RFE/RL |
Серада, 8 Сакавіка 2000 |
Сёньня |
Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімер Пуцін з нагоды 8 Сакавіка накіраваў сёньня падарункі ў Чачню ў выглядзе касмэтычных набораў для жанчын, якія служаць у расейскіх войсках. Між тым, расейскія ды міжнародныя агенцтвы паведамляюць пра новыя напады чачэнцаў на блёк-пасты й вайсковыя часьці ў Грозным. Агенцтва Associated Press зьвятрае ўвагу на той факт, што сутычкі адбываюцца на тэрыторыі, доўгі час кантраляванай расейскімі войскамі. Баі працягваюцца ў Грозным, які быў захоплены ў мінулым месяцы, і які перад гэтым быў цалкам зруйнаваны, а таксама ў гарах на поўдні Чачні. Лёнданская “Financial Times” друкуе сёньня паведамленьне свайго карэспандэнта ў Маскве Джона Торнгвіла. Паводле цьверджаньняў расейскага вайсковага кіраўніцтва, чачэнскія байцы панесьлі цяжкія страты пры спробе вырвацца з блякады ў Чачні з дапамогай партызанскіх мэтадаў. Аднак міністар абароны Расеі маршал Сяргееў прызнаў таксама наяўнасць цяжкіх стратаў і з расейкага боку. У прыватнасьці, згадваецца гібель 31 дэсантніка на мінулым тыдні. Масква заяўляе аб хуткім заканчэньні чачэнскай кампаніі – прынамсі,
яшчэ да надыходу вясны. Цяпер увага расейскіх палітыкаў зноў вярнулася
да пытаньня – што рабіць зь непакорлівай рэспублікай.
Тым часам, Рада Эўропы паведаміла, што пазьней у сакавіку на Парлямэнцкай Асамблеі будуць разгледжаныя факты парушэньня правоў чалавека, здабытыя у мінулы ўікэнд адпаведнай місіяй на Паўночным Каўказе. Як вядома, сьледчы расейскага МУС, які вядзе справу журналіста Андрэя Бабіцкага, ня даў яму давзолу паехаць на сэсію эўрапейскага парляманту ў Страсбург. Учора Андрэй Бабіцкі заявіў, што ён мае намер сустрэцца з дэлегацыяй Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы і паказаць ёй відэазапісы, зробленыя ім самім у Грозным. Бабіцкі таксама заявіў аб намеры падаць у суд на намесьніка міністра ўнтраных справаў Голубева, які ўзяў на сябе адказнасьць за так званы абмен журналіста на расейскіх вайскоўцаў. Віталь Тарас
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |