RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер,  9 Сакавіка 2000

Сёньня



З 6 па 8 сакавіка працягваўся візыт ў Швэцыю групы беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. Вынікам гэтае паездкі павінна стаць стварэньне міжпарлямэнцкае групы “Беларусь–Швэцыя”, а таксама актывізацыя стасункаў паміж недзяржаўнымі арганізацыямі дзьвюх краінаў.

Група беларускіх палітычных і грамадзкіх лідэраў наведала Швэцыю на запрашэньне МЗС і парлямэнту гэтае краіны, а таксама грамадзкай арганізацыі “Швэдзкі інстытут”.

Склад беларускае дэлегацыі даволі шырока прадстаўляў вялікі спэктар палітычных і грамадзкіх арганізацыяў. Гэта – старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка, каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў, віцэ-прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафэсійных саюзаў Віктар Івашкевіч, прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, намесьнік старшыні Беларускае Сацыял-дэмакратычнае партыі “Народная Грамада” Аляксей Кароль, намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Анатоль Лябедзька й сябра прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, старшыня Асацыяцыі “Гарадзенская ініцыятыва” Сямён Домаш.

Ровень сустрэчаў быў вельмі высокім для апазыцыйнае дэлегацыі. Найперш, варта адзначыць спатканьне зь міністрам замежных справаў Аннай Лінг, па выніках якога спадарыня міністар дала прэсавую канфэрэнцыю. Беларуская дэлегацыя была прынятая віцэ-сьпікерам парлямэнту Швэцыі Андрусам Б’ёркам, адбылася таксама сустрэча ў парямэнцкім камітэце замежных справаў.

Пра тое, якія канкрэтныя дамоўленасьці былі дасягнутыя пад час візыту, нам распавёў сябра прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, старшыня Асацыяцыі “Гарадзенская ініцыятыва” Сямён Домаш…

(Домаш: ) “Кіраўніцтва парлямэнту, а таксама Пастаянны Камітэт па замежных сувязях парлямэнту і асобныя парлямэнтары, якія з намі сустракаліся, выказалі згоду з намі і запэўнілі, што яны зробяць усё магчымае; што будзе створаная міжпалямэнцкая група парлямэнтаў Швэцыі і Вярхоўнага Савету Беларусі ў справе ўзаемнага супрацоўніцтва.

Другое. Было запэўніваньне ў тым, што парлямэнт будзе рабіць ўсё магчымае, калі будзе прымацца бюджэт, каб сродкі, што выдаткоўваюцца на падтрымку грамадзкіх арганізацыяў і фондаў, якія падтрымліваюць замежныя грамадзкія арганізацыі, асабліва тыя, што спрыяюць разьвіцьцю дэмакратыі ў суседніх краінах, будуць павялічаныя для Беларусі, канкрэтна для дапамогі беларускім недзяржаўным арганізацыям.

І трэйцяе, на наш погляд, самае важкае. Па нашай ініцыятыве была ўспрынятая прапанова, каб афіцыйныя ўлады Швэцыі зрабілі ўсё магчымае для адкрыцьця швэдзкай амбасады ў Менску. Мы лічым, што гэта будзе спрыяць правядзеньню дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі і падтрымцы дэмакратычных сілаў. Гэта прапанова была прынятая станоўча, і былі запэўніваньні аб тым, што яны зробяць усё магчымае і будуць уносіць гэтыя прапановы ў адпаведныя ворганы, каб гэта адбылося”.

Паводле словаў удзельнікаў беларускае дэлегацыі, дэпутаты швэдзкага парлямэнту цалкам падтрымалі пазыцыю дэмакратычных сілаў Беларусі наконт неабходнасьці правядзеньня рэальных перамоваў паміж уладаю і апазыцыяй. Швэды таксама запэўнілі, што прызнаюць толькі тыя парлямэнцкія выбары, якія пройдуць у адпаведнасьці з дэмакратычнымі стандартамі паводле ўзгодненага з апазыцыяй выбарчага заканадаўства.

Сябры беларускае дэлегацыі сустрэліся таксама з прадстаўнікамі швэдзкіх недзяржаўных структураў, напрыклад, “Швэдзкага інстытуту”, які займаецца распрацоўкаю дзяржаўных праграмаў сувязі зь дзяржаўнымі й недзяржаўнымі арганізацыямі іншых краінаў. У цэнтры імя Улафа Пальме прайшоў сэмінар з журналістамі й прадстаўнікамі грамадзянскае супольнасьці, пад час якога швэдзкія ўдзельнікі знаёміліся з сытуацыяй у Беларусі.

Ужо цяпер можна сказаць, што ў выніку гэтага візыту будуць падтрыманыя некалькі рэальных праектаў разьвіцьця беларускіх незалежных СМІ.

Віталь Цыганкоў, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org