RFE/RL |
Аўторак, 14 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Сёньня ўжо з упэўненасьцю можна сказаць, што “Марш Свабоды – 2” у Віцебску – адбудзецца. Свой удзел у ім на паседжаньні Каардынацыйнай рады дэмакратычных партыяў і іншых арганізацыяў пацьвердзілі ўсе прадстаўнікі…. Нягледзячы на перашкоды ўладаў, якія забаранілі заплянаванае праз увесь
горад шэсьце і перанесьлі месца збору ўдзельнікаў на традыцыйную Ратушную
плошчу, многія суполкі вырашылі сабрацца на цэнтральнай плошчы Перамогі.
Пра што і абвесьцілі ва ўлётках.
Мясцовае рэклямнае агенцтва пад націскам уладаў у апошні момант адмовілася разьвешваць па горадзе абвесткі пра “Марш Свабоды – 2”. Хаця грошы былі пералічаныя своечасова. Зьлякаўся даць бягучы радок пра акцыю і гарадзкі 6-ты тэлевізійны канал. Гэта звузіла магчымасьці арганізатараў, але яны былі падрыхтаваныя да такой хады падзеяў. Адмова ўладаў даць дазвол на правядзеньне паўнавартаснага мерапрыемства прымусіла лідэраў абласной і гарадзкой арганізацыяў Аб”яднанай грамадзянскай партыі, якія замаўлялі акцыю паралельна з суполкай БНФ “Адраджэньне”, зьвярнуцца з адкрытым лістом пратэсту да ўладаў. У лісьце падкрэсьліваецца, што ўлады, якія забараняюць апазыцыі зьвяртацца да народу праз афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, безумоўна баяцца любой магчымасьці данесьці праўду да людзей. Ськіроўваючы шэсьце па нешматлюдных вуліцах з красамоўнымі назвамі Суворава, Урыцкага да плошчы Леніна, улады спрабуюць схаваць ад месьцічаў той факт, што далёка ня ўсе ў Віцебску падтрымліваюць палітыку Аляксандра Лукашэнкі, якая зрабіла народ жабраком і празь якую губляецца незалежнасьць краіны. Аб”яднаныя дэмакраты ў такіх варунках у знак пратэсту адклікалі сваю заяву на правядзеньне шэсьця. І зараз адказнасьць за правядзеньне “Маршу Свабоды – 2” цалкам узяла на сябе гарадзкая рада БНФ “Адраджэньне” пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі і яе лідар Васіль Шалухін. Але ўдзельнічаць у акцыі прадстаўнікі АГП будуць. Апроч таго, прынятае рашэньне накіраваць у абласны цэнтар сваіх прадстаўнікоў суполкі з розных арганізацыяў з многіх раёнаў Віцебскай вобласьці. Нават з такіх аддаленых ад Віцебску рэгіёнаў як, напрыклад, Шаркаўшчынскі. Алег Жукоўскі, Віцебск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |