RFE/RL |
Серада, 15 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Акцыя ў падтрымку сёньняшняга “Маршу Свабоды – 2” у Менску адбываецца сёньня ў сталіцы Бэльгіі, Брусэлі… На сувязі з Брусэлю Ігар Лазарчук, адзін з актывістаў тамтэйшай беларускай суполкі. (Карэспандэнт: ) “Раскажыце пра акцыю ў Брусэлі…” (Лазарчук: ) “Зараз у нас адбываецца пікет ля беларускай амбасады. Гэта самы буйны пікет, які мы зараз праводзім. Як для Бэльгіі, дык людзей зашмат. 40 – 50 чалавек. Вось якраз выйшаў новы амбасадар і хлопцы крычаць яму: “Жыве Беларусь!”. Ён адразу зачыніў дзьверы. І рэакцыі беларускай амбасады не было. Як заўсёды. Толькі здымалі з вокнаў, вокны былі завешаныя фіранкамі. Мы трымаем плякаты “Свабодныя выбары ў Беларусі!”, “Свабоду палітвязьням!”, “Рэжым Лукашэнкі – у адстаўку!”, “Свабоду прэсе!” (Карэспандэнт: ) “40 – 50 чалавек удзельнічаюць у гэтым пікеце…” (Лазарчук: ) “Так, так. 7-8 машынаў. Мы ехалі вялікай калёнай. Па пяць чалавек. Людзі, якія жывуць у Брусэлі, самі прыйшлі сюды. Як зь іншых гарадоў – Антвэрпэну, Намюру”. (Карэспандэнт: ) “Адкуль і куды йшла калёна? Можна сказаць, што “Марш Свабоды” адбываецца таксама і ў Брусэлі?” (Лазарчук: ) “Калёна ехала па цэнтры Брусэлю. Па вуліцы Мальер. Гэта вуліца амбасадаў. І мы рухаліся калёнай да беларускай амбасады. Тут нас ужо чакала паліцыя, якая сачыла за парадкам. Мы выйшлі з плякатамі, з воклічамі “Жыве Беларусь!”. І выстраіліся. Вельмі шмат людзей, вельмі шмат. Я сам такога не чакаў, што наш кліч так добра пройдзе па Бэльгіі”. (Карэспандэнт: ) “Гэта ўсё беларусы?” (Лазарчук: ) “Гэта ўсё тутэйшыя беларусы. Палітычныя ўцекачы ад палітычнага рэжыму ў Беларусі”. (Карэспандэнт: ) “Ігар, ці была заўважаная памоцненая ахова амбасады Беларусі?” (Лазарчук: ) “Так. Узмоцненая ахова. Вось зараз стаяць дзьве машыны. Грузавікі з паліцыянтамі. Яны ўжо ведаюць нас. Плюс яны выклікалі антытэрарыстычны цэнтар. Нас хлопцы з антытэрарыстычнага цэнтру ведаюць, яны нам раней візытоўкі давалі. Амаль столькі ж паліцыянтаў, колькі нас. Гэта выклікала беларуская амбасада”. (Карэспандэнт: ) “А якая зацікаўленасьць у саміх бэльгійцаў, мінакоў…” (Лазарчук: ) “Усе прыпыняюцца. Чытаюць плякаты. Плякаты мы падрыхтавалі на французскай, галяндзкай, ангельскай мовах. Таксама на беларускай і расейскай”. Гутарыла Алена Радкевіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |