RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 17 - Нядзеля, 19 Сакавіка 2000

Сёньня:



(эфір 16 сакавіка)
Адной з галоўных мэтаў “Маршу Свабоды – 2” было спрыяньне перамоўнаму працэсу паміж уладамі і апазыцыяй. Як ацанілі “Марш” апазыцыя і ўлада, мы ўжо ведаем. А якія высновы зрабіў з учорашняй акцыі апазыцыі кіраўнік групы АБСЭ Ганс-Георг Вік, якому міжнародная супольнасьць даручыла быць пасярэднікам у перамоўным працэсе?

Шмат хто з удзельнікаў і назіральнікаў за “Маршам Свабоды – 2” зьвярнуў увагу на лёзунгі на ангельскай і беларускай мовах наступнага зьместу: “Мы настойваем на тым, каб група АБСЭ ўдзельнічала ў перамовах у беларускім пытаньні”. Раней такіх плякатаў у мітынгуючых ніколі ня было.

Зварот да новае тэматыкі безумоўна адлюстроўвае тую ролю, якую адыгрывае ў спробе дэмакратызаваць беларускае жыцьцё гэта аўтарытэтная міжнародная арганізацыя, у першую чаргу Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі.

Кіраўнік групы амбасадар Ганс-Георг Вік і супрацоўнік КНГ Крыстофэр Паніку ўважліва назіралі за ходам учорашняй акцыі, нешта занатоўвалі ў сваіх нататніках. І гэта цалкам зразумела – яны хацелі ўласнымі вачыма пабачыць, што адбудзецца пад час “Маршу Свабоды – 2”, каб потым даслаць дакладную справаздачу ў штаб-кватэру АБСЭ ў Вену.

Якое ж уражаньне засталося ў амбасадара Віка ад акцыі дэмакратычных беларускіх сілаў? У эксклюзіўным інтэрвію для нашага радыё кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ сказаў наступнае:

“У мяне была магчымасьць убачыць учорашнюю дэманстрацыю. Я адзначаю, што яна была зарганізаваная вельмі міралюбна. У мяне таксама стварылася ўражаньне, што абодва бакі былі вельмі асьцярожныя, што яны жадалі пазьбегнуць сутычак і боек, якія мог разьвязаць любы з бакоў.

Другое, што я хачу адзначыць – склад дэманстрантаў вельмі разнастайны: тут былі людзі рознага веку й рознага роўню матэрыяльнага дабрабыту, практычна ўсе пласты насельніцтва.

Акрамя таго, маніфэстацыя можа стаць адлюстраваньнем дэмакратычных структураў, якія ўзнікаюць у Беларусі. Мірныя дэманстрацыі зьяўляюцца нормаю жыцьця ўсіх разьвітых дэмакратычных краінаў, якія дазваляюць сваім жыхарам выказваць свае думкі ў свабоднай форме.

І мне было прыемна ўбачыць і пачуць, што ўдзельнікі “Маршу” выказвалі сваё ўхваленьне дзейнасьці, ролі й функцыям групы АБСЭ ў Менску. Я лічу гэта даволі важкім укладам у дыялёг, які працягваецца, і развіцьцё дэмакратычных рэформаў у Беларусі”.

Гэта быў амбасадар Ганс-Георг Вік.

І на заканчэньне адная навіна, якая тычыцца непасрэдна Кансультацыйна-назіральнае групы. Напрыканцы сакавіка ў Вене павінна адбыцца адмысловая нарада пад кіраўніцтвам дзейнае старшыні АБСЭ міністра замежных справаў Аўстрыі. На ёй будзе абмяркоўвацца далейшая тактыка й стратэгія дзейнасьці Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі.

Уладзімер Глод, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org