць партыі, што паважаюць сябе”. Лідэры апазыцыі не адмаўляюцца ад “дыялёгу”, але па-ранейшаму настойваюць на тым, каб паралельна вяліся перамовы з уладаю прадстаўнікоў тых палітычных партыяў, якія не прызналі канстытуцыйнага перавароту і дэлегацыя якіх была зацьверджаная Вярхоўным Саветам. Прычым настойваюць на перамовах пры пасярэдніцтве АБСЭ.

Тым часам, на апошнім паседжаньні Ініцыятыўнае групы ў правядзеньні дыялёгу вызначаны фармат абмеркаваньня й пералік першачарговых тэмаў, што будуць вынесеныя на гэты самы “дыялёг”. Паказальна, што вынік працы Ініцыятыўнае групы пададзены на зацьверджаньне намесьніку кіраўніка лукашэнкавай адміністрацыі Ўладзімеру Русакевічу.

Новы фармат прадугледжвае, што калі тры арганізацыі-ўдзельніцы будуць настойваць на ўключэньні ў пералік тэмаў да абмеркаваньня нейкае важнае праблемы, то яна будзе ўключацца аўтаматычна, і калі тры арганізацыі настойваюць, каб нейкая тэма стала першачарговай, то яна будзе абмяркоўвацца ў прыярытэтным парадку. Пры гэтым розныя праблемы могуць абмяркоўвацца экспэртавымі групамі паралельна, не чакаючы сваёй чаргі.

Ужо вызначаныя пяць тэмаў, што будуць абмяркоўвацца ў першую чаргу, прычым абмеркаваньне павінна пачацца да канца сакавіка. Першая – Выбарчы кодэкс і падрыхтоўка да выбараў. Другая – пра доступ апазыцыі і грамадзкасьці да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Трэцяя – пра сацыяльна-эканамічнае становішча ў краіне. Чацьвертая – стратэгія разьвіцьця грамадзянскае супольнасьці ў краіне й выкананьне правоў чалавека. Пятая – праблема захаваньня сувэрэнітэту Беларусі й шматвэктарнасьці вонкавай палітыкі Беларусі.

Пра магчымыя мэханізмы прыняцьця й рэалізацыі рашэньняў сваё меркаваньне выказаў адзін зь сябраў Ініцыятыўнае групы ў правядзеньні “дыялёгу” Юры Загумённаў:

“Я бачу тры магчымыя выхады станоўчага выніку дыялёгу. Перш за ўсё магчымая распрацоўка праектаў дакумэнтаў кансалідаваным рашэньнем, гэтыя праекты павінны прайсьці ў адпаведнасьці з заканадаўствам пэўныя ступені рагляду, але бакі на сябе бяруць забавязаньні спрыяць гэтаму разгляду. Другая форма будзе скарыстоўвацца там, дзе касалідаванае рашэньне на сёньня немагчымае, але ў прынцыпе бакі пагаджаюцца, што такая праблема йснуе і яе трэба рашаць. Тут магчымым вынікам будзе праграма рашэньня гэтае праблемы, каб прыняць яго празь месяц ці паўгады. Трэцяя форма – калі ёсьць асаблівае меркаваньне двух–трох арганізацыяў, важна, каб і яно было зафіксавана, каб пра яго ведала грамадзтва, што такое меркаваньне хай сабе і ў мяншыні, але йснуе”, – гаварыў сябар Ініцыятыўнае групы ў правядзеньні “дыялёгу” Юры Загумённаў.

У любым з трох варыянтаў рашэньні будуць парадамі, якія маюць неабавязковы характар. Відавочна, гэта перш за ўсё й адштурхоўвае ад “дыялёгу” апазыцыйныя партыі.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org