RFE/RL |
Чацьвер, 9 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Суседзі Чачні па каўказкім рэгіёне ўсё больш занепакоеныя. Па меры таго, як расейскія войскі глыбей прасоўваюцца ўглыб горнай часткі чачэнскай тэрыторыі, Грузія і Азербайджан апасаюцца быць уцягнутымі ў канфлікт. Пра гэта сёньня піша, у прыватнасьці, газэта “Financial Times”. Азербайджану і Грузіі, выглядае, ня ўдасца застацца ў баку ад чачэнскага канфлікту, нягледзячы на ўсе іх намаганьні, піша карэспандэнт газэты “Financial Times” Давід Штэрн. Паколькі зараз баявыя дзеяньні перамясьціліся у паўднёвыя горныя раёны, пазыцыі чачэнскіх байцоў апынуліся побач з грузінскай мяжою. Гэты напрамак стаў адзіным магчымым выхадам Чачні да зьнешняга сьвету не праз расейскую тэрыторыю. Нядаўна ў сувязі з гэтым Арганізацыя Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе вырашыла павялічыць склад сваёй місіі, якая кантралюе сытуацыю ўздоўж 80-кілямэтровага адрэзку чачэна-грузінскай мяжы. Гэтая місія была арганізаваная летась у сьнежні па просьбе Грузіі, якая спадзявалася, што прысутнасьць міжнародных назіральнікаў дапаможа засьведчыць яе няўдзел у канфлікце. Газэта нагадвае, што раней Крэмль абвінаваціў за нібыта падтрымку чачэнскіх байцоў не толькі Грузію, але й Азербайджан. Так, расейскі міністар замежных справаў зрабіў спэцыяльную заяву ў сувязі з паведамленьнямі пра тое, што параненыя чачэнцы быццам лечацца ў баку. Міністар лічыць, што Азербайджан ня можа дазволіць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для падобных, як ён сказаў, антырасейскіх мэтаў. Прэзыдэнт Азербайджану Аліеў прызнаў, што некалькі параненых чачэнцаў перасяклі мяжу, аднак ён не ўдакладняе, ці гэта ўзброеныя байцы, ці мірныя грамадзяне. Па словах Аліева, не прыняць іх было б негуманным. Як адзначае далей “Financial Times”, ключавую ролю ў стабільнасьці рэгіёну заходнія дыпляматы адводзяць Грузіі. Коратка кажучы – тое, што ў Грузіі, тое і на ўсім Каўказе. Хаця зараз Грузія адносна стабільная, застаюцца нявырашанымі канфлікты ў Абхазіі і Паўночнай Асэціі. Краіна мусіць падтрымліваць стасункі як з суседнім Азербайджанам, так і з Арменіяй. Тбілісі таксама працягвае сваю тонкую дыпляматычную гульню з расейскім калосам на поўначы, – і гэта яе найбольш істотны сусед. Так, зараз Грузія спрабуе дамовіцца пра закрыцьцё чатырох расейскіх базаў, разьмешчаных у патэнцыйна небясьпечных месцах рэспублікі. Дзьве з гэтых базаў – адна каля Тбілісі, а другая ў Абхазіі – як мяркуецца, павінны быць вызваленыя да сярэдзіны 2001 году. Прысутнасьць расейскіх войскаў да таго ж падмацоўвае некаторыя падазрэньні і крыўды – у прыватнасьці, наконт таго, што расейцы былі ўмяшаныя тут ў ранейшыя этнічныя канфлікты і, верагодна, мелі дачыненьне да спробы замаху на Шэварднадзе. Паводле выказваньня адной з крыніцаў газэты ў Грузіі, тут мяркуюць, што расейскія колы плянуюць дэстабілізацыйную кампанію ў рэгіёне, (цытата) “як толькі яны скончаць з Чачнёй, баімся, што возьмуцца за Грузію і Азербайджан”. Тым ня менш, як прэзыдэнт Шэварднадзэ, так і прэзыдэнт Аліеў асьцярожныя ў выказваньнях адносна палітыкі Крамля. Абодва прэзідэнты, вярнуўшыся зь нядаўняй сустрэчы ў Маскве, вельмі станоўча выказаліся на карысьць супрацоўніцтва з Уладзімерам Пуціным. У той жа час суседнія ўрады прымаюць захады з тым, каб зьберагчы рэгіён, як піша Давід Штэрн, ад шоку расейска-чачэнскай кампаніі. Так, асноўнай мэтай візыту ў Грузію турэцкага прэзыдэнта Сулеймана Дэмірэля стала прапанова стварыць пакт Каўказкай стабільнасьці па тыпу таго, як гэта было зроблена на Балканах. Паводле аўтара прапановы, удзельнікамі пакту павінны стаць таксама Расея, Злучаныя Штаты, Іран і Эўрапейскі Зьвяз. Адзін з турэцкіх палітыкаў пракамэнтаваў гэтыя намаганьні так: “ Мы ня можам пакінуць гэты рэгіён сам па сабе, калі мы хочам міру і супрацоўніцтва. Мы спрабуем давесьці Расеі: яна можа заставацца часткай гэтага рэгіёну, але датуль, дакуль ня будзе дабівацца тут гегемоніі. Гэта больш не яе агарод,” – заканчвае “Financial Times” цытатай турэцкага палітыка. Алена Ціхановіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |