RFE/RL |
Чацьвер, 9 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Сёньня ў Кангрэсе Злучаных Штатаў Амэрыкі адбыліся слуханьні беларускага пытаньня. У іх бралі ўдзел памочнік дзяржаўнага сакратара ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалвека і працы Гаральд Коў і адмысловы дарадца дзяржсакратара ў пытаньнях новых незалежных дзяржаваў Рос Вільсан, а таксама кіраўнік рабочай групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын. Для ўдзелу ў слуханьнях зь Менску прыехалі дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі, Станіслаў Шушкевіч і Анатоль Лябедзька. Адкрываем нашую праграму простай тэлефоннай сувязьзю з Вашынгтонам. Ля тэлефона ў будынку Кангрэса – наш вашынгтонскі карэспандэнт Ірына Курапаткіна. (Радкевіч: ) “Добры вечар, Ірына”. (Курапаткіна: ) “Добры вечар, Алена. Літаральна хвіліны застаюцца да завяршэньня слуханьняў у беларускім пытаньні ў Камісіі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе Кангрэсу ЗША. Апошнім з выступоўцаў быў Адрыян Севярын, кіраўнік рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Ён пачаў свой выступ з фразы, што сытуацыя у Беларусі не адпавядае міжнародным стандартам і стандартам АБСЭ, і што беларускае кіраўніцтва не выконвае абавязальніцтвы, замацаваныя ў дамовах і пагадненьнях АБСЭ, і што з гэтага трэба сыходзіць. Такі палітычны рэжым цяпер знаходзіцца ў Беларусі пры ўладзе і з гэтага трэба сыходзіць пры вызначэньне будучыні – як будзе разьвівацца Беларусь, і якімі павінны быць адносіны міжнароднае супольнасьці да кіраўніцтва Беларусі і да сытуацыі ў Беларусі. Трэба сказаць, што асноўнымі тэмамі выступленьняў як з амэрыканскага боку, так і зь беларускага, былі пытаньні парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, зьнікненьні лідэраў апазыцыі, а таксама перамовы паміж урадам і апазыцыяй і расейска-беларускі саюз. Паводле ўсіх гэтых пазыцыяў выказваліся падобныя і, часам, даволі рэзкія меркаваньні. Што тычыцца амэрыканскага боку, у прыватнасьці, кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт у сваім звароце зазначыў, што рэжым Лукашэнкі працягвае адмаўляцца ад удзелу ў сур’ёзным дыялёгу з апазыцыяй і зацягвае гэты працэс, адмаўляецца ад выкананьня абавязальніцтваў і, па сутнасьці, дэманструе тактыку зацягваньня, і гэта нагадвае камуністычнае мінулае. У адрозьненьне ад мінулых слуханьняў, прадстаўнікі беларускай амбасады ў слуханьнях удзелу ня бралі, аднак была распаўсюджаная адмысловая заява міністэрства замежных справаў Беларусі, а таксама некалькі суправаджальных папераў, што павінны былі пацьвердзіць асноўныя тэзы заявы. Да прыкладу такія, што беларуская апазыцыя мае доступ да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку, тэлебачаньня і радыё; што Лукашэнка гатовы весьці дыялёг з рознымі палітычнымі і сацыяльнымі групамі; што Кудзінаў, Клімаў, Чыгір ды іншыя перасьледуюцца не за палітычную дзейнасьць, а за канкрэтныя злачынствы, як карупцыя і гэтак далей. Трэба адзначыць, што прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту Коў і Вільсан зьвярнулі асаблівую ўвагу на тое, што іх вельмі цяжка падмануць рыторыкай і проста словамі ды заявамі – патрэбныя вельмі канкрэтныя дзеяньні і доказы, і што Злучаныя Штаты Амэрыкі ня вераць у дыялёг дзеля дыялёгу. Яны падкрэсьлілі, што Злучаныя Штаты, а таксама міжнароднае супольніцтва чакаюць сапраўднага выкананьня ўмоваў і тых абавязальніцтваў, пра якія неаднаразова было заяўлена, і пад якімі падпісалася Беларусь. Злучаныя Штаты падтрымліваюць незалежную, сувэрэнную Рэспубліку Беларусь – удзельніцу і раўнапраўнага партнэра трансатлянтычнага супольніцтва, – заявіў Рос Вільсан. Наступным тыднем Рос Вільсан наведае Беларусь, і ён адзначыў, што будзе ў Менску, дзе сустрэнецца, па-перашае, з прадстаўнікамі апазыцыі і закліча кіраўніцтва Беларусі дазволіць мірнае правядзеньне дэманстрацыі Марш Свабоды-2; па-другое, ён выступае за аднаўленьне дыялёгу. Гэтае пытаньне будзе ўздымацца падчас ягонага візыту, і асобна будзе ўздымацца пытаньне зьнікненьняў лідэраў палітычнай апазыцыі ў Беларусі. Вільсан плянуе сустрэцца з жонкай Ганчара, а таксама са сваякамі палітзьняволеных, і, канешне, ён плянуе сустрэчу зь місіяй АБСЭ ў Беларусі. Пытаньне беларуска-расейскага саюзу будзе таксама узьнятае”. (Радкевіч: ) “Ірына, я хацела задаць пытаньне, што вось на слуханьнах у кангрэсе ЗША гаварылася пра тое, што Злучаныя Штаты даражаць незалежнай, сувэрэннай Рэспублікай Беларусь. Як расейска-беларускі саюз, стварэньне расейска-беларускай дзяржавы разглядалася менавіта ў гэтым кантэксьце?” (Курапаткіна: ) “Гэтае пытаньне ўздымалася і задаваў яго кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт. Як зазначыў Рос Вільсан у адказ, было падпісана чатыры пагадненьні – якое зь іх сапраўднае? Грамадзяне і Беларусі, і Расеі задаюць пытаньне, ці патрэбны гэты зьвяз? Наконт зьмены ў Крамлі спадар Вільсан зазначыў, што дагэтуль невядома, што Ўладзімер Пуцін думае наконт беларуска-расейскага саюзу, як, дарэчы, невядома і тое, што ён думае па цэлым шэрагу сур’ёзных і важных пытаньняў. Дагэтуль Пуцін застаецца “чорнай скрыняй” для палітычных колаў ЗША”. (Радкевіч: ) “Ірына, мяркуючы па тым, што мы чулі, выступы былі вострыя і крытычныя. Ці выступаў хто-небудзь на сёньняшніх слуханьнях у падтрымку афіцыйнага Менску альбо са спробай, прынамсі, неяк яе апраўдаць?” (Курапаткіна: ) “Такіх выступаў не было. Ніякай падтрымкі лукашэнкаўскаму рэжыму з вуснаў прысутных не прагучала. Прынамсі, я яе ня чула. У часе слуханьняў выступілі Старшыня Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямён Шарэцкі, а таксама Станіслаў Шушкевіч і Анатоль Лябедзька. Яны прадстаўлялі беларускія дэмакратычныя сілы. Асноўнымі тэмамі іх выступаў былі незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі, беларуская мова, а таксама дэмакратычны працэс – пытаньне дэмакратыі ў Беларусі: якім чынам гэта магчыма і якім чынам міжнароднае супольніцтва можа дапамагчы таму, каб гэта адбылося бліжэйшым часам”. З нашым карэспандэнтам у Вашынгтоне Ірынай Курапаткінай гутарыла Алена Радкевіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |