RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 17 Сакавіка 2000

Сёньня:



Гэтымі днямі ў гарадзкія і раённыя аддзелы аховы здароўя, паліклінікі ды ў іншыя лячэбныя ўстановы Менскае, Магілёўскае, Берасьцейскае ды Віцебскай абласьцёў вялікая група грамадзянаў са скандалам вяртае пуцёўкі на аздараўленьне сваіх дзяцей у санаторыі “Беларусь”, які месьціцца ў горадзе Друскенінкай (Друскенікі) Летувіскае Рэспублікі. Прычына палягае ў тым, што 14 сакавіка гэтыя людзі не змаглі перасекчы дзяржаўную мяжу ў раёне Горадні.

Учора ўвечары з кабінэту загадчыцы 2-е дзіцячае паліклінікі гораду Барысава спадарыні Трусавай выйшла заплаканая жанчына. Выйшла разам зь дзяўчынкаю 11-12 гадоў. Крыху пазьней жыхарка места Галіна Аціцкая (так звалі гэтую жанчыну) мне распавяла: маўляў, везла ў летувіцкі горад Друскенінкай на лекаваньне ў санаторый “Беларусь”дачку Наташу, даехала да Горадні, але на беларуска-летувіцкую мяжу іх не пусьцілі. Давялося вяртацца дадому ў Барысаў.

Вось што, у прыватнасьці, паведаміла Галіна Аціцкая пра тое, што здарылася 14 сакавіка на чыгуначным вакзале ў Гародні зь ёю, з Наташаю і яшчэ з трыццацю чалавекамі бацькоў і дзяцей, якія з розных рэгіёнаў краіны ехалі ў друскеніцкі санаторый “Беларусь”…

“Прыехалі мы на чыгуначны вакзал. І раптам да нас з дынамікаў пачулася, што нас да сябе запрашае дзяжурны па вакзалу.Калі мы падыйшлі да яго, там ужо былі два нейкіх чыноўнікі. Яны папрасілі нас паказаць свае пашпарты. Яны нам сказалі, што ў нашых пашпартох не адкрытыя візы ў Летуву, а таму летувіцкія мытнікі не прапусьцяць нас у Друскенінкай. Яны нам патлумачылі, што 20 лютага выйшла такое палажэньне Летувіцкае Рэспублікі, каб беларускія грамадзяне, якія вязуць на лекаваньне сваіх дзяцей у санаторый “Беларусь”, адчынялі візы, якія даюцца бясплатна. Аднаразовыя.

Беларускія чыноўнікі, якія сустракалі нас у Горадні на вакзале, нам прапанавалі свае паслугі: яны браліся за суткі адкрыць нам візы. Але за гэта мы павінныя былі заплаціць па мільёну з пашпарт. Некаторыя пайшлі на гэта. Але шмат хто не пагадзіўся. …Трэба было здымаць гатэль і чакаць. Карацей, з хворай дочкаю (мае дыягназ: гепатыт вірусу С ды іншыя хваробы) мы вярнуліся дадому ў Барысаў 15 сакавіка. Так пуцёўка наша й прапала”, – зазначыла Галіна Аціцкая.

Яна распавяла, што раней для таго,каб транспартаваць Наташу ў Друскенікі, маці й дачцы хапала агульнанацыянальных пашпартоў з дазваляльнай адзнакаю на выезд за межы Беларусі. Спадарыня Аціцкая лічыць, што летувіцкі бок мае права ўводзіць на ўезд-выезд свае правілы. Тым больш, што візы ў дадзеным выпадку – для бацькоў і дзяцей бясплатныя. Але да моманту выдачы пуцёвак, гэта значыцца, да 9 сакавіка, Міністэрства аховы здароўя мела магчымасьць і мусіла было паведаміць усім бацькам пра зьмены ў візавай практыцы летувіцкага боку. Але з прычыны бюракратызму мэдычнага ведамства такая інфармацыя не была абнародаваная.

Алесь Мікалайчанка, Барысаў


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org