RFE/RL |
Чацьвер, 16 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Група экспэртаў ААН правяла расьсьледаваньне інфармацыі аб парушэньні санкцыяў на пастаўку зброі ангольскаму сэпаратысцкаму руху УНІТА. Цяпер яе справаздачу абмяркоўвае на сваім паседжаньні Рада Бясьпекі. Сярод падазроных ў парушэньні эмбарга ААН есьць і ўрад Беларусі. Каб крыху зразумець, што ж адбываецца сёньня ў Анголе, дзе, дарэчы, зусім нядаўна загінула шасьцёра беларускіх летчыкаў, трэба адпаведнае выясьненьне. Ангола – адна з самых багатых афрыканскіх краінаў, але толькі тэарэтычна. Грамадзянская вайна, якая ідзе тут амаль на працягу усіх апошніх 25 гадоў, зьядае ўсё яе нацыянальнае багацьце. Ангола, былая партугальская калёнія, была адной з апошніх афрыканскіх
краінаў, якая атрымала незалежнасьць. Незалежнасьць гэтая прыйшла пасьля
працяглай нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў 1975 годзе. Але не пасьпелі
яшчэ змоўкнуць гукі салютаў з нагоды ад’езду апошняга партугальскага жаўнера,
як у Анголе пачалася новая вайна. Тым разам паміж двума галоўнымі партызанскімім
рухамі, якія яшчэ нядаўна ваявалі разам супроць партугальцаў: марксысцкім
рухам МПЛА і племенным рухам з паўдневай Анголы УНІТА.
Толькі ў 1991 годзе паміж МПЛА і УНІТА было заключанае мірнае пагадненьне, і ў краіне было вырашана правесьці дэмакратычныя парлямэнцкія выбары пад міжнародным кантролем. Выбары гэтыя адбыліся ў 1992 годзе, і выразную перамогу на іх атрымала МПЛА. УНІТА вымушаная была пераўтварыцца ў нармальную апазыцыйную палітычную партыю, але яе лідэры на чале Джонатанам Савімбі адмовіліся ад гэтага і пачалі новую вайну супроць тым разам ужо законна абранага ўраду краіны. УНІТА такім чынам страціла падтрымку Захаду і ў сваёй новай вайне вымушаная была разьлічваць толькі на свае ўласныя сілы. Больш таго, Рада Бясьпекі ўвяла супроць УНІТЫ міжнародныя санкцыі на пастаўкі зброі. Здавалася, што пад такім моцным міжнародным націскам дні змаганьня УНІТЫ палічаныя. Здарылася зусім інакш. Улетку 1995 году войскі УНІТЫ нанеслі нават шэраг адчувальных паразаў урадавай арміі і былі блізкія канчатковай перамогі. Пры гэтым на ўзбраеньні ў арміі УНІТЫ была сучасная зброя галоўным чынам усходнеэўрапэйскай вытворчасці. Высьветлілася, што санкцыі ААН стала парушаюцца. Але кім? Рада Бясьпекі вырашыла правесьці расьсьледаваньне. І вось цяпер яно закончанае, і Рада Бясьпекі на сваім пасяджэньні абмяркоўвае яго вынікі. Сталы прадстаўнік Швэцыі ў ААН, Андэрс Мёландэр, які старшыняваў на ўчорашнім паседжаньні Рады Бяспекі, у сваім камэнтары падчас абмеркаваньня дакладу ў справе Анголы падкрэсьліў наступнае: “Справа Анголы таму такая важная, што гаворка ідзе пра рэальную вартасць санкцыяў як такіх, пра іх мэтазгоднасць для Араганізацыі Аб’янднаных Нацыяў, для сыстэмы міжнародный бяспекі”. У дакладзе ў якасьці вінаватых у зламаньні эмбарга на пастаўкі зброі ў Анголу фігуруюць шэраг былых сацыялістычных краінаў і былых савецкіх рэспублікаў СССР. Гэта: Балгарыя, Украіна, Расейская Фэдэрацыя і Беларусь. Адразу ўзьнікае пытаньне: чаму Беларусь? З дакладу экспэртаў ААН высьвятляецца, што яны наведалі Беларусь, праводзілі тут расьсьледаваньне і згадваньне ўраду Беларусі ў якасьці падазронага небеспадстаўнае. Што ж рабілі экспэрты ААН у Беларусі? Каб атрымаць адказ на гэтае пытаньне я пазваніў у Менск у Міністэрства замежных справаў. Вось, што адказаў на гэтае пытаньне прэсавы сакратар МЗС Мікола Барысевіч. (Барысевіч: ) “У нас быў член гэтай групы. Зь ім ў нас адбылася вельмі добрая размова. Мы паінфармавалі яго аб парадку экспартнага кантролю ў Беларусі. Пазнаёмілі зь іншымі справамі. І ніякіх нараканьняў зь ягонага боку не было”. Як бачым, пакуль што ў беларускім міністэрстве зам. справаў робяць выгляд, што яны па-просту мала што ведаюць пра даклад экспэртаў. Але Мікола Барысевіч паабяцаў мне высьветліць усе магчымыя дэталі справы, і мы дамовіліся скантактавацца на наступным тыдні. Тая зброя, што пастаўлялася ў Анголу і з чым жаўнеры УНІТЫ пасьпяхова змагаліся супроць урадавай арміі, не было нейкай састарэлай зброяй пэрыяду другой сусьветнай вайны. Гэта былі супроцьпаветраныя ракеты тыпу САМ-6, устаноўкі залпавага агню “Град”, сучасныя супроцьтанкавыя комплексы і інш. Каб авалодаць гэтай тэхнікай дзясяткі, а магчыма і сотні афіцэраў і жаўнераў УНІТЫ прайшлі спэцыяльную падрыхтоўку ў адной з вышэйзгаданых краінаў, што таксама выразна супярэчыць санкцыям ААН. Важнае тут і тое, за ўсе гэтыя пастаўкі УНІТА плаціла цьвёрдай валютай, бо пад яе кантролем знаходзіцца адно з самых багатых у сьвеце радовішчаў дыямантаў, якія яно ў абыход санкцыяў ААН прадае на вольным рынку. Так што продаж зброі УНІЦЕ – гэта даволі неблагі бізнэс, і пасярэднікаў якія б хацелі атрымаць звышпрыбыткі хапае. Андэрс Мёлэндар, швэдзкі прадстаўнік у ААН, які старшыняваў на ўчарашнім паседжаньні Рады Бясьпекі, наступным чынам пракамэнтаваў гэтую сытуацыю: “УНІТА зусім не патрабавала накіроўваць сваіх людзей у краіны, якія прадавалі зброю. Трэба было толькі сказаць шматлікім пасярэднікам, што ім патрэбна. А пасярэднікі ўжо самі знаходзілі ўсе патрэбнае”. У якасьці галоўнага абвінавачанага ў зламаньні санкцыяў супроць УНІТЫ ў дакладзе згадваецца Балгарыя. Есьць дакумэнтальныя сьведчаньні, што самалёты са зброяй прыбывалі ў ангольскі аэрапорт Андуго, які знаходзіцца пад кантролем УНІТЫ, непасрэдна з Балгарыі. Балгарскі ўрад таксама прызнаў, што тройчы ў 1997 – 98 гг. ён выдаў 19 ліцэнзыяў на пастаўкі зброі ў Тога, адкуль, як высьветлілі экспэрты ААН, яна накіроўвалася ў Анголу. Есьць інфармацыі і аб тым, што менавіта ў Балгарыі ў 1997 годзе прайшла падрыхтоўку група 44 унітаўцаў. Балгарскі ўрад пад націскам неабвержных доказаў вымушаны быў часткова прызнаць сваю віну. Тут таксама патрэбнае адпаведнае вытлумачэньне. У той час, калі Балгарыя парушала санкцыі ААН, тут пры ўладзе знаходзіліся посткамуністы. Цяпер жа краінай кіруюць зусім іншыя людзі з правых і цэнтрысцкіх партыяў, якія актыўна намагаюцца, каб іх краіна ўступіла ў НАТА і далучылася да Эўрапэйскага Зьвязу. Таму, магчыма, цяперашнія балгарскія ўлады актыўна супрацоўнічалі з групай экспэртаў ААН ў расьсьледаваньні гэтай справы. Даволі багатую інфармацыю на тэму незаконных паставак зброі ў Анголу далі экспэртам ААН і ўлады Ўкраіны. Беларускія ж улады, дарэчы, так як і расейскія, цалкам адмовіліся дапамагаць у расьсьлаедваньні. Чаму? Чаму маўчаць беларускія ўлады? Чаму маўчыць такі гаваркі на розныя міжнародныя тэмы Аляксандр Лукашэнка? Мікола Іваноў (Працяг расьсьледаваньня Міколы Іванова – у наступных выпусках старонкі)
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |