RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 14 Сакавіка 2000

Сёньня:



Затрыманыя на беларускай мяжы харчовыя тавары, якія транзытам ідуць праз краіну, нярэдка зьнішчаюцца толькі з-за таго, што беларускія і расейскія чыноўнікі ня могуць дамовіцца між сабою…

Днямі Астравецкім аддзелам Ашмянскае мытні на мяжы быў спынены галяндзкі аўтакараван, які перавозіў у Расею 55 тонаў мясных вырабаў.

Падставаю дзеля гэтага стаў ліст зь Міністэрства сельскае гаспадаркі й харчаваньня такога зьместу: “У сувязі з зарэгістраванымі на тэрыторыі Нідэрляндаў захворваньнямі жывёлаў і птушак увоз прадукцыі жывёлагадоўлі з гэтай краіны забаронены”. У выніку прысуд – вяртаньне ці ўтылізацыя.

Нягледзячы на тое, што падрыхтаваны ў Галяндыі вэтэрынарны сэртыфікат цалкам задавальняе расейскія вэтэрынарныя службы, пусьціць груз празь Беларусь мытня не магла. Дагэтуль паміж Дзяржаўным вэтнаглядам на мяжы і ўправаю вэтэрынарыі Міністэрства сельскае гаспадаркі й харчаваньня ня ўзгодненае пытаньне з расейскімі службамі наконт адзіных патрабаваньняў да тавараў, якія перавозяцца ў межах мытнага хаўрусу. Вярнуць груз назад – таксама нельга, бо спадарожна высьветліліся нейкія неадпаведнасьці ў таварных накладных. У выніку лёс больш як паўсотні тонаў каўбасаў ды сардэляк узяўся вырашаць суд.

Пасьля таго, як рэфрыжэрытары прастаялі месяц на мяжы, быў вынесены прысуд: груз зканфіскаваць на карысьць дзяржавы. Але – парадокс – гаспадарам пакідалася права выкупіць яго за дадатковую плату й вывезьці за межы Беларусі…

Апэляцыя галяндцаў да таго, што аніякіх лябараторных дасьледваньняў наконт наяўнасьці ў мясных вырабах атрутных рэчываў не праводзілася, ня мела выніку. Пасьля няўдалых перамоваў, згубіўшы немалыя грошы, галяндцы зьехалі дадому, а 55 тонаў каўбасных паўфабрыкатаў у абыход парожніх крамаў былі накіраваныя на Лідзкі ўтыль-завод. Фактычна, на падставе міністэрскае паперкі, але не паводле вынікаў біяхімічных аналізаў.

Неўзабаве ў аналягічнай сытуацыі апынуўся груз з Даніі. 20 тонаў мясных далікатэсаў паводле адпрацаванага сцэнару былі гатовыя да перапрацоўкі на ўгнаеньні. Але высьветлілася, што таварная намэнклятура не значыцца ў ранейшым сьпісе: небясьпечных захворваньняў жывёлы ў Даніі не зафіксавана. Затое хутка знайшліся нестыкоўкі ў дакумэнтах суправаджэньня. Гэтым разам рашэньнем суду прадукты хаця б трапілі ў гандаль… Але жадаючых падобным чынам губляць грошы на беларускай мяжы становіцца ўсё менш.

Ігар Карней, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org