RFE/RL |
Серада, 15 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
У Кіеве сёньня пікетавалі амбасаду Беларусі. Удзельнікі падтрымлівалі “Марш Свабоды – 2” і выступалі супраць паўтарэньня ва Ўкраіне беларускага сцэнару. Акцыю салідарнасьці зь беларускім “Маршам Свабоды” арганізавалі тры ўкраінскія моладзевыя арганізацыі: Суполка ўкраінскай моладзі, Малады Рух, грамадзкае аб”яднаньне “Моладзь – надзея Ўкраіны”. Таксама ў арганізацыі мерапрыемтва браў удзел Народны рух. Прадстаўнікі гэтых арганізацыяў паведамілі, што гэтым разам пастанавілі не адпраўляць сваіх пасланцоў у Менск, каб не дазволіць рэжыму Лукашэнкі пасьля абвінаваціць украінскіх экстрэмістаў у арганізацыі масавых хваляваньняў. Перад амбасадай Беларусі ў Кіеве каля 50-ці актывістаў скандавалі антылукашэнкавыя лёзунгі, а таксама пратэставалі супраць намеру ўкраінскіх уладаў правесьці рэфэрэндум. Гаворыць Тарас Шамайда, галава кіеўскай арганізацыі Маладога руху: (Шамайда: ) “Мы наагул лічым, што такія захады ўкраінскіх уладаў – гэта паўтарэньне беларускага сцэнару 1996 году. Тады таксама адбыўся рэфэрэндум, пасьля якога скарацілася колькасьць дэпутаў у парлямэнце, была ўтвораная Верхняя палата. Было дазволена прэзыдэнту разганяць парлямэнт. Канстытуцыя Беларусі была прынятая на рэфэрэндуме. Ад таго часу распачалася самая жорсткая фаза беларускай дыктатуры. І гэта тыповы шлях для рэжымаў, якія хочуць усталяваць аўтарытарнае кіраваньне. Таму, падтрымоўваючы народ Беларусі, мы салідарызуемся з намаганьнямі эўрапейскіх арганізацыяў спыніць палітычную авантуру ва Ўкраіне”. (гучаць лёзунгі “Беларусь – у Эўропу!”) У небясьпечнай ад усяго гэтага аддаленасьці стаяць дзьве жанчынкі пад парасонамі і размаўляюць. У Кіеве сёньня дождж. Падыходжу і пытаюся: вы ведаеце, што тут адбываецца? (Голас: ) “Не…” А вам цікава? (Голас: ) “Не цікава. Мы прыйшлі, бо маем справы”. А вы часам не зь Беларусі? (Голас: ) “Зь Беларусі”. Вы падтрымліваеце сёньняшнюю акцыю? (Голас: ) “Нічога мы ня ведаем. Навошта гэтая акцыя?” А як там вам жывецца? (Голас: ) “Добра…” Праўда? (Голас: ) “Так…” Зараз зьвяртаюся да школьнікаў, хлопчыкаў гадоў па 12. Іхную ўвагу прывабілі плякаты і лёзунгі дэманстрантаў. Што яны ведаюць увогуле пра ўладу Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі? (Голас: ) “Многа чаго ведаем. Туды больш газу паступае. Бэнзыну, магчыма”. А чаму больш? (Голас: ) “Яны ж там з Расеяй нейкую дамову заключылі. Дакладна ня ведаю”. А ці чулі вы, што там парушаюцца правы чалавека? (Голас: ) “Не…” Чарговы ўдзельнік пікету гаворыць: (Голас: ) “Увесь сьвет ідзе адным, так бы мовіць, калідорам. А вось Лукашэнка – перашкода. Як і Сэрбія, так і Лукашэнка. Хаця ў пэўнай ступені ён сам не разумее, якую функцыю адыгрывае…” Наступная жанчына паведаміла: (Голас: ) “Вы ведаеце… Я – настаўніца. І калі я гляджу ў сьветлыя вочы дзяцей, калі яны радуюцца – я думаю, будучыня – у сьветлых вачах нашых дзяцей. І яна будзе абавязкова”. Гэты суразмоўца быў больш катэгарычны: (Голас: ) “Пакуль той Лукашэнка жыве, жыцьця ня будзе на Зямлі. Там – Лукашэнка, Югаславія, Саддам Хусэйн. Нічога добрага мы не дачакаемся. Шматпакутны, няшчасны народ - беларусы. Гэта ж другі Гітлер”. Дарэчы, над галовамі маніфэстантаў – партрэт Лукашэнкі “пад Гітлера”.
Павло Балькоўскі, Кіеў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |