RFE/RL |
Серада, 15 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Першы рэпартаж нашага карэспандэнта ў з плошчы Якуба Коласа ў Менску. (Радкевіч: ) “Віталь, ці шмат народу прыходзіць на плошчу? Што ты бачыш, вакол?” (Цыганкоў: ) “Я стаю ў цэнтры плошчы, дзе зьбіраюцца людзі. На гэты момант – мы гэта абмяркоўвалі і зь іншымі журналістамі – сабралося недзе 7-8 тысяч чалавек. Дарэчы будзе сказаць некалькі словаў пра сёньняшняе надвор’е, якое вельмі важнае для ўсіх масавых акцыяў. Надвор’е сёньня зусім не спрыяе арганізатарам акцыі: ідзе дождж, сьнег, на небе – нізкія, цяжкія хмары. Звычайна на час пачатку акцыі зьбіраецца няшмат людзей. Многія далучаюцца пад час шэсьця. Так што гэта трэба ўлічваць. Я, шчыра кажучы, быў зьдзіўлены такой вялікай актыўнасьцю людзей на самым пачатку акцыі. Іх ужо 7-8 тысячаў, і ўвесь час з мэтро выходзяць новыя і новыя людзі. Зараз на плошчы мы бачым сьцягі БНФ, Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, Сацыял-дэмакратычнай партыі”. (Радкевіч: ) “Віталь, а колькі міліцыі вакол? Каго больш на плошчы – міліцыянтаў ці дэманстрантаў?” (Цыганкоў: ) “Шчыра кажучы, міліцыі на плошчы амаль зусім ня бачна. Сёньня недзе за поўгадзіны мы зь іншымі журналістамі прайшліся па навакольных дварох прылеглых дамоў і не знайшлі там ніякага АМОНу, а тут на плошчы стаяць літаральна некалькі дзясяткаў міліцыянтаў. Прысутнічае намесьнік старшыні гарвыканкаму Віктар Чыкін, які перад пачаткам акцыі вёў нейкую размову са спадаром Вячоркам. Я падыйшоў да Чыкіна, ён сказаў, што ўсё ў парадку, і што ён пакуль задаволены ходам акцыі”. (Радкевіч: ) “А арганізатары акцыі задаволеныя такім тэмпам збору ўдзельнікаў? Чым гэта адрозьніваецца ад мінулага Маршу Свабоды? Там што, таксама спачатку было няшмат, а пасьля павялічылася колькасьць удзельнікаў?” (Цыганкоў: ) “Арганізатары стаяць далёка ад мяне на імправізаванай трыбуне ля помніка Якубу Коласу, і я туды прарвацца не магу, бо там цяжка было б весьці наш эфір. Магу сказаць, што ў 17.40 выступіў Віктар Івашкевіч. Ён сказаў, што ён – кіраўнік дружыны, што ў дружыне некалькі сотняў чалавек, і папярэдзіў, што магчымыя правакацыі з боку РНЕ. Ён заклікаў людзей не паддавацца на гэтыя правакацыі, скручваць правакатараў і здаваць на рукі дружыны”. (Радкевіч: ) “Дружыны вакол відаць шмат?” (Цыганкоў: ) “Так, гэта людзі ў павязках і са значкамі. Само шэсьце
пачынаецца ў 18.15”.
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |