RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 20 Сакавіка 2000

Сёньня:



(эфір 18 сакавіка)
Беларускі ўрад распачаў барацьбу зь нелегальнай міграцыяй. У хуткім часе замежнікі ня змогуць праехаць у краіны СНД празь Беларусь без транзытнае візы.

Пагадненьне пра ўзаемнае прызнаньне візаў было падпісанае краінамі СНД у 1992 годзе ў Маскве. Згодна з гэтым дакумэнтам любы замежнік, які мае, да прыкладу, расейскую ці ўзбэцкую візу, можа свабодна праехаць праз тэрыторыю Беларусі. Аднак летась некалькі краінаў СНД, у тым ліку й Расея, вырашылі выйсьці з пагадненьня ці прыпыніць у ім свой удзел.

Паводле словаў прэсавага сакратара МЗСу Мікалая Барысевіча, гэта было зроблена ў рамках барацьбы зь нелегальнай міграцыяй. Что тычыцца Беларусі, то рашэньне ўраду было прынятае ня толькі ў адказ на прыпыненьне ўдзелу ў пагадненьні іншых краінаў, але й таксама дзеля таго, каб спыніць плынь нелегальных мігрантаў.

У Беларусі гэтая праблема ўжо набыла вялічэзныя маштабы. Толькі ў мінулым годзе й толькі паводле афіцыйных зьвестак было выяўлена каля 100 тысячаў нелегальных мігрантаў. Паводле меркаваньня адмыслоўцаў, значную ролю адыграла адкрытая мяжа з Расеяй. Дарэчы, адсутнасьць усходняй мяжы Беларусі прывяла й да значнага павелічэньня транзыту наркотыкаў – некалькі гадоў таму гэта афіцыйна прызнавалі нават адмыслоўцы Міністэрства нутраных справаў.

Цяжка сказаць, наколькі эфэктыўным у сэнсе барацьбы зь нелегальнай міграцыяй будзе прыпыненьне ўдзелу Беларусі ў пагадненьні аб узаемным прызнаньні візаў. Цяпер замежнікі, якія захочуць праехаць празь Беларусь у дзяржавы СНД, павінныя будуць аформіць транзытную візу. Пакуль невядома, калі гэты парадак будзе ўведзены ў дзеяньне. Урад мае намер абвесьціць пра гэта ў бліжэйшы месяц-паўтары.

Ганна Навумовіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org