RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца,  10 - Нядзеля,  12 Сакавіка 2000

Сёньня:



10 сакавіка шэраг беларускіх праваабаронцаў бралі ўдзел у відэаканфэрэнцыі з удзелам намесьніка Дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Амэрыкі ў пытаньнях правоў чалавека, дэмакратыі і працы Гаральда Коў. Размова была прысвечана вынікам учорашніх слуханьняў адносна сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, што адбыліся ў Кангрэсе ЗША.

Намесьнік Дзяржаўнага сакартара ЗША Гаральд Коў, які выступаў з дакладам адносна праблемы правоў чалавека ў Беларусі на слуханьнях у Кангрэсе, наведваў Менск у лістападзе мінулага году, і як высьветлілася, з бальшынёю сваіх беларускіх суразмоўцаў ён ужо знаёмы. У самым пачатку сэансу відэасувязі паміж Менскам і Вашынгтонам Гаральд Коў зазначыў, што, на ягоную думку, сытуацыя ў Беларусі пасьля ягонага візыту значна пагоршылася. Гаворыць Гаральд Коў:

“У Вашынгтоне застаецца глыбокая занепакоенасьць з нагоды сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Быў пэўны момант для аптымізму, калі вызвалілі спадара Чыгіра, аднак пасьля гэтага зьявілася шмат нагодаў да расчараваньняў. Мы застаемся занепакоенымі з-за працягу ўціску на незалежныя газеты, нас непакоіць абыходжаньне з арыштаванымі, абмежаваньні на працу адвакатаў. Але важнейшыя пытаньні, якія цяпер нас хвалююць, гэта нутрыпалітычны дыялёг у Беларусі й “Марш Свабоды–2”, што адбудзецца на наступным тыдні”, – сказаў Гаральд Коў.

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту падкрэсьліў, што ЗША настойваюць на сапраўдным дыялёгу ў адпаведнасьці з прынцыпамі АБСЭ, які б прывёў да рэальных вынікаў, у тым ліку – да зьменаў у Выбарчым кодэксе ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі АБСЭ.

Адносна “Маршу Свабоды–2” спадар Коў зазначыў, што Дзяржаўны дэпартамэнт рыхтуе зварот да ўраду Беларусі з заклікам выканаць свае забавязаньні ў забесьпячэньні свабоды сходаў і дэманстрацыяў.

Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяў распавялі супрацоўнікам Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША пра апошнія падзеі ў краіне, падкрэсьліўшы, што ініцыяваны Лукашэнкам дыялёг аніяк не паўплываў на паляпшэньне сытуцыі з правамі чалавека й крымінальным перасьледам палітычных дзеячоў.

Старшыня Беларускага Гэльсынскага камітэту Тацяна Процька закранула пытаньне пра стаўленьне ЗША да падпісаньня “саюзнае” дамовы паміж Расеяй і Беларусьсю, якую нельга прызнаць законнай, паколькі тэрмін паўнамоцтваў Лукашэнкі скончаны, а Нацыянальны сход нелегітымны. Гаральд Коў адказаў, што ва ўрадзе ЗША ведаюць і адпаведным чынам успрымаюць гэтыя абставіны.

Гаворыць Таццяна Процька: “Мы ўпэўніліся, што ЗША разглядаюць Беларусь як сувэрэнную краіну й ня маюць намеру адыйсьці ад гэтага разуменьня, і ўсе гэтыя “саюзныя” дамовы і іншыя памкненьні зьнішчыць незалежнасьць нашае краіны – гэта пакуль што толькі мары пэўных палітыкаў, мары, якія ня маюць магчымасьці зьдзейсьніцца, бо Злучаныя Штаты ўсё ж на сёньняшні дзень вельмі ўплывовая ў сьвеце дзяржава”, – адзначыла Тацяна Процька пасьля размовы з прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

Увогуле, беларускія праваабаронцы адчулі зацікаўленасьць і падтрымку з боку парлямэнту і ўраду Злучаных Штатаў. Гаворыць выканальнік абавязкаў старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч:

“Сам факт, што адбыліся слуханьні ў правах чалавека ў Кангрэсе – гэта вельмі важна. Можа быць, нейкім чынам гэта паўплывае на наш урад і прымусіць яго выконваць тыя міжнародныя забавязаньні, якія Беларусь узяла на сябе ў галіне правоў чалавека. Я думаю, што ў прадстаўнікоў Кангрэсу і ўраду Амэрыкі будзе складвацца адпаведная праўдзівая інфармацыя аб сытуацыі з правамі чалавека, з дыялёгам, з выбарамі, якую яны атрымаюць зь першых вуснаў”, – адзначыў Валянцін Стэфановіч, які назваў размову з прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША зьмястоўнай.

Дарэчы, на наступным тыдні зь візытам ў Менск прыбудзе адзін з вашынгтонскіх удзельнікаў гэтае размовы Ральф Вільсан, у якога заплянаваная тут вялікая праграма сустрэчаў.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org