RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 14 Сакавіка 2000

Сёньня



Разам з набліжэньнем 26-га сакавіка, даты прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі, становіцца ўсё больш відавочным, што выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Расеі Уладзімір Пуцін ня мае сур'ёзных канкурэнтаў і пераможа, магчыма, ўжо ў першым туры галасаваньня. Побач з заходнімі дзяржавамі, якія усьведамляюць, што будуць мець справу менавіта з Пуцінам, яшчэ ў большай ступені, хаця і з мяшанымі пачуцьцямі, ад энтузіязму да насьцярожанасьці, рыхтуюцца да супрацоўніцтва з Пуцінам былыя савецкія рэспублікі…

Лідэры 11-ці краінаў, якія разам з Расеяй увайшлі ў склад Судружнасьці Незалежных Дзяржаваў, не сумняюцца, што Уладзімір Пуцін будзе прэзыдэнтам Расеі і ужо хвалюцца ад магчымых зьменаў у палітыцы Крамля. У прыватнасьці, лідэры цэнтральна-азіяцкіх краінаў вітаюць сур”ёзны стыль кіраваньня Пуціна. Аптымізм наконт будучых адносінаў з Масквою выказваюць таксама лідэры каўкаскіх рэспублікаў.

Ад часу распаду Савецкага Саюзу некалькі пост-савецкіх краінаў перажылі пэрыяд нялёгкіх дачыненьняў з Масквою. Некаторыя абвінавачвалі Расею ў беспасярэднім умяшаньні ў іх унутраныя справы ў той час, калі СНД такі не ператварылася ў рэальную, жыцьцяздольную арганізацыю. Каўкаскія рэспублікі, Азэрбайджан і Грузія абвінавачвалі Расею ў тым, што адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Масква спрыяла дэстабілізацыі ў рэгіёне і правакавала крывавыя, этнічныя канфлікты.

Аднак нядаўна прэзыдэнт Азэрбайджану Гейдар Аліеў выказаў асьцярожны аптымізм што да плённага супрацоўніцтва з Пуцінам. “Гэта пазытыўная зьмена і я вельмі задаволены, ”- адрэагаваў ён на абяцаньне Пуціна ажывіць СНД і умацаваць дачыненьні паміж членамі Судружнасьці.

Больш двухсэнсоўнай і таямнічай была рэакцыя Арменіі, найбольш блізкага саюзьніка папярэдняй крамлёўскай адміністрацыі.
“ Перамога Пуціна на выбарах пажаданая, паколькі гэта палітык, які думае пра дзяржаву, ”- заявіў прэм”ер-міністар Арменіі Арам Саркісян. Між тым, Грузія бачыць асноўныя перавагі Пуціна ў ягоным рэалізьме. “ Рэалізм заўсёды лепшы за ідэалізм, паколькі ён прадказальны, ”- заявіў грузінскі экспэрт у пытаньнях замежнай палітыкі Аляксандар Рандэлі.

Рэалізм і моцная рука падабаюцца і цэнтральна-азіяцкім аўтарытарным кіраўнікам, якія спадзяюцца, што будуць мець у асобе Пуціна саюзьніка ў іхным утаймоўваньні ісламскага фундамэнталізму.

Ужо ў студзені давер Пуціну выказаў прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў, які паспадзяваўся, што можна будзе зьвярнуцца да Масквы па дапамогу ў барацьбе зь ісламскім экстрэмізмам ў цэнтральнай Азіі. Праблемы з ісламскім фундамэнталізмам маюць таксама Таджыкістан і Кыргызстан. Для іх здушэньне Пуцінам чэчэчнскага супраціву зьяўляецца азначае, што ў ягонай асобе яны будуць мець саюзьніка.

Цэнтральна-азіяцкія рэспублікі хацелі б таксама, каб Пуцін выканаў сваё абяцаньне і сапраўды ажывіў СНД. “ Мы спадзяемся, што гэтым разам расейскае кіраўніцтва, ад якога найбольш залежыць эфэкт, пяройдзе ад словаў да дзеяньня, ” - заявіў прадстаўнік Кыргызстану Аскар Айтматаў.

Чым далей на Захад, дык сыгналы пра тое, што новае крамлёўскае кіраўніцтва будзе больш аўтарытарнае, хутчэй за ўсё выклікаюць занепакоенасьць. Найбольшую насьцярожанасьць выказвае Украіна, якая некалькі гадоў вяла тэрытарыяльныя спрэчкі з Масквою і мае запазычанасьць перад ёю за пастаўкі паліва. “ Я жадаю яму посьпеху, але Масква павінна зразумець, што большы ціск на Ўкраіну прывядзе толькі да нашага далейшага разьяднаньня, ” -заявіў прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма.

“ Разам з перамогай Пуціна ў Расеі ўмацуюцца аўтарытарныя тэндэнцыі, а Масква зойме больш жорсткую пазыцыю ў пытаньні украінскай запазычанасьці за пастаўкі расейскага газу,” - лічыць палітычны аналітык зь Кіеву Міхайла Пагрэбіньскі. У выніку ён прадказвае, што Ўкраіна будзе усё далей адыходзіць ад Расеі.

Некаторыя аналітыкі выказваюць занепакоенасьць, што Расея пад кіраўніцтвам Пуціна будзе больш агрэсыўная і нацыяналістычная. Пасьля сілавой расправы над чэчэнскімі незалежнікамі, Масква будзе наагул рабіць стаўку на сілу у замежнай палітыцы. “ Расея на чале з Пуцінам будзе працягваць сваю стратэгію, накіраваную на аднаўленьне Савецкага Саюзу. Усе лідэры краінаў СНД баяцца Пуціна, але ня хочуць выказваць сваю сапраўдную думку,”- заявіў былы радца прэзыдэнта Азэрбайджану Вафа Гулізадэ.

Кастусь Бандарук, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org