RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 15 Сакавіка 2000

Сёньня



Міжнародны Інстытут Прэсы (МІП) апублікаваў сёньня сваю штогадовую справаздачу аб свабодзе слова ў 165 краінах сьвету. Найбольшай пагрозай свабодзе слова названыя вайсковыя канфлікты – і тут на першым месцы былая Югаславія, а таксама расейская вайна ў Чачні. Трэцяй ідзе мірная Беларусь.

“Незалежнае радыё і тэлебачаньне ў Беларусі даўно расьціснутыя. Перасьлед супраць незалежных СМІ не спыняецца. Незалежныя СМІ ў Беларусі загнаныя ў кут”.

Так адкрываецца прысьвечаны Беларусі разьдзел. Разьдзел, дзе зьмешчаная гэтая глава, азагалоўлены “Эўрапейская ілюзія свабоды сродкаў масавай інфармацыі”.

Ў Беларусі ўлады выкарыстоўваюць старыя і новыя мэтады ўціску незалежных журналістаў. Ужываюцца такія добра вядомыя спосабы як афіцыйныя папярэджаньні, адмова ў прадстаўленьні інфармацыі, умяшальніцтва ў друкарнях, арышты, запалохваньне і зьбіцьцё, а таксама – новыя сродкі, напрыклад, патрабаваньне перарэгістрацыі.

Міжнародны Інстытут Прэсы* пералічвае некаторыя факты перасьледу незалежнага друку. У сакавіку летась газэта “Згода” была абвінавачаная Дзяржаўным Камітэтам у справах прэсы ў закліку да зьвяржэньня ўлады, бо надрукавала дакумэнты няйснуючага, на думку уладаў, воргана – Цэнтральнай выбарчай камісіі пад кіраўніцтвам Віктара Ганчара. Шэсьць незалежных газэтаў атрымалі падобнае папярэджаньне. У адказ рэдактары выступілі з адкрытым лістом на імя старшыні Вышэйшага эканамічнага суду Ўладзімера Бойкі.

“Нам няма чаго спадзявацца, у нас няма гарантыяў, нашыя правы і свабоды не абароненыя, мы жывем і працуем ва ўмовах, дзе не йснуе закону,” – цытуе МІП ліст рэдактараў.

Сярод іншых прыкладаў перасьледу свабоды слова ў Беларусі згадваецца судовы зыск дзяржсакратара Віктара Шэймана да газэты “Навіны”, які прывёў да спыненьня выданьня, цяжкасьці з рэгістрацыяй “Народнай Волі”, зьбіцьцё трох сябраў БАЖу баевікамі фашыстоўскай арганізацыі РНА ў лютым летась, і зьбіцьцё паэта, супрацоўніка “Нашай Нівы” Славаміра Адамовіча ў красавіку.

МІП прыводзіць факты раптоўнага падвышэньня друкарскіх тарыфаў у Гомелі, рэйдаў эканамічнай паліцыі ў Баранавічах, цытуе выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра “нашыя так званыя незалежныя фашыстоўскія СМІ”. У справаздачы канстатуецца, што пратакол пра доступ апазыці да СМІ, падпісаны пры пасярэдніцтве АБСЭ, быў скасаваны Лукашэнкам.

У якасьці станоўчага прыкладу МІП спасылаецца на пачатак вяшчаньня Радыё Рацыя і Балтыйскіх хваляў на Беларусь

Аляксандар Лукашук

* Міжнароднаы Інстытут Прэсы быў заснаваны ў 1950 годзе і аб’ядноўвае рэдактараў, выдаўцоў і вядучых журналістаў газэтаў, часопісаў, радыё, тэлебачаньня і агенцтваў навінаў з больш чым 100 краінаў сьвету. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Вене.


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org