RFE/RL |
Серада, 8 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Як ужо паведамлялася, дзясяткі людзей пацярпелі ўчора ў выніку сэрыі моцных выбухаў у Косаўскай Мітравіцы. 17 французкіх міратворцаў былі параненыя аскабалкамі гранатаў, тры жаўнеры шпіталізаваныя. Пацярпелі таксама 20 мяйсцовых сэрбаў і пяць косаўскіх албанцаў. Міжнародны друк піша сёньня ня толькі пра падрабязнасьці новых міжэтнічных сутыкненьняў у Косаве, але й задаецца пытаньнем пра будучыню гэтага краю. Сёньняшняя “New York Times” піша, што прыблізна 800 албанцаў жывуць побач з сэрбамі ў паўночнай частцы Мітравіцы, у квартале, які называецца басьнійскім. Больш як месяц таму, калі ў горадзе пачаліся міжэтнічныя хваляваньні, у выніку якіх загінулі 8 албанцаў, некалькі сотняў жыхароў перасяліліся адсюль на тэрыторыю албанскай абшчыны на другім беразе ракі. Міратворцы ўгаварылі тады каля сарака чалавек вярнуцца ў свае дамы на сэрбскай тэрыторыі. 13 лютага ў басьнійскім квартале былі параненыя два французкія жаўнеры і некалькі сэрбаў; адзін албанец быў забіты. У выніку ўчорашняй успышкі гвалту 50 албанцаў уцяклі з паўночнай частку гораду за раку. У Мітравіцы, якую патрулююць 1000 міратворцаў, абвешчаная камэнданцкая гадзіна. Французкія вайскоўцы арыштавалі ўчора чатырох асобаў, падазраваных у сувязі з выбухамі. Міжэтнічныя сутыкненьні распачалася ўчора пасярод дня на мяжы албанскай і сэрбскай частак Мітравіцы. Масавая сутычка пачалася з бойкі паміж албанцам і сэрбам, калі яшчэ адзін албанец выцягнуў пісталет і стрэліў у сэрба. Разьюшаны натоўп сэрбаў спынілі французкія міратоворцы, і ў гэты момант
з боку албанцаў у натоўп нечакана паляцелі гранаты.
Албанцы скардяцца на французкіх міратворцаў, якія адказваюць за паўночны
сэктара Косава, куды ўваходзіць і Мітравіца. Яны абвінавачваюць французаў
у тым, быццам бы яны прыкрываюць дзеяньні сэрбаў. Найбольш радыкальныя
албанцы сьцьвярджаюць нават, што ў апошнім выпадку французы апунуліся на
баку сэрбаў.
Хаця пераважная колькасьць косаўскіх албанцаў жадаюць поўнай незалежнасьці
ад Югаславіі, ААН і НАТО трымаюцца меркаваньня, што Косава павінна застацца
шматнацыянальнай самакіруемай часткай Сэрбіі. Паўночна-Атлянтычная Рада
вырашыла не ствараць прэцэдэнт, які б даў падставу для сэпаратызму ў Эўропе.
Брытанская “Guardian” тым часам паведамляе, што два царкоўныя герархі, біскуп Арцемі і айцец Сава, якія прадстаўляюць косаўскіх сэрбаў у перамовах з ААН, пагадзіліся, нягледзячы на незадаволенасьць югаслаўскага прэзыдэнта Мілошавіча, больш актыўна супрацоўнічаць з адміністрацыяй ААН. Аднак, пакуль што абодва яны яшчэ не гатовыя працаваць у створанай адміністрацыяй радзе. Як заявіў айцец Сава, “мы можам успрымаць сябраў адміністрацыйнае рады як назіральнікаў і час ад часу супрацоўнічаць зь ёй, але не афіцыйна”. Віталь Тарас
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |