RFE/RL |
Чацьвер, 9 Сакавіка 2000 |
Сёньня: |
У гэтым годзе Беларусь адчыніць сваю амбасаду ў Багдадзе, зь Беларусі ў Ірак будуць імпартаваныя 150 аўтацягнікоў МАЗ і 10 тысячаў шынаў бабруйскае вытворчасьці. Гэтыя дамоўленасьці сталі вынікам візыту ў Багдад віцэ-прэм’ера беларускага ўраду Ўладзімера Замяталіна. Сустрэча зь ірацкім дыктатарам Садамам Хусэйнам не была для спадара Замяталіна нечым надзвычайным ці новым. Упершыню яны спатыкаліся ў Багдадзе ўсяго праз год пасьля абраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам. Замяталін, у той час – намесьнік кіраўніка адміністрацыі беларускага прэзыдэнта, перадаў тады Хусэйну пісьмовае пасланьне Лукашэнкі, у якім прапаноўвалася ўзнавіць сяброўскія і ўзаемавыгодныя адносіны, а ірацкі дыктатар заклікаў Беларусь садзейнічаць скасаваньню міжнародных санкцыяў супраць ягонае краіны. У 1995 годзе беларускія ўлады рабілі ўсё, каб захаваць тайну сваіх ірацкіх сустрэчаў. Але ж пазьбегнуць вялікага скандалу яны ня здолелі, паколькі паведамленьні ірацкага друку дайшлі да Менску. Мабыць таму, на гэты раз некаторыя вынікі паездкі ў Багдад былі пададзеныя праз Міністэрства замежных справаў Беларусі. Галоўныя зь іх – адкрыцьцё ў бягучым годзе амбасды Беларусі ў Іраку й падпісаньне кантрактаў аб пастаўцы 150 аўтацягнікоў МАЗ і 10 тысячаў аўтамабільных шынаў бабруйскае вытворчасьці. Цікава, што паводлее беларускіх мерак амбасада ў Багдадзе будзе не такой ужо й малой – колькасьць супрацоўнiкаў дыпляматычнага прадстаўнiцтва ў гэтай краiне, як было заяўлена, складзе ня менш шасьцi чалавек. І гэта без улiку пэрсаналу па ахове i абслугоўваньнi амбасады. Для параўнаньня, у беларускай амбасадзе ў Швэцыі толькі чатыры дыпляматы, у Латвіі і таго менш – тры. Можна меркаваць, што Беларусь гатовая падтрымаць ініцыятывы, накіраваныя на скасаваньне ці зьмякчэньне рэжыму міжнародных санкцыяў і дачыненьні да Іраку. Гэтай мэце падпарадкаванае і гандлёвае супрацоўніцтва. І калі пастаўкі аўтацягнікоў і шынаў знаходзяцца, паводле запэўніваньняў беларускага боку, у межах праграмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў “Нафта ў абмен на харчаваньне й мэдыкамэнты”, дык падпiсаны ў Багдадзе пратакол, якi адлюстроўвае асноўныя кiрункi гандлёва-эканамiчнага супрацоўнiцтва памiж Беларусьсю i Iракам, падобна, выходзіць далёка за межы ААНаўскае праграмы. Нагадаем, Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў увяла супраць Іраку пасьля ягонага ўвараваньня ў Кувэйт санкцыі, якія забараняюць гандляваць з гэтай краінаю. (Праўда, зыходзячы з гуманных мэтаў, ААН пасьля дазволіла праводзіць адмысловую акцыю пад назовам “Нафта ў абмен на харчы й мэдыкамэнты”. Сутнасьць яе ў тым, што Багдаду дазваляюць прадаваць пэўную колькасьць нафты, але толькі ў абмен на харчы й лекі). Iрак перадаў на разгляд Беларусi заяўку аб сваiх патрэбах у арматурнай сталi для будаўнiчых работ, драўнiне, сантэхнiчным абсталяваньнi, акумулятарных батарэях. Была зазначана неабходнасьць удзелу ў выставах, праводзiмых у абедзьвюх краiнах. Абмяркоўваецца магчымасьць накiраваньня iрацкiх спэцыялiстаў у Беларусь у асьпiрантуры й на кароткатэрмiновыя курсы падвышэньня квалiфiкацыi, пэрспэктывы супрацоўнiцтва памiж навучальнымi ўстановамi, творчымi калектывамi й спартовымі арганiзацыямi Iрака й Беларусi. Але такое шчыльнае супрацоўніцтва афіцыйнага Менску з выгнаньнікам усясьветнае супольнасьці наўрад ці падвысіць міжнародны аўтарытэт Беларусі. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |