RFE/RL |
Аўторак, 14 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
Лукашэнкава “Палата прадстаўнікоў” зацьвердзіла кандыдатуру прэм’ера Ярмошына. Прадстаўляючы кандыдатуру, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што зьмены эканамічнага курсу не адбудзецца, і выказаў пагрозы на адрэсу арганізатараў “Маршу Свабоды”. Паводле ягоных словаў, аніякіх новых інтэграцыйных “прарываў” сёлета не чакаецца. Кандыдатура Ярмошына была зацьверджаная амаль адзінагалосна, абмеркаваньня яе практычна не было – у спрэчках выступіў адзін Пётар Жушма. Сэнс гэтае дзеі Лукашэнка вызначыў у сваёй прамове. “Не пытайцеся ў кандыдата, якая ў яго будзе праграма. Ня стаўце перад прэм’ерам не ягоныя пытаньні”, – заявіў ён і патлумачыў, што курс вызначаюць прэзыдэнт і парлямэнт. На думку Лукашэнкі, курс абраны правільна, і мяняць яго неабходнасьці няма. “Нельга адмаўляцца ад ранейшае палітыкі й кідацца ў рэформы”, – сказаў ён. Паводле ягоных словаў, адзін з галоўных чыньнікаў эканамічнага курсу – не раздаваць уласнасьць дзеля прывідных замежных інвэстыцыяў, разьвіваць ваена-прамысловы комплекс, прадукцыя якога йдзе нарасхват ва ўсім сьвеце. Лукашэнка заявіў, што задача ўраду – не вызначаць кірунак руху, а глядзець, цішэй ці шпарчэй круціць пэдалі. Пры такім падыходзе, зразумела, што аніякага сур’ёзнага абмеркаваньня кандыдатуры кіраўніка ўраду не было. Напярэдадні паседжаньня “палаты”, яшчэ да зацьвярджэньня кандыдатуры прэм’ера Лукашэнка паказаў ступень самастойнасьці ўраду, прызначыўшы Ярмошыну новага віцэ-прэм’ера. Значную частку сваей сёньняшняй прамовы і адказаў на пытаньні сяброў “палаты” Лукашэнка прысьвяціў справам палітычным. Ён заявіў, што прадстаўнікі эўрапейскіх парлямэнцкіх арганізацыяў, якія наведалі Беларусь на пазамінулым тыдні, нібыта цалкам пагадзіліся з падыходамі беларускіх ўладаў у пытаньні дыялёгу з апазыцыяй. Сёньня Лукашэнка нагадаў сутнасьць гэтых падыходаў, назваўшы “абсурдам” ідэю перамоваў улады з апазыцыяй. Але з асаблівым імпэтам кіраўнік дзяржавы адказваў на пытаньне аб сваім стаўленьні да “Маршу Свабоды”, які адбудзецца заўтра. Лукашэнка заявіў, што яго зьдзівіла рашэньне Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту дазволіць акцыю. Але дасталося ня толькі сталічным чыноўнікам. Удзельнікаў апазыцыйных акцыяў выступоўца назваў “аторвышамі”, якія адпрацоўваюць амэрыканскія грошы й праводзяць акцыі, каб атрымаць яшчэ. Паводле зьвестак Лукашэнкі, нейкі апазыцыянэр заявіў, што на выбары апазыцыя павінна браць грошы ў бандытаў, а Амэрыка дае кірунак – зьнішчыць Беларусь. Паводле словаў Лукашэнкі, за Беларусь ужо пачаўся ціск на Расею. На ягоную думку, пачатак “Маршу” знарок прызначаны на 18 гадзінаў увечары, каб лягчэй было парушаць парадак. Прагучалі й пагрозы: “Крок управа, крок улева – шмацьцё паляціць. І хай потым АБСЭ ня бегае за мной і ня просіць”. Вяршыняй шчырасьці быў момант, калі Лукашэнка сказаў, што Шарэцкаму нібыта паабяцалі зямлю ці то ў Беласточчыне, ці то ў Віленшчыне. “Хай бы стваралі дзяржаву там пад Шарэцкага, хай бы ён там ціхенька працаваў – ужо б наладжвалі стасункі”, – казаў Лукашэнка. Падаецца, на гэты спэктакаль нават Жырыноўскі мог бы глядзець і зайздросьціць. Але за патокам пагрозаў, зьнявагаў і палітычнае буфанады былі бачныя раздражненьне й пэўная разгубленасьць. Абрынуўшыся на Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, Лукашэнка мімаходзь адзначыў, што забараняць “Марш”, сапраўды, было ня варта, каб не даваць падставы да крытыкі з боку Захаду. Вельмі паказальна прагучала тэза пра ціск з боку Захаду на Расею за яе падтрымку Беларусі. Пасьля зацьвярджэньня Ярмошына Лукашэнка ў размове з журналістамі абверг чуткі пра тое, што да выбараў расейскага прэзыдэнта адбудзецца пасяджэньне Вышейшае рады хаўрусу. Гэтыя чуткі прагучалі ў эфіры нядзельнага “Рэзанансу”. “Гэта ня трэба Пуціну”, – патлумачыў Лукашэнка. На пытаньне – ці варта чакаць сёлета новых інтэграцыйных “прарываў”? – ён адказаў, што “ўсё, што можна, ўжо прарвалі” і што “большага прарыву ў гэтым годзе ўжо ня трэба”. Інтэграцыйная чароўная палачка страчвае свае магічныя якасьці, ціск з боку Захаду ўзмацняецца. Гэтае сьцісканьне палітычнае прасторы для Лукашэнкі і ёсьць галоўнай прычынаю нэрвовае рэакцыі на заплянаваны “Марш Свабоды”. Юры Дракахруст, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |