RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 16 Сакавіка 2000

Сёньня



Сёньня ў Сэнаце Чэшскай Рэспублікі прайшлі беларускія слуханьні. Упершыню за апошні час чэскія ўлады надалі нагэтулькі сур’ёзную ўвагу сытуацыі ў Беларусі. Слуханьні мелі адкрыты характар. Рэпартаж з Калаврацкага палацу, дзе яны адбываліся, падрыхтвала Алена Ціхановіч.

Адчыніў слуханьні ў чэскім Сэнаце старшыня камітэту міжнародных справаў, абароны і бясьпекі Міхал Жантоўскі. Ён адзначыў, што слуханьні праводзяцца па рашэньні названага камітэту, які прыняў да ўвагі паўторныя звароты чэскіх грамадзкіх арганізацыяў і недзяржаўных структураў, а таксама шматлікія сыгналы пра недэмакратычны характар улады Аляксандра Лукашэнкі. Ва ўвагу быў узяты і штогадовы даклад Дзярждэпартэменту ЗША аб сытуацыі з правамі чалавека, дзе Беларусь адзначаецца ў вельмі нэгатыўным сьвятле. Міхал Жантоўскі ў сваім уступным слове таксама згадаў аб правядзеньні ў Менску Маршу Свабоды-2, на якім у якасьці назіральнікаў прысутнічалі і чэскія прадстаўнікі.

І да саміх слуханьняў была праяўленая даволі заўважная цікавасьць. Для сустрэчы быў адведзены “ружовы салён” Калаврацкага палацу, аднаго з будынкаў чэскага Сэнату. Салён быў поўны. Нягледзячы на “ружовасьць” інтэр’еру, у пераважнай большасьці выступленьняў гучалі крытычныя заўвагі і занепакоенасьць.

Афіцыйную пазыцыю Міністэрства замежных справаў Чэхіі выклаў прадстаўнік яго эўрапейскага камітэту Марцін Повейшыл. У інтарэсах Чэхіі, сказаў ён, захаваць Беларусь у межах эўрапейскай супольнасьці. У гэтай сувязі дыплямат выказаў некаторыя свае засьцярогі наконт новага выбарчага закону, які ўхвалены аднабакова, і выбары паводле якога зь цяжкасьцю могуць быць прызнаныя. Між тым, прадстаўнік чэскага МЗС падкрэсьліў, што на гэты час адкрытага канфлікту паміж Чэхіяй і Беларусьсю няма, і ў пэрспэктыве чэскі ўрад гатовы да ўзаемавыгоднага дзелавога супрацоўніцтва.

Пытаньне саюзу Расеі і Беларусі закрануў фактычна кожны з удзельнікаў слуханьняў. Вось меркаваньне Адама Гаўліна, кіраўніка беларускага цэнтру пры чэскай фундацыі “Чалавек у бядзе”:

(Гаўлін: ) “Гэтая дамова можа мець трагічныя вынікі ў выпадку, калі на Беларусь будзе пераведзеная ядзерная зброя, і калі Аляксандар Лукашэнка атрымае магчымасьць стаць прэзыдэнтам ядзрнай супердзяржавы”.

Адам Гаўлін пастаянна наведвае Беларусь. Таму сп. Гаўлін прадставіў на слуханьнях самы падрабязны даклад. Сярод рысаў сучаснай беларускай сытуацыі ён адзначыў наступнае: рэпрэсіі супраць мірных дэманстарнтаў, зьнікненьне апазыцыйных палітыкаў, затрыманьне дзяцей і падлеткаў, рост колькасьці ўцекачоў. Адам Гаўлін зазначыў, што крытычная беларуская сытуацыя ў нейкім сэнсе ўвесь час застаецца як бы захінутая ад міжнароднай увагі з-за разьвіцьця больш жосткіх крывавых канфліктаў – ці то Югаславія, ці то Чачня.

Але на сёньняшніх слуханьнях яўная перавага была аддадзеная менавіта Беларусі. Спадарыня Голі Картнэр, прадстаўніца праваабарончай сытуацыі Human Rights Watch, якая прыехала ў Прагу зm Ню-Ёрку, была гатовая прадставіць два даклады – па Чачні і па Беларусі. На просьбу старшыні, яна абмежавалася толькі Беларусьсю. Гаворыць Голі Картнер:

(Картнэр: ) “Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі доўгі час застаецца дрэннай. За мінулы год мы бачым, што яна нават пагоршылася. Мы заўважылі ўзмацненьне рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці, у прыватнасьці, супраць дэманстрантаў, незалежнай прэсы і, асабліва, супраць няўрадавых арганізацыяў. Некаторыя вядучыя лідэры апазыцыі зьніклі бяз сьледу. Разнастайныя захады ўжываюцца, каб запалохаць незалежную прэсу”.

Гэта была Голі Картнэр, выканаўчы дырэктар Human Rights Watch па рэгіёне Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

У якасьці госьця на слуханьні быў запрошаны Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савета 12 скліканьня. Сяргей Навумчык свой выступ прысьвяціў выключна тэме кантролю над беларускімі мас-медыя.

Дарэчы на сёньняшнія слуханьні былі запрошаныя і прадстаўнікі беларускай амбасады у Чэхіі. Пасол Уладзімір Бельскі накіраваў у адказ ліст, дзе заўважыў, што такія слуханьні несваечасовыя і што, калі і праводіць іх, то з удзелам беларускіх сэнатараў. Тым ня менш, паседжаньне наведаў першы сакратар амбасады Васіль Курловіч. Яму было дадзенае слова, і ён зрабіў спробу выкласьці афіцыйнае стаўленьне да крытыкі на адрас Менску. Аднак разьвіць вядомую тэорыю пра поўную адсутнасьць у Беларусі канфлікту спадару Курловічу не ўдалося. Старшыня паседжаньня Міхал Жантоўскі, былы амбасадар Чэхіі ў ЗША, спаслаўся на тое, што прысутныя ня так добра ведаюць расейскую мову і хацелі б выслухаць дыплямата праз перакладчыка. Беларускі дыплямат спаслаўся на адсутнасьць перакладчыка і на тое, што, маўляў, амбасада ўвогуле канкрэтнае запрашэньне на гэтыя слуханьні не атрымала. На гэтым афіцыйны беларускі бок свае тлумачэньні быў вымушаны спыніць.

У руках аднаго з прысутных я заўважыла кнігу, выдадзеную па-расейску “Дело Кудинова”. З гэтым дакумэнтальным выданьнем знаёміўся Пётар Уль, прадстаўнік рабочай групы ААН у справе расьсьледаваньняў несправядлівых зьняволеньняў. Спадар Уль паведаміў мне, што зьбіраецца наведаць беларускія турмы.

(Уль: ) “Хочам наведаць некаторых вядомых вязьняў, якіх называюць палітычнымі, а таксама некаторыя турмы. Але не для таго, каб дасьледаваць умовы іх побыту, але для таго, каб дасьледаваць юрыдычныя падставы іх зьняволеньня”.

Гаварыў Петр Уль, чэскі прадстаўнік у Жэнэўскай камісіі ААН.

Слуханьні працягваліся дыскусіяй, падчас якой ячшэ раз закраналіся дэталі кантракту па продажу чэскага збожжа Беларусі. Нагадаю, што збожжа прададзенае Беларусі ў крэдыт. Калі чэскі урад лічыць гэта проста выгаднай зьдзелкай, то прадстаўнікі грамадзкасьці і прэса выказваюць сумненьні наконт аплаты крэдыту, у выпадку чаго вагоны збожжа стануць свайго роду гуманітарнай падтрымкай рэжыму Лукашэнкі.

Па выніках слуханьняў Сэнат павінен прыняць афіцыйнае рашэньне у канцы сакавіка. Але шэраг пэрсанальных рашэньняў ужо прынятыя.

Пасьля заканчэньня слуханьняў я спытала сэнатара Яна Румла, якія высновы ён зрабіў для сябе. Вось што ён адказаў :

(Румл: ) “Мяркую, што гэта мала падпісваць пратэсты супраць палітычных зьняволеньняў у Беларусі. Трэба ў Беларусь езьдзіць. Я якраз пляную, што у канцы красавіка прыму ўдзел Чарнобыльскім шляху. Гэта – пэўны сымбаль змаганьня за свабоду ў Беларусі”.

Нагадаю, такое рашэньне прыняў сенатар Ян Румл, адзін зь вядомых і папулярных чэскіх палітыкаў.

Алена Ціхановіч


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org