RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца,  10 - Нядзеля,  12 Сакавіка 2000

Сёньня



(эфір 9 сакавіка)
На слуханьнях у Кангрэсе ЗША ў якасьці госьця быў прысутны старшыня Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк. Паводле нашай інфармацыі, на прысутнасьці Зянона Пазьняка асабліва настойвалі ініцыятары слуханьняў з амэрыканскага боку. Зянон Пазьняк з намі на сувязі.

(Карэспандэнт: ) “Зянон Станіслававіч, гэта ўжо ня першыя слуханьні, на якіх вы прысутнічалі (а першыя, зазначу для слухачоў, адбыліся ў Кангрэсе ЗША ў 1996 годзе). Калі ласка, якія вашыя ўражаньні ад цяперашніх слуханьняў?”

(Пазьняк: ) “Гэтыя слуханьні выгадна адрозьніваюцца ад тых, што былі ў 96 годзе, канкрэтнай пазыцыяй Злучаных Штатаў Амэрыкі. Тады было менш вядома пра Беларусь, была вялікая цікавасьць, было болей людзей. Але не было яшчэ яснай пазыцыі, проста людзі цікавіліся, што ж адбываецца ў Беларусі.

Тут жа пазыцыя ўжо больш ясная, і пытаньні задаваліся, і праблемы вырашаліся, як дэмакратычная Амэрыка можа дапамагчы, як вярнуць дэмакратыю ў Беларусі, і што самае важнае – было пастаўленае пытаньне аб неабходнасьці захаваньня незалежнасьці Беларусі, аб спыненьні ўсіх гэтых інтэграцыйных гульняў, якія зьяўляюцца эўфэмізмам імпэрскай палітыкі. Гэтыя высновы, што вельмі важна, гучалі ў выступах амэрыканскіх кангрэсмэнаў і дзеячоў дэмакратычнай апазыцыі”.

(Карэспандэнт: ) “Зянон Станіслававіч, якую вы бачыце практычную карысьць для сёньняшняга беларускага грамадзка-палітычнага жыцьця ад гэтых слуханьняў, што практычна можа зьмяніцца ў Беларусі ў выніку такой даволі жорсткай  пазыцыі Кангрэсу Злучаных Штатаў Амэрыкі?”

(Пазьняк: ) “Гэтыя слуханьні трэба разглядаць як працэс, палітычны працэс, у якім выяўляецца пазыцыя Злучаных Штатаў, пазыцыя заходніх палітыкаў у дачыненьні да сытуацыі ў Беларусі. І слуханьні гэтыя паказваюць, што працэс гэты разьвіваецца ў карысным для нас кірунку, бо на мой погляд, наколькі я сачу на працягу апошніх гадоў за палітыкай Злучаных Штатаў, цяпер яўна ёсьць занепакоенасьць сярод амэрыканскіх палітыкаў тым, што працэсы ў Беларусі набываюць такія пагражальныя рысы. Гаварылася, у прыватнасьці, і аб магчымасьці вяртаньня ядзернай зброі ў Беларусь, аб безадказнасьці рэжыму і аб тым, што гэта можа быць пагроза для Ўсходняй Эўропы, для іншых краінаў, якія выказалі непакой. І вось гэтыя слуханьні паказваюць, што гэты працэс набірае такія канкрэтныя формы.

Зараз шукаюць выйсьця, палітычнага і дыпляматычнага, і гэта адлюстрована на сёньняшніх слуханьнях”.

З Зянонам Пазьняком гутарыла

Алена Радкевіч


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org