RFE/RL |
Пятніца, 17 - Нядзеля, 19 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
(эфір 16 сакавіка) Сёньня ў Латвіі вэтэраны войскаў СС з Латыскага дабраахвотнага легіёну адзначылі гадавіну яго ўтварэньня і паміналі сваіх таварышаў… Каля дзьвюх тысячаў чалавек, зь іх каля 300 былых легіянэраў, якія змагаліся з савецкай уладай у Прыбалтыцы, “лясныя браты”, дэпутаты латыскага парлямэнту сёньня прайшлі калёнай па вуліцах Рыгі да помніку Свабоды, дзе ўсклалі кветкі. Былы легіянэр паведаміў, што змагаўся тады за свабодную Латвію, за такую Латвію, якой яна была ў 1918 годзе. Шэсьці і мітынгі, прысьвечаныя даце стварэньня Латыскага дабраахвотнага легіёну СС, у шэрагах якога з савецкаю ўладаю змагаліся 150 тысячаў латышоў, прайшлі ў іншых латыскіх гарадох – Юрмале, Ліепаі, Добэлі, Бауску, Гулбене. Больш як тысяча чалавек сабраліся ў мястэчку Лестэне, пад Тукумсам. Там ствараюцца брацкія могілкі, дзе ўжо перапахаваныя 479 легіянэраў. На вуліцах Рыгі расклееныя плякаты, зь якіх глядзіць зэмэссарг – баец адзьдзелаў – з аўтаматам у рукох. Яны запрашаюць на канцэрт “Наперад, латышы”, які адбываецца з нагоды сёньня ўвечары ў Рызе. У праграме – песьні сябраў Латыскага дабраахвотнага легіёну, прагляд відэасюжэтаў зь іх успамінамі. Шэсьце ў Рызе песьняй “Вставай, страна огромная!” сустракалі дзесяткі пікетоўцаў, якія разьмясьціліся недалёка ад манумэнту Свабоды. Удзельнікі пікету трымалі плякаты з надпісамі “Дзень легіянэраў “Ваффэн СС” – дзень міжнароднай ганьбы Латвіі”, “У Эўропе йдзем не з пустымі рукамі, а са сваім СС”. Паміж удзельнікамі шэсьця і пікету распачалася сварка. Паліцыі было шмат, але яна не мяшалася. Штогод памятныя мерапрыемствы ў Латвіі праводзіць “таварыства нацыянальных байцоў”, якое аб”ядноўвае каля 2-х тысячаў легіянэраў. Яны сьцьвярджаюць, што змагаліся за свабоду Латвіі, супраць камуністычнага рэжыму. Былыя вязьні гета, якія перажылі Халякост, называюць 16-га сакавіка “карычневым”, а то й “чорным” днём году і лічаць публічныя акцыі легіянэраў недапушчальнымі. Гаварыць на тэму Латыскага дабраахвотнага легіёну ў Латвіі нялёгка, бо невядома, якая ацэнка яго пераважае ў грамадзтве – калектыўная віна за зьнішчэньні людзей ці сантымэнт да змагароў з камуністамі. Афіцыйныя асобы Латвіі ў дадзеных мерапрыемствах удзелу не бяруць. Яны разглядаюць 16-га сакавіка як “небясьпечны дзень”… Вольга Караткевіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |