RFE/RL |
Пятніца, 17 - Нядзеля, 19 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Сёньня Мікола Статкевіч, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”, накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім параіў маліцца яму… Рэч у тым, што Аляксандар Лукашэнка, ацэньваючы “Марш Свабоды – 2” узгадаў і Міколу Статкевіча. Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Статкевіч таксама адной нагой там стаіць (маецца на ўвазе ў турме - кар.) Чаго ты туды палез? Ты ўжо сядзі ціхенька дома й малі Бога, каб на свабодзе застаўся… Табе ж прад”явілі абвінавачваньні”. Канец цытаты. Зараз пракуратура абвінавачвае Міколу Статкевіча ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Лідар “Народнай Грамады” быў адным з арганізатараў “Маршу Свабоды – 1”. Мы ўзялі камэнтар у Міколы Статкевіча (Карэспандэнт: ) “Спадар Мікола, такая эмацыйная рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі на “Марш Свабоды – 2”, пад час якога нічога крымінальнага, правапарушэньняў не адбылося. Я бы хацела Ваш камэнтар…” (Статкевіч: ) “Я думаю, найперш гэта – страх. Нейкая дзіцячая крыўда. Ён не чакаў. Ёсьць страх, што тэндэнцыя будзе расьці, што проста зьмяце яго. Нейкая дзіцячая крыўда, што, маўляў, я вас папрасіў, а вы мяне не паслухалі. Зрабілі наадварот. І, безумоўна, канкрэтныя ймёны, якія названыя, - гэта спроба напалохаць канкрэтных людзей. У тым ліку й тых, хто мае справы з судом. У тым ліку й мяне. Спадар Лукашэнка нават ужыў такія словы, што я павінен сядзець дома й маліцца”. (Карэспандэнт: ) “А Вы моліцеся?” (Статкевіч: ) “Ха-ха… (сьмяецца). У царкве бываю. Але я сёньня накіраваў яму адказ. Я там патлумачыў Лукашэнку, што гэта яму трэба маліцца. Таму што, калі мы рызыкуем, ахвяруем нечым, дык у нас ёсьць дзеля чаго ахвяраваць і рызыкаваць. У нас ёсьць ідэалы. У нас ёсьць пераемнасьць ад нашых продкаў. І гэта застанецца назаўсёды. Нехта заўсёды ў Беларусі будзе за яе змагацца. А за што рызыкуе спадар Лукашэнка? Я задаў яму гэтае пытаньне. Застаецца – за ўладу. Але. Я напісаў яму, што бачыў старых людзей у турме. І гэта вельмі трагічнае відовішча. Там больш маладыя імі грэбуюць. Вельмі цяжка старым у турме. Гэты канец ня варты нават самай неабмежаванай улады. Таму я параіў яму маліцца, каб яму ўдалося знайсьці кампраміс з патрыятычнай часткай грамадзтва і каб яму даравалі тое, што ён рабіў з нашай Айчынай”. (Карэспандэнт: ) “Спадар Мікола, я мушу тут канкрэтызаваць. Вы ськіравалі адказ Лукашэнку. У якім выглядзе?” (Статкевіч: ) “У выглядзе ліста. Ён перададзены ў прэсу”, (Карэспандэнт: ) “Якая была Вашая першая рэакцыя на словы Аляксандра Лукашэнкі?” (Статкевіч: ) “Калі я пачуў гэтыя словы, я зразумеў, што чалавек вельмі напалоханы. Перабывае ў стане гістэрыкі. Вось і ўсё. Што тычыцца мяне, то такія рэчы як страх я пераступіў дастаткова даўно. З гэтым трэба справіцца адзін раз. А далей – усё лёгка”. (Карэспандэнт: ) “Выглядае, што Аляксандар Лукашэнка пэрсанальна адсочвае справы тых людзей, імёны якіх былі названыя. Лябедзька, Чыгір, Вы…” (Статкевіч: ) “Безумоўна. Я гэта ведаў і раней, але гэта - доказ”. (Карэспандэнт: ) “Шмат станоўчых ацэнак адносна “Маршу Свабоды – 2”. Масавасьць. Урачысты настрой. Я б хацела, каб Вы ацанілі гэтую акцыю”. (Статкевіч: ) “Марш” даказаў, што нашае грамадзтва хоча свабоды”. Гутарыла Вольга Караткевіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |