RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак,  13 Сакавіка 2000

Сёньня



У інтэрвію нашаму ню-ёрскаму карэспандэнту Галіне Прыгары дэпутат Дзяржаўнае Думы Расеі Барыс Беразоўскі, якога фінансавыя аналітыкі лічаць самым заможным бізнэсмэнам гэтай краіны, фактычна пацьвердзіў, што на пэўным этапе Лукашэнка разглядаўся ў Крамлі як адзін з рэальных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Расеі. Падаем анансаваны раней поўны тэкст інтэрвію.

Паводле ацэнак некаторых заходніх экспэртаў, у 97 годзе кошт актываў Барыса Беразоўскага складаў тры мільярды даляраў. У 96 годзе менавіта пазыцыя Беразоўскага адыграла істотную ролю ў пераабраньні Барыса Ельцына. Палітычныя назіральнікі адзначаюць, што і пасьля адстаўкі Ельцына Беразоўскі, у тым ліку і як уладальнік вядучых тэлеканалаў, істотным чынам уплывае на рашэньні расейскае палітычнае ды эканамічнае эліты. Безумоўна, што стаўленьне такой ўплывовай асобы да беларускіх праблемаў ўяўляе цікавасьць. І можа быць у значнай ступені паказальнай.

(Прыгара: ) “Спадар Беразоўскі, як Вы ставіцеся да размоваў пра тое, што Лукашэнка можа рэальна стаць Прэзыдэнтам Расеі?”

(Беразоўскі: ) “Неверагодна, так? Хаця… Хаця. Зусім нядаўна гэта сапраўды вельмі сур’ёзна абмяркоўвалася, і ня толькі ў Беларусі. У Расеі гэта сур’ёзна абмяркоўвалася – ці можа Лукашэнка быць прэзыдэнтам Расеі, а больш дакладна – аб’яднанай дзяржавы. І на гэта былі зусім канкрэтныя прычыны, чаму гэта сур’ёзна абмяркоўвалася. Таму што былі толькі тыя кандыдаты, у шэрагу якіх Лукашэнка ня быў горшым”.

(Прыгара: ) “Ня горшым для Расеі?”

(Беразоўскі: ) “Ня горшым для Расеі, канешне. Найперш, для Расеі. На фоне Лужкова, Прымакова, Зюганава я не лічу, што Лукашэнка – гэта горшы варыянт. Не лічу. І вось калі Вас цікавіць маё меркаваньне, я лічу, што сапраўды, як прэзыдэнт Расеі Лукашэнка – лепшы, чым, напрыклад, Лужкоў. Лукашэнка лепшы, чым Прымакоў. Лукашэнка лепшы, чым Зюганаў. Паводле адной простай прычыны: ён больш сучасны. Пры ўсім, ён – больш сучасны. Хаця шмат хто, я ведаю, у Беларусі, у Расеі кажуць: “старшыня калгасу”… Я вельмі шмат разоў сустракаўся з Лукашэнкам і магу сказаць, што Лукашэнка – сур’ёзны палітык. Так, па шмат якіх вымярэньнях я не падзяляю ягоны пункт гледжаньня. Але гэта – аб’ектыўная рэальнасьць. Ён сур’ёзны палітык і ня толькі на беларускай арэне. І на расейскай. Але! Але зноў жа, з майго пункту погляду, канешне, ён не вытрымлівае параўнаньня з сёньняшнім выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Расеі Пуціным”.

(Прыгара: ) “Нават Вы, уважаючы Лукашэнку моцным палітыкам, кажаце, што не з усімі ягонымі крокамі пагаджаецеся. Захад рэзка крытыкуе Лукашэнку за парушэньне правоў чалавека. Іншую пазыцыю займае Расея. Спадар Беразоўскі, як Вы лічаце – ці можа Расея сёньня нейкім чынам паўплываць на Лукашэнку, каб правы чалавека ў Беларусі выконваліся?

(Беразоўскі: ) “Ведаеце, Расея проста можа далучыцца да шэрагу іншых дзяржаваў. Эўрапейскіх, дэмакратычных, заходніх дзяржаваў, якія павінныя трымацца жорсткай пазыцыі ў справе правоў чалавека. І сапраўды, шмат з таго, што адбываецца ў Беларусі, мне здаецца, не адпавядае дэмакратычным крытэрыям. Разумееце, паводле абсалютна аб’ектыўных абставінаў.

Вось Вы ведаеце, мы пераканаліся, што гэтыя абсалютныя паняцьці, у тым ліку і паняцьці дэмакратыі, – яны працуюць слаба. Тое, што адбывалася ў Косаве, назваць дэмакратычнымі крокамі, дэмакратычнымі мэтадамі нельга ані ў якім разе, з майго пункту гледжаньня. Я маю на ўвазе, што існуюць асаблівасьці. І адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй маюць свае асаблівасьці. Я не лічу магчымым сёньня стварэньне саюзнай дзяржавы, я асабіста так мяркую. Але я Вам цяпер растлумачу… Пры ўсім гэтым я лічу, што і рускія, і беларусы – вельмі блізкія народы, і жыцьцё паасобку – малаверагоднае. Яно адбудзецца зноў, разам. Проста дзеля гэтага спатрэбіцца час.

Чаму сёньня немагчыма – гэта таксама абсалютна зразумела. Ёсьць два спосабы стварэньня саюзу. Адзін спосаб – калі Беларусь ўвальецца ў Расею і зробіцца часткаю Расеі. Аднак я не думаю, што такі варыянт сёньня задаволіць беларускі народ. Таму што шмат людзей, якія запярэчаць такой форме аб’яднаньня Беларусі шасьцю сваімі вобласьцямі ў складзе Расеі. І другі спосаб – калі Беларусь і Расея на роўных робяцца членамі саюзнае дзяржавы. Ну але тады натуральна зьяўляецца пытаньне ў Татарстану, у Інгушэтыі, у чачэнцаў, і ў іншых – а чаму мы не такой жа якасьці? І адказаць на гэтае пытаньне немагчыма. Нельга адказаць – “А таму, што вас – меней”. Гэта ў савецкі час можна было сказаць: вы ведаеце, вы – маленькі народ, а ёсьць вялікія народы, “сур’ёзныя”. А вось вы – “несур’ёзныя”. Таму не існуе, з майго пункту гледжаньня, не існуе сёньня такой формы, якая б дазволіла стварыць такі саюз. А тое, што акрэсьлены рух да гэтага саюзу – мне падаецца правільным”.

(Прыгара: ) “Вы ўжо адзначылі, што на пэўным этапе, да зьяўленьня Пуціна ў якасьці пераемніка Ельцына, Лукашэнка разглядаўся як патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Расеі. А чым патлумачыць, што працэс інтэграцыі Беларусі і Расеі працягваецца? Гэта што, гульня на карысьць Пуціна?”

(Беразоўскі: ) “Гэта не гульня. Гэта не гульня, а немер. Вельмі важны намер двух народаў. І справядлівы, з майго пункту гледжаньня. Вось гэтак жа, як Эўропа. Я не жадаў бы праводзіць паралель, ну але тым ня менш. Вось Эўропа дэкляравала 50 гадоў таму, што “мы будзем адзінай прасторай”. І вось тое, што Расея і Беларусь дэкляравалі, што “мы будзем адзінай дзяржавай” – гэта вельмі важна. Проста трэба вельмі дакладна разумець тыя праблемы, якія паўстаюць на гэтым шляху. Але вектар руху – акрэсьлены. Беларусь і Расея ідуць насустрач адна другой, і гэта вельмі істотна”.

(Прыгара: ) “Як Вы ацэньваеце пэрспэктывы СНД? Што зьмянілася з таго часу, як Вы пайшлі з пасады Выканаўчага Сакратара Садружнасьці?”

(Беразоўскі: ) “Вы ведаеце, можа, гэта ня вельмі і добра, але я ня вельмі ўважліва сачыў за тым, як усё гэта адбывалася далей, хаця добра разумеў праблемы, якія існуюць на шляху стварэньня рэальнай садружнасьці. Праблемаў вельмі шмат. Мне падаецца, былі зробленыя сур’ёзныя крокі ў той час, калі я быў выканаўчым сакратаром, і сёньня Яраў ідзе па тым самым шляху.

Я лічу, што гэтая садружнасьць – непазьбежная, яна адбудзецца. Але вельмі важна паводле часу вызначыцца – што можна, а чаго – нельга. Галоўнае, што я вынес, галоўны мой вопыт – тое, што стрыжнем садружнасьці зьяўляецца, безумоўна, Расея. Але да таго часу, пакуль ў Расеі ня будзе дакладнага разуменьня, чаго яна жадае ад гэтай садружнасьці, – садружнасьць не адбудзецца. І сёньня якраз Расея вельмі блізкая да таго моманту, калі яна здолее вызначыць уласныя прыярытэты ня толькі ў межах былога Саюзу, але і новай сусьветнай сыстэмы, якая ўзьнікла ў сувязі з распадам Савецкага Саюза.”

(Прыгара: ) “На Захадзе Лукашэнка разглядаецца як кіраўнік, які страціў легітымнасьць. Гэта падкрэсьліваюць і дэпутаты прлямэнтаў эўрапейскіх краінаў, сэнатары і кангрэсмэны ЗША. Спадар Беразоўскі, як дэпутат Дзярждумы Расеі, як Вы ставіцеся да праблемы легітымнасьці Лукашэнкі?”

(Беразоўскі: ) “У мяне вельмі простае стаўленьне. Я не лічу, што магчыма адмаўляць які бтам ні было выбар народа. Я не лічу, што Лукашэнка абраны нелегітымна. Разумееце, але далей ёсьць шмат агаворак. Я ня вельмі разумею ягоныя паводзіны, шчыра вам скажу, таму што я лічу, што калі б выбары ў Беларусі адбыліся, ён зноў бы быў абраны прэзыдэнтам. Таму я не разумею, навошта ўсе гэтыя хітрыкі. Яны ў мінус яму, а не ў плюс.

Вось гэткая ж і мая пазыцыя ў адносінах да Масхадава. Тое, што мне бліжэй. Масхадаў – легітымна абраны прэзыдэнт. І я ня маю іншай пазыцыі. І тое, што тычыцца Лукашэнкі…. Лукашэнка – легітымна абраны прэзыдэнт. Яго дзеяньні часта нелегітымныя, з майго пункту гледжаньня. Але зноў жа, я цяпер кажу не пра фармальны бок справы, а – пра фактычны. Фось з фактычнага пункту гледжаньня, з майго пункту гледжаньня… Я шмат разоў сустракаўся і зь ім, і са шмат якімі палітыкамі з Беларусі.. Ён сёньня – лідэр. І гэта факт. У межах, якія сёньня вызначаюць дэмакратычнасьць грамадзтва. Таму яшчэ раз кажу: калі б сёньня адбыліся выбары ў Беларусі, я лічу, паводле маёй ацэнкі, ён быў бы зноў абраны прэзыдэнтам”.

Гутарыла

Галіна Прыгара, Нью-Ёрк


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org