RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 16 Сакавіка 2000

Сёньня:



Судзьдзя Савецкага раёну Марыя Фёдарава вынесла сэнсацыйнае рашэньне ў справе зыску гэбрайскіх грамадзкіх арганізацыяў да выдаўцоў кнігі “Вайна па законах нізасьці”, згодна зь якім “Пратаколы сіёнскіх мудрацоў” і іншыя адкрыта антысэміцкія тэксты, апублікаваныя ў ёй, прызнаныя “зьвесткамі навуковага характару”, у сувязі з чым справа была спыненая без дэбатаў бакоў.

Такога прысуду не чакалі нават прадстаўнікі закрытага акцыянэрнага таварыства “Праваслаўная ініцыятыва”, што апублікавала 30-тысячным накладам гэтую скандальную кніжку. Яны сустрэлі рашэньне судзьдзі Фёдаравай гучнымі воплескамі. За дзьвярыма судовае залі, у перапоўненым калідоры, ім спачувала купка “баркашоўцаў”, апранутых у чорны камуфляж з выяваю стылізаванае свастыкі, якіх міліцыя чамусці адмаўлялася выстаўляць з судовых памяшканьняў.

Судзьдзя Марыя Фёдарава фактычна падтрымала аргумэнты адваката Валерыя Ярчака, што адстойваў інтарэсы выдаўцоў. Ён зьвярнуўся з хадайніцтвам аб спыненьні вытворчасьці ў справе на той падставе, што зьвесткі, апублікаваныя ў кнізе “Вайна па законах нізасьці”, на ягоны погляд, носяць навуковы характар, яны ўжо легальна публікаваліся раней, па ім вядзецца дыскусія навукоўцаў, і таму яны не падлягаюць судоваму разгляду.

Пры гэтым Ярчак спасылаўся на Грамадзянскі кодэкс і тлумачэньні пленуму Вярхоўнага суду Беларусі. Складальнік гэтае кніжкі Ўладзімер Чартовіч, ён жа генэральны дырэктар закрытага акцыянэрнага таварыства “Праваслаўная ініцыятыва”, аўтар прадмовы й пасьляслоўя да зборніка, судовае паседжаньне прайгнанаваў, спаслаўшыся на больш важныя справы.

Але ягоны прадстаўнік Валянцін Акулаў прывёў свае аргумэнты. Паводле ягоных словаў, у зборніку ня ўтрымліваецца аніякай інфармацыі ані аб Саюзе гэбрайскіх грамадзкіх арганізацыяў і абшчынаў, ані аб Саюзе гэбраяў-вэтэранаў Беларусі, ані аб асобных грамадзянах, якія падалі зыск у абарону гонару й годнасьці, а таму справу трэба спыніць.

Гаворыць Валянцін Акулаў: “Я думаю, што міжнацыянальную варажнечу распальваюць падобнага роду працэсы, таму што ёсьць рэчы, якія рашаюцца ня ў залі судовых паседжаньняў, а ў акадэмічных аўдыторыях, на навуковых канфэрэнцыях, у навуковых выданьнях”, – такая думка ў прадстаўніка адказчыка Валянціна Акулава.

Саюз гэбрайскіх грамадзкіх арганізацыяў і абшчынаў і саюз гэбраяў-вэтэранаў патрабавалі ў сваіх зысках прызнаць неадпавядаючымі рэчаіснасьці зьвесткі, апублікаваныя ў кнізе “Вайна па законах нізасьці”, і адклікаць яе наклад з гандлю. Асобныя грамадзяне, што далучыліся са сваімі пэрсанальнымі зыскамі, патрабавалі таксама матэрыяльную кампэнсацыю. Рашэньнем судзьдзі прадстаўнікі гэбрайскай абшчыны былі расчараваныя.

Гаворыць прэзыдэнт Саюза гэбрайскіх грамадзкіх арганізацыяў і абшчынаў Леанід Левін:

“Я мяркую, што гэта цырк, калі мы будзем у сваёй айчыне ўсе такія заявы разглядаць з такога пункту гледжаньня, што гэта дыскусія… Мы ня згодныя з гэтым і мы будзем далей змагацца за свае правы… Мы б хацелі дабіцца, каб у Беларусі зноў не паднялі галаву нацызм, фашызм і ўсё астатняе, таму што тое, што адбываецца, нас вельмі хвалюе. Мы адчуваем, што гэта ўсё ня проста так, мы адчуваем, што за гэтым актам стаяць нейкія сілы, якія падтрымліваюць усю гэтую поскудзь. Нам здаеццца, што гэтая хваля йдзе з Расеі. А гэта ўжо вельмі дрэнна”, – гаварыў Леанід Левін у інтэрвію “Радыё Свабода”.

Якаў Басін, які выступіў з уласным зыскам да “Праваслаўнай ініцыятывы”, выказаў зьдзіўленьне, што суд нават адмовіўся выслухаць ягоны пункт гледжаньня і аргумэнты. Адвакат саюзу гэбрайскіх арганізацыяў Канстантын Бялоў паведаміў, што рашэньне Савецкага раённага суду будзе абскарджана ў гарадзкім судзе.

Тым часам, арганізацыя атрымала з Генэральнай пракуратуры адпіску на зварот аб ўчыненьні злачынства – а менавіта распальваньня міжнацыянальнае варажнечы – выдаўцамі кніжкі “Вайна па законах нізасьці”. Старэйшы пракурор управы агульнага нагляду Новікаў паведаміў, што пракуратураю праводзіцца дэталёвае вывучэньне гэтага факту, але канчатковых вынікаў пакуль што няма. Якія будуць высновы пракуратуры, можна прадбачыць, зыходзячы з рашэньню суду Савецкага раёну Менску на карысьць выдаўцоў антысэміцкае кніжкі.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org