RFE/RL |
Серада, 15 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Сёньня ўвечары ў Салігорску адбыўся мітынг салідарнасьці з удзельнікамі менскага “Маршу-Свабоды-2”. Гэты мітынг, як амаль усе папярэднія акцыі прадстаўнікоў апазыцыі ў горадзе шахцёраў, адбыўся на стадыёне “Будаўнік”, хаця заяўнікі прасілі гарвыканкам дазволіць правесьці палітычнае мерапрыемства ў цэнтры гораду. Дарэчы, арганізатары акцыі, а імі сталі прадстаўнікі Беларускага незалежнага прафсаюзу, за гэты мітынг заплацілі грошы – каля 30 тысячаў беларускіх дэнамінаваных рублёў. Нягледзячы на тое, што вялікая група салігорцаў зьехала на “Марш Свабоды – 2” у Менск, не зважаючы на мокры сьнег з дажджом, акцыя сабрала каля 1000 удзельнікаў. І прайшла пад сьцягамі незалежнага прафсаюзу, Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”, якая ў партнэрскіх дачыненьнях з БНП. Мелі адзначыць і адмысловым пікетам Дзень канстытуцыі мясцовыя народнафронтаўцы. Але ў апошні момант не знайшлі грошай, каб заплаціць выканкаму за правядзеньне акцыі. Таму іхнае мерапрыемства не адбылося. На мітынгу, які вёў віцэ-старшыня незалежнага прафсаюзу Мікола Дзялендзік, пад час якога выступілі шахцёр, сябра “Народнай Грамады” Мікола Зімін, выхавацелька дзіцячага садку Ніна Ярмалінская, актывісты Беларускага незалежнага прафсаюзу Тацяна Калода і Павал Масіевіч, іншыя жыхары Салігорску, згадвалася: землякі праз антынародную сацыяльную палітыку Аляксандра Лукашэнкі даведзеныя да апошняй рысы жабрацтва. Нават гарнякі-забойнікі зь “Беларуськалію” цяпер зарабляюць за месяц у сярэднім, паводле рэальнага валютнага курсу, ад 150 да 200 даляраў ЗША. А ёсьць такія катэгорыі работнікаў, чый заробак складае 20 – 25 тысячаў дэнамінаваных рублёў. Яшчэ менш атрымліваюць вэтэраны працы, асабліва на вёсцы. Выступоўцы рэзка крытыкавалі Аляксандра Лукашэнку за ягоныя памкненьні інкарпараваць Беларусь у склад Расеі. За грубыя парушэньні Канстытуцыі, перасьлед іншадумцаў. Гэта ўсё зафіксавана ў аднагалосна прынятай мітынгам рэзалюцыі. У рэзалюцыі, між іншым, сказана: “Лічым, што ўся выканаўчая ўлада павінная быць перададзеная ўраду Рэспублікі Беларусь, які абавязаны забясьпечыць дэмакратычныя выбары прэзыдэнта Беларусі, парлямэнту. Выбары павінныя кантраляваць міжнародныя назіральнікі”. Салігорцы запатрабавалі ад Аляксандра Лукашэнкі неадкладна, пры пасярэдніцтве АБСЭ, распачаць не так званы дыялёг, а рэальныя перамовы з палітычнай апазыцыяй. Алесь Мікалайчанка, Салігорск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |