RFE/RL |
Чацьвер, 16 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
У Менскім гарадзкім выканаўчым камітэце сёньня прайшлі перамовы сталічных уладаў зь лідэрамі прадпрымальнікаў “Камароўскага рынку”. Перамовы сталіся вынікам учорашняга страйку гандляроў, які напужаў сталічных чыноўнікаў. “Камароўскіх” гандляроў на сёньняшніх перамовах у гарадзкім выканаўчым камітэце прадстаўлялі сябры прафэсійнага саюзу “Садружнасьць” на чале з Кацярынаю Навумовіч. Вось што яна паведаміла нашаму радыё: “На гэтай нарадзе нам паказалі два пратаколы іншых нарадаў, зь якіх вынікае, што ініцыятыва зачыніць гандлёвую пляцоўку ТТП-1, зь якой прадпрымальнікі гандлююць таннымі харчовымі прадуктамі, належыць спадару Ярмошыну. У якасьці доказу нам паказалі пратакол нарады ў пытаньні нармалізацыі становішча на “Камароўскім рынку” і яго ваколіцах, якая адбылася яшчэ 10 лютага. Былы мэр Ярмошын, а зараз прэм’ер краіны, паводле пратаколу, пагадзіўся з усімі прапановамі. Цяперашні старшыня ўраду пад час свайго кіраваньня горадам вызначыў, што на згаданай пляцоўцы варта абсталяваць платную аўтамабільную стаянку. Сёньня чыноўнікі паказалі пальцам на Ярмошына, як віноўніка скандалу, што адбываецца на Камароўскім рынку”, – паведаміла Кацярына Навумовіч. Учорашні папераджальны страйк прадпрымальнікаў “Камароўкі” атрымаў шырокі розгалас сярод яе наведвальнікаў. Было сабрана некалькі тысячаў подпісаў жыхароў Менску. Як зазначыла спадарыня Навумовіч, асаблівае незадавальненьне пляны ўладаў выклікалі ў пэнсіянэраў. Сёньня гандляры аднавілі працу, што спрычынілася да павышанага наплыву пакупнікоў. Але мяркуемае закрыцьцё на “Камароўцы” гандлёвых плошчаў працягвала заставацца тут тэмаю ажыўленага абмеркаваньня. На думку гандляроў Камароўкі, зараз гарадзкія ўлады апынуліся паміж молатам і кавадлам. З аднаго боку, учора яны адчулі, як да іхных дзеяньняў ставяцца жыхары. З другога – чыноўнікі скаваныя лютаўскім рашэньнем Ярмошына, які пакуль ня даў указаньняў на яго перагляд. Няма сумневу, што непрыемнасьцяў уладам дадаў і цьвёрды намер лідэраў “камароўскіх” прадпрымальнікаў працягваць пратэст. На сёньняшніх перамовах у гарадзкім выканаўчым камітэце, паводле словаў Кацярыны Навумовіч, прадпрымальнікі заявілі, што на 25 сакавіка рыхтуюць яшчэ больш гучныя акцыі. Міхал Стэльмак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |