RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 15 Сакавіка 2000

Сёньня



Нашыя карэспандэнты рухаюцца разам з калёнай дэманстрантаў. Зараз яны на вуліцы Сурганава. Трэцяе простае ўключэньне ў эфір.

(Каліноўскі: ) “Вуліца Сурганава значна больш вузкая, чым праспэкт Скарыны і таму кіраваць калёнай больш складана. Да гэтага часу ніякіх сур’ёзных эксцэсаў не назіралася. Адзінае, што карэспандэнт НТВ Калпакоў паведаміў нам, што пасьля таго, як ён зрабіў здымкі на плошчы Якуба Коласа, на яго напалі некалькі невядомых людзей, ударылі, і толькі салідарныя журналісты выратавалі яго ад іх. Спадар Калмакоў выказаў меркаваньне, што гэта і былі якраз прадстаўнікі расейскіх баркашоўцаў.

Калпакоў жывы і здаровы, а тых трох здалі міліцыі дружынікі і журналісты.

Сярод незвычайных аздабленьняў калёны я зараз бачу ў моладзі на тварах да болю знаёмыя маскі – вусатыя і насатыя – гэта нешта новае прыдумалі дэманстранты. Ну і шмат знаёмых і новых лёзунгаў. Можна сказаць, што пакуль сьвята ўдалося.

Пра сэнс гэтай акцыі я папрасіў расказаць спадара Вячорку, які знаходзіцца побач са мной.

Які сэнс вы ўкладаеце ў гэтую акцыю?

(Вячорка: ) “Сэнс гэтай акцыі, зразумела, ня простае адзначэньне 15 сакавіка як Дня Канстытуцыі 94-га году, бо, ведама, мы ўсе не прызнаем таго канстутыйнага перавароту, які быў учынены ў 96-м годзе. То бок, гэта перадусім сьведчаньне, што мы зь пераваротам ня згодныя.

Гэтая акцыя мае цэлы шэраг значэньняў: за Беларусь, за свабоду, за незалежнасьць, пад агульным назовам “Вясна-2000”.

Задача гэтай акцыі засьведчыць, што грамадзтва цалкам пераадолела страх, пераадолела тую прапагандовую накачку, якой суправаджаўся першы Марш Свабоды, калі былі правакацыі, арганізаваныя ўладамі.
Задача гэтай акцыі засьведчыць і беларускаму грамадзтву, і ўсяму сьвету, і Расеі напярэдадні ёйных выбараў, што Беларусь – не кавалак, які вельмі лёгка праглынуць, і што Беларусь прагне вярнуцца ў сям’ю цывілізаваных народаў.

Вельмі важны акцэнт, асабліва, актуальны ў зьвязку з цяперашняй дэмагогіяй, якой поўніцца афіцыйны эфір і старонкі афіцыйных газэтаў.

Мы, ўдзельнікі сёньняшняга Маршу, выступаем за перамовы, за двухбаковыя палітычныя перамовы паміж рэжымам і палітычнай незалежніцкай апазыцыяй пры пасярэдніцтве АБСЭ, і ў тым фармаце, які быў узгоднены ў 1999 годзе. І ніякія аморфныя дыялёгі ня могуць замяніць такіх перамоваў”.

(Радкевіч: ) “Спадар Вячорка, я памятаю, што летась вы спалілі тэкст беларуска-расейскай дамовы, тым самым паказаўшы сваё стаўленьне да яе. Скажыце, калі ласка, вы нічога не зьбіраецеся паліць сёньня?”

(Вячорка: ) “Не, сёньня я не зьбіраюся паліць, сёньня я зьбіраюся раздаваць запрашэньні на 25 сакавіка, на Дзень Незалежнасьці, які павінен стаць адным зь пікавых дзён у барацьбе за абарону незалежнасьці Беларусі, супраць інтэграцыйных намаганьняў, якія з прыходам да ўлады Пуціна, становяцца ўсё больш цынічнымі.

А тое, што я спаліў тэкст дамовы – я гатовы спаліць яго тысячу разоў, таму што тое, што расейскія эмісары сёньня прыяжджаюць у Беларусь, зьвязанвыя з войскамі і спэцслужбамі, паказвае, якім зьместам напаўняецца гэтая так званая саюзная дамова”.

(Радкевіч: ) “Нагадаю, што на сувязі быў старшыня руху БНФ Вінцук Вячорка. Валер, колькі паводле тваіх ацэнак, знаходзіцца ў калёне чалавек?”

(Каліноўскі: ) “Я гэтае пытаньне задаў падпалкоўніку, які кіруе грамадзкім парадкам. Ён адказаў, што ня ведае. Але калі мы былі прыблізна ля ўнівэрсаму “Рыга”, ён сказаў, што хвіліну назад калёна сышла нарэшце з праспэкту Скарыны. Такім чынам, яна расьцягнулася кілямэтры на два. Я мяркую, што тысяч 15-20 ёсьць. Людзі яшчэ далучаюцца”.

(Радкевіч: ) “То бок, можна сказаць, што колькасьць удзельнікаў перакрыла леташнюю”.

(Каліноўскі: ) “Менавіта гэтак мне адказаў спадар Лябедзька. Ён быў вельмі задаволены і шчасьлівы такім разьвіцьцём падзеяў.

Зараз нашая калёна падыходзіць паступова да месца мітынгу. Там адбудзецца мітынг і канцэрт”.

Валер Каліноўскі


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org