RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 13 Сакавіка 2000

Сёньня:



Пад эгідаю Нацыянальнага выканаўчага камітэту групаю экспэртаў распрацаваны праект пад назваю “Стратэгія для Беларусі. Канцэпцыя нацыянальнага разьвіцьця”. Праект ужо распаўсюджаны сярод беларускіх і замежных палітыкаў і навукоўцаў, ён будзе абмеркаваны на міжнароднай канфэрэнцыі, якая пройдзе на гэтым тыдні ў Менску, і ў канчатковым варыянце можа быць вынесены на разгляд Усебеларускага зьезду.

Паводле словаў навуковага каардынатара праекту Сяргея Ляўшунова, “Стратэгія для Беларусі” зьяўляецца альтэрнатываю цяперашняму курсу. Нэгатыўна ацэньваючы сёньняшні стан эканамічнага й палітычнага жыцьця Беларусі, экспэрты Нацыянальнага выканаўчага камітэту прапануюць краіне шлях радыкальных пераўтварэньняў, што ўжо апрабаваныя ў сьвеце, якія адначасова былі б адаптаваныя да сёньняшніх беларускіх рэаліяў. Распрацоўшчыкі не імкнуцца знайсьці своеасаблівы беларускі шлях, прызнаючы, што “Беларусь зможа цалкам зрэалізаваць свой патэнцыял толькі ў адзінай эўрапейскай сям’і”.

Гаворыць кіраўнік праекту, старшыня Нацыянальнага выканаўчага камітэту Мечыслаў Грыб:

“Мы хацелі б, каб гэтая наша канцэпцыя стала плятфомаю, праграмаю дзеяньня палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, і ня толькі тых людзей, якія выступаюць супраць уладаў, але ў першую чаргу нам вельмі цікава, каб гэтую праграму падтрымалі людзі, якія цяпер больш маўчаць”, – зазначыў Мечыслаў Грыб.

Сутнасьць палітычных прапановаў – вяртаньне да дэмакратычнага ладу, празрыстасьці дзяржаўнага будаўніцтва, вяршэнства закону, усталяваньне выбарнасьці мясцовых уладаў і незалежнасьці судоў – гэта тыя прынцыпы, на якіх апазыцыя сёньня гатовая аб’яднацца. Але, як прызнаюць стваральнікі гэтае канцэпцыі, пры цяперашняй уладзе іх зрэалізаваць немагчыма.

Як і многія іншыя канструктыўныя праекты апазыцыі, “Стратэгія для Беларусі” разьлічаная на пэрспэктыву. Гаворыць Мечыслаў Грыб: “Ня трэба сёньня сядзець і чакаць, калі прыйдзе час, і тады ты ўсё схопіш і пабяжыш, трэба рыхтавацца да гэтага, каб усё было падрыхтавана, зроблена: прыйдзе час – паклаў на стол, дапрацаваў і ў дзеяньне пускай…”

Стваральнікі “Стратэгіі для Беларусі” не разьлічваюць, што яна адразу будзе ўзятая на ўзбраеньне ўсімі палітычнымі партыямі й групамі, але спадзяюцца, што іхная праца абудзіць грамадзкую дыскусію ў пытаньнях балючых праблемаў нашае дзяржавы. Ужо цяпер многія палітыкі й навукоўцы пачынаюць выказваць свае заўвагі й прапановы да гэтага праекту. Гаворыць навуковы каардынатар праекту Сяргей Ляўшуноў:

“Мы ўлічвалі грамадзкія настроі і эканамічныя рэаліі, у якіх зараз існуе Беларусь, і я б не назваў гэтую праграму цалкам лібэральнай. Мы ані ў якім разе ня лічым, што гэтая канцэпцыя – гэта ўжо канчатковы адказ на ўсе пытаньні, якія ставіць жыцьцё. Менавіта мэта нашага праекту – гэта нейкую дыскусію ў грамадзтве, шырокую дыскусію ўзьняць, каб сапраўды выпрацаваць для Беларусі аптымальны шлях дзеля разьвіцьця”, – мяркуе Сяргей Ляўшуноў.

Экспэрты Нацыянальнага выканаўчага камітэту спадзяюцца, што да гэтае дыскусіі далучацца ня толькі апазыцыйныя палітыкі й незалежныя навукоўцы, але й прадстаўнікі ўраду, экспэрты з шэрагу замежных краінаў, якія ўжо атрымалі запрашэньне на навукова-практычную канфэрэнцыю “Стратэгія для Беларусі”, што намечана на 18 сакавіка.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org