RFE/RL |
Чацьвер, 16 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Беларускія апазыцыйныя палітыкі ацэньваюць вынікі “Маршу Свабоды – 2”, што адбыўся ўчора, станоўча. Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў і рухаў называюць вынікі ўчорашніх шэсьця й мітынгу “станоўчымі”. Відавочныя перавагі над ранейшымі вулічнымі акцыямі яны бачаць у большай колькасьці ўдзельнікаў, а таксама ў мірным характары сёлетняга “Маршу Свабоды”. Гаворыць лідэр Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі “Народная Грамада” Мікола Статкевіч: (Статкевіч: ) “Вынікі відавочныя – нашае грамадзтва хоча пераменаў. Нягледзячы на страх, на запалохваньне, на тыя жудансныя карцінкі, якія круціла беларускае тэлебачаньне пасьля першага Маршу Свабоды пра зьбіцьцё людзей, пра крымінальныя справы. Людзі пераадолелі страх, найперш моладзь, і выйшлі на вуліцу. Я шчыра кажу, што чакаў меншай колькасьці людзей на вуліцах, але дапамог спадар Лукашэнка. Пасьля яго пазаўчарашняй заявы, калі ён заклікаў мінчанаў не выйсьці на вуліцы, каб паказаць “кто в доме хозяин”, гэта значыць – ён, кожны прыстойны чалавек, пачуўшы гэта, мусіў рабіць свой выбар”. Гэта былі меркаваньні Міколы Статкевіча. Падобныя думкі выказаў і сакратар Управы Беларускага Народнага Фронту Вячаслаў Сіўчык: (Сіўчык: ) “І тая колькасьць людзей, і тая рашучасьць, зь якой людзі бралі ўдзел у Маршы Свабоды, паказвае, што Беларусь будзе змагацца. Вельмі хораша, што на гэтым Маршы скрозь гучала дата 25 Сакавіка, Дзень Волі, і я думаю, што на Дзень Волі людзей прыйдзе яшчэ больш, бо Марш Свабоды – гэта першая веснавая акцыя апазыцыі. Ён сапраўды заклаў вельмі трывалы грунт для гарачай вясны 2000 года”. Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ бачыць вынікі масавых акцыяў у тым ліку і ў зборы подпісаў за незалежнасьць Беларусі. Гаворыць адзін зь лідэраў КХП БНФ Юрась Беленькі: (Беленькі: ) “Нашая партыя максымальна выкарыстала гэтае мерапрыемства для сваёй работы. Для нашай партыі прыярытэтным зьяўляецца змаганьне за незалежнасьць Беларусі. Гэта – галоўнае ў рабоце Беларускага Народнага Форнта з моманту яго стварэньня, і гэта ёсьць галоўнае сёньня для партыі БНФ. Таму пад час Маршу нашыя актывісты актыўна зьбіралі подпісы ў падтрымку незалежнасьці. Калі робяцца супольныя намаганьні партыяў на тое, каб адстойваць незалежнасьць, то, натуральна, гэта мы толькі вітаем”. “Марш Свабоды – 2” – першая вулічная акцыя з шэрагу заплянаваных акцыяў пад агульным назовам “Вясна – 2000”. Мікола Статкевіч лічыць, што мірны характар учорашняе акцыі не азначае, што надалей вулічныя шэсьці будуць праходзіць без наступстваў для ўдзельнікаў. Спадар Статкевіч не выключае мажлівасьці правакацыяў з боку уладаў: (Статкевіч: ) “Улады спадзяваліся, што пойдзе мала людзей, яны баяліся, яны ўзважвалі міжнародны рэзананс, заявы кіраўнікоў, прадстаўнікоў заходніх краінаў, і яны не пайшлі на правакацыі, спадзеючыся. Што будзе мала людзей. Але высьветлілася, што гэта спрацавала супраць. Я думаю, што цяпер верагоднасьць правакацыяў расьце”. Гаварыў лідэр БСДП Мікола Статкевіч. Ягоную думку падзяляе Юрась Беленькі: (Беленькі: ) “Я не магу сказаць, ня ўпэўнены, што мірна пройдзе акцыя 25 Сакавіка. Гэтая акцыя, якая прайшла ўчора, яна была пад агульна-дэмакратычнымі лёзунгамі, пад лёзунгамі правядзеньня перамоваў, але стрыжнем гэтай акцыі не было адстойваньне нашай незалежнасьці. Вось якраз акцыя 25 Сакавіка – гэта цалкам незалежніцкая акцыя, і ў рэчышчы палітыкі, якую праводзіць на Беларусі рэжым, рэжым не самастойны ў сваёй палітыцы. Дык зразумела, акцыя, якая накіраваная супраць гэтай палітыкі, яна будзе сустракаць адпор з боку ініцыятараў гэтай палітыкі па інкарпарацыі Беларусі”. (Карэспандэнт: ) “Спадар Сіўчык, учорашняя акцыя парайшла адносна спакойна. Ці значыць гэта, што акцыі надалей будуць насіць мірны характар?” (Сіўчык: ) “Справа ў тым, што нашая задача – дамагчыся палітычных мэтаў, і ні разу не было яшчэ сутычак на вуліцах Менску, якія правакавала б апазыцыя. Гэтым звычайна займаецца рэжым. Але ж да правядзенья вулічных акцыяў 2000 году далучаныя эўрапейскія структуры, ёсьць міжнародныя назіральнікі на нашых акцыях, таму ў рэжыму невялікія сёньня магчымасьці праводзіць свае правакацыі. Таму я думаю, што ў асноўным нашыя акцыі будуць адбывацца мірна і масава. Тое, што Марш Свабоды меў мірны характар, азначае, што 25 сакавіка людзей прыйдзе на вуліцы яшчэ больш”. Пасьля “Маршу Свабоды – 2” намаганьні беларускіх апазыцыйных партыяў скіраваныя на падрыхтоўку сьвяточных мерапрыемстваў, прымеркаваных да дня Волі 25 сакавіка. Ягор Маёрчык, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |