RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 17 - Нядзеля, 19 Сакавіка 2000

Сёньня



Заява Amnesty International у справе прысуду Андрэю Клімаву.

Паведамленьне Amnesty International.

“Сёньня ў судовай залі ў Менску Amnesty International была сьведкам таго, якая высокая цана плаціцца ў Беларусі за выступленьні супраць прэзыдэнта.

Пасьля больш як двух гадоў знаходжаньня у сьледчым ізалятары, Андрэй Клмаў, 41-гадовы дэпутат парлямэнту і бізнэсовец, пачаў сёньня адбываньне прысуду да шасьцігадовага турэмнага зьняволеньня. Пасьля спрэчнага 8-месячнага судовага працэсу, ў часе якога Клімаў быў шпіталізаваны пасьля зьбіцьця турэмнымі ахоўнікамі і стаў перад судом без абутку і ў парванай вопратцы, суд прызнаў яго вінаватым, між іншым, у тым, што ён будаваў дамы без адпаведнага дазволу ды фінанасавыя махінацыі.

Amnesty International лічыць, што абвінавачаньні на адрас Клімава палітычна матываваныя, і гэткім чынам дэпутата хочуць пакараць за тое, што ён крытыкаваў разгон Лукашэнкам ў 96-м годзе парлямэнту. Арганізацыя лічыць Андрэя Клімава вязьнем сумленьня.

Лёс Андрэя Клімава адлюстроўвае лёс іншых палітыкаў, якія кінулі выклік уладзе Аляксандра Лукашэнкі. Андрэй Клімаў зьяўляецца адным зь некалькіх палітыкаў, якія былі пакараныя за свае палітычныя перакананьні.

Арышт былога прэм’ера Беларусі Міхаіла Чыгіра ў сакавіку 99-га году па абвінавачаньні ў фінансавых злоўжываньнях выклікаў міжнародныя пратэсты. Пасьля 8-месячнага зьняволеньня ён умоўна быў вызвалены ў лістападзе 99-га году. Гэтак як і Андрэй Клімаў, Міхаіл Чыгір зьяўляецца апазыцыйным палітыкам, зьвязаным у мінулым з бізнэсам, і якому зараз пагражаюць абвінавачаньні ў карупцыі і магчымае зьняволеньне.

Яшчэ адзін сябра распушчанага парлямэнту, Валеры Кудзінаў, які асабліва гучна асуджаў разгон Лукашэнкам Вярхоўнага Савету, быў прысуджаны да 7-мі гадоў турмы”.


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org