RFE/RL |
Панядзелак, 13 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
15 сакавіка гандляры сталічнага “Камароўскага рынку” маюць намер правесьці папераджальны страйк. Яны абураныя плянамі ўладаў ліквідаваць паўтары тысячы працоўных месцаў. Сёньняшні выхадны дзень на “Камароўцы” прадпрымальнікі скарысталі дзеля ўдакладненьня сваіх дзеяньняў. Лідэры гандляроў – за папераджальны страйк. Шэраговыя “чаўнакі” ў пераважнай бальшыні салідарныя зь імі. Мяркуемай акцыяй 15 сакавіка яны зьбіраюцца прыцягнуць да “Камароўкі” шырокую грамадзкую ўвагу. Апошнія дні кірмаш заставаўся арэнаю жорсткага супрацьстаяньня гандляроў і гарадзкіх уладаў. Улады на свой бок прыцягнулі дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Празь іх, на думку гандляроў, вядзецца дэзінфармацыя грамадзкае думкі. Напрыклад, прадпрымальнікі лічаць, што не адпавядае сапраўднасьці афіцыйная трактоўка прычынаў ліквідацыі на кірмашы працоўных месцаў. У прыватнасьці, чыноўнікам падаецца, што зараз “Камароўка” мае дрэнны эстэтычны выгляд. Як распавядалі прадпрымальнікі, каб пераканаць у гэтым грамадзкасьць, чыноўнікі зрабілі “заказ” дзяржаўнае тэлевізіі здымаць на кірмашы сьмецьце, лужыны й “бамжоў”. Разам з тым, улады раяць ангажаваным журналістам не чапаць сацыяльных і эканамічных наступстваў мяркуемае рэканструкцыі “Камароўкі”. Паколькі гэтыя наступствы – не на карысьць чыноўнікаў. Што гэта так, сьведчаць вынікі скончанага ўчора апытаньня наведвальнікаў кірмашу. Прадпрымальнікі распаўсюдзілі інфармацыю пра пляны ўладаў пабудаваць аўтамабільную стаянку там, дзе цяпер вядзецца продаж харчовых прадуктаў. Тым, хто супраць такіх пераменаў, прапаноўвалася падпісацца. Як паведаміла сёньня адная зь лідарак прадпрымальніцкага прафэсійнага саюзу “Садружнасьць” Кацярына Навумовіч, ініцыятыва пераўзышла ўсе чаканьні. Наведвальнікі “Камароўкі” фактычна аднадушна падпісваліся ў падтрымку захаваньня гэтае тэрыторыі за прадпрымальнікамі. І гэта пры тым, што адміністрацыя “Камароўскага рынку” актыўна супрацьдзейнічала грамадзкаму апытаньню. Прадстаўнікі адміністрацыі зрывалі інфармацыйныя абвесткі й пагражалі гандлярам пазбавіць іх ліцэнзіяў, паколькі, маўляў, іхныя дзеяньні супярэчаць гандлёвым правілам. Тым ня менш, прадпрымальнікам удалося сабраць і захаваць каля трохсот падпісных лістоў. На лістах – подпісы дзясяткаў тысячаў грамадзянаў, якія займаюць бок прадпрымальнікаў. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. “Камароўскія” прадукты – сёньня самыя танныя ў краіне. За тыдзень, паводле статыстыкі, тут набываюць харчы каля паўмільёну жыхароў Менску й ваколіцаў. Кацярына Навумовіч паведаміла, што на заўтрашніх сходах прадпрымальнікаў будзе вырашана, што рабіць з сабранымі подпісамі. Ёсьць ідэя скіраваць іх на азнаямленьне Аляксандру Лукашэнку. Мяркуюць “камароўскія” гандляры скіраваць яму заўтра й ліст з падрабязным тлумачэньнем прычынаў, якія вымушаюць іх правесьці 15 сакавіка папераджальны страйк. Міхал Стэльмак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |