RFE/RL |
Серада, 15 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Якраз у гэтыя хвіліны ў Ню-Ёрку адбываецца паседжаньне Рады Бясьпекі ААН, дзе таксама фігуруе Беларусь – на гэты раз ня ў справе дэмакратыі і правоў чалавека, а – нелегальнага гандлю зброяй. Толькі што мы атрымалі паведамленьне ад акрэдытаванага пры ААН нашага карэспандэнта Боба Макмэна. Рада Бясьпекі слухае даклад у справе парушэньня санкцыяў ААН пастаўшчыкамі зброі з Усходняй Эўропы для ангольскага паўстанцкага руху УНІТА. Сярод галоўных падазраваных ў нелегальным гандлі зброі разам з Балгарыяй, Расеяй і Украінай называецца Беларусь. Даклад на 60-ці старонках прадстаўляе старшыня аанаўскага камітэту ў справах санкцыяў за пастаўку зброі канадыйскі амбасадар ў ААН Робэрт Фаўлэр. У дакладзе адзначаецца, што пасьля распаду Варшаўскага блёку ва Ўсходняй Эўропе засталося вельмі шмат сучаснай зброі і сродкаў яе вытворчасьці. Цяпер гэты тавар прасоўваецца на сусьветныя рынкі, часам, насуперак санкцыям ААН. Беларускія ўлады крытыкуюцца перш за ўсё за адмову прадаставіць усе неабходныя зьвесткі і нежаданьне супрацоўнічаць з камітэтам ААН у гэтай справе. Робэрт Фаўлер робіць 39 рэкамэндацыяў, частка зь якіх тычыцца афіцыйнага Менску. Камітэт ААН настойвае на прадстаўленьні ўсёй запатрабаванай інфармацыі і абавязвае старшыню камітэту дамагацца выкананьня гэтага патрабаваньня беларускімі ўладамі. Паводле нашых зьвестак, на Раду Бясьпеку запрошаны прадстаўнік Беларусі. Пакуль ён ня меў слова. Наш карэспандэнт ў ААН сочыць за дэбатамі, мы спадзяемся на сьвежую інфармацыю ў нашай вечаровай праграме а 22-й гадзіне. Аляксандар Лукашук
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |